«Мэта — схуднець, мы нават не казалі пра палітыку». Што з віцяблянкамі, затрыманымі на прагулцы ў лесе

Суды ў Віцебску 14 студзеня пачалі разглядаць справы шасці жанчын, затрыманых 13 студзеня ў прыгарадным лесе падчас заняткаў скандынаўскай хадой. Чатыры з іх больш за суткі знаходзіліся пад вартай і правялі ноч у ІЧУ. Адна пенсіянерка, Тамара Ільіна, шпіталізавана — у яе праблемы з сэрцам. Яшчэ адну, Таццяну Севярынец, адпусцілі на волю ўвечары 13 студзеня.

Затрыманыя жанчыны

Затрыманыя жанчыны

Нагадаем, раніцай 13 студзеня ў прыгарадным лесе сабралася кампанія жанчын: Таццяна Севярынец, Людміла Камінская, Людміла Валаткевмч, Алена Каснова, Тамара Ільіна і Раіса Кухто. Таццяна Севярынец хацела правесці для іх майстар-клас па скандынаўскай хадзьбе. Аднак іх затрымалі 12 супрацоўнікаў міліцыі.
Жанчын даставілі ў Першамайскі РАУС. На ўсіх склалі пратаколы па артыкуле 23.34 КаАП і абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце «з бел-чырвона-белым палотнішчам».
Таццяну Севярынец хацелі судзіць ўвечары 13 студзеня, але працэс перанеслі на 19 студзеня, яе адпусцілі дадому.
Пенсіянерку Тамару Ільіну з РАУС на хуткай адвезлі ў бальніцу. Як распавялі TUT.BY яе сябры, жанчына ляжыць у кардыялогіі.
Астатніх жанчын даставілі ў ІЧУ — да судоў 14 студзеня. За працэсамі сачыў карэспандэнт «Віцебскай вясны».
Суд Першамайскага раёна Віцебска разгледзеў справу Алены Касновай па скайпе. Жанчына не пагадзілася з пратаколам і паведаміла, што прыехала ў лес займацца спортам:
— Мы нават не казалі пра палітыку. У мяне была адзіная мэта: схуднець. У руках я не трымала ніякіх палотнішчаў, і ніякага пікетавання не было.
Суддзя Вераніка Барысава аб'яднала справы Касновай і Севярынец у адно. Працэс адбудзецца 19 студзеня. Каля 12.30 Алену Каснову адпусцілі з ізалятара.
Аналагічнае рашэнне, але ўжо ў другой палове дня, у дачыненні да Людмілы Камінскай, Людмілы Валаткевіч, Раісы Кухто вынес і суд Кастрычніцкага раёна Віцебска. Суддзя Уладзімір Царыкаў пастанавіў разгледзець тры справы ў адносінах да жанчын у адным судовым пасяджэнні. Яно пройдзе 20 студзеня. Каля 15.00 затрыманых адпусцілі з ІЧУ.
Варта адзначыць, што чатыры жанчыны, якія знаходзіліся ў ІЧУ, амаль суткі да судоў нічога не елі: сілавікі адмовіліся прымаць перадачы, паведамілі праваабаронцы.
tut.by