Затрыманы ўчора Зміцер Дашкевіч змешчаны ў ІЧУ Мінскага раёна
Яго схапілі падчас акцыі ў Курапатах.

Учора каля 17:20 на месцы Курапацкай вахты быў схоплены вядомы актывіст Зміцер Дашкевіч. Разам з ім затрымалі яшчэ аднаго чалавека.
Незадоўга да затрымання Зміцер выклаў фотаздымак з Курапацкай вахты і напісаў: «Беларусь выстаяла ў савецкіх канцлагерах, перамагла нацыскія канцлагеры, то адолеем мы і канцлагеры лукашэнак-карпянковых. Жыве Беларусь!»
Ад ўчорашняга вечара не было інфармацыі, куды павезлі затрыманага Дашкевіча сілавікі. І толькі зараз выявілася, што Зміцер змешчаны ў ізалятар часовага утрымання Мінскага раёна.
Пра гэта ў фэйсбуку распавяла жонка былога лідара «Маладога Фронта» Наста Дашкевіч: «Знайшоўся ў ІЧУ на Скарыны. Хоць учора казалі, што няма. Але Зміцер ён як каронавірус: тут ён — ёсць, а тут — няма. У турмах — ёсць, а ў краіне — не».