Адну затрыманую на прагулцы ў лесе ў Віцебску пенсіянерку адпусцілі з РУУС, астатнія пяць — у ізалятары

Таццяну Севярынец — адну з пенсіянерак, затрыманых у лесе пад Віцебскам падчас прагулкі са скандынаўскімі палкамі, ўвечары 13 студзеня адвезлі з міліцыі ў суд — з пратаколам за несанкцыянаваны пікет. Але працэс не адбыўся, бо працоўны дзень скончыўся. Севярынец адпусцілі дадому. Астатнія пяць затрыманых жанчын знаходзяцца ў ізалятары.

Таццяна Севярынец

Таццяна Севярынец

Раніцай 13 студзеня ў Шпілеўскім лесе недалёка ад Віцебска сабраліся шэсць жанчын - Таццяна Севярынец, Алена Каснова, Людміла Камінская, Людміла Валаткевіч, Тамара Ільіна, Раіса Кухто.
— Мы ўжо людзі ў гадах, нам трэба клапаціцца пра здароўе, і я хацела правесці для сваіх сябровак майстар-клас па хадзе са скандынаўскімі палкамі, так як даўно займаюся гэтым відам фізічнай актыўнасці, - распавяла TUT.BY Таццяна Севярынец. — Мы стаялі на лясной дарожцы і рабілі гімнастыку — перад трэніроўкай. Раптам пад'ехала машына з танаваным шклом, а неўзабаве з розных бакоў, як з паветра, з'явіліся людзі ў чорным. Я налічыла 12 чалавек. Гэтая «чорная зграя» нас акружыла, ніхто з іх не прадставіўся, пасведчанняў не паказаў. Паведамілі толькі, што яны «з Першамайскага РАУС».
Затым шэсць жанчын адвезлі ў гэты райаддзел міліцыі.
— Там нас пратрымалі цэлы дзень - з 10 гадзін раніцы і да шасці гадзін вечара. Ваду нам піць давалі, але цэлы дзень мы нічога не елі, — кажа Таццяна Севярынец. — Па адной нас выклікалі на апытанне, праверылі змесціва сумак, заплечнікаў. У мяне з сабой былі два бел-чырвона-белыя сцягі: пасля нашай прагулкі ў лесе я збіралася перадаць іх на захоўванне іншаму чалавеку, таму што цяпер такі час, што дома іх пакідаць небяспечна.
У пратаколе, складзеным на Таццяну Севярынец па артыкуле 23.34 КаАП, па яе словах, было напісана, што яна «правяла ў грамадскім месцы — у лесе — пікет, махала бел-чырвона-белым сцягам».
— Аднак сцягі знаходзіліся ў мяне ў заплечніку, я імі не махала. Мы з сяброўкамі рабілі гімнастыку, — сцвярджае Севярынец.
У шэсць гадзін вечара Таццяну Севярынец адвезлі ў суд. Але паседжанне не адбылося, бо працоўны дзень скончыўся. Жанчыну адпусцілі дадому. Працэс пройдзе 19 студзеня.
На астатніх жанчын таксама склалі пратаколы па артыкуле 23.34 КаАП. Усе пяць знаходзяцца ў ізалятары — да суду, які, як мяркуецца, пройдзе 14 студзеня, паведамляе «Віцебская вясна».
tut.by