Rzeczpospolita: Беларускі рэжым б’е па сем’ях апазіцыянераў
Сям’я Шарэнда з Брэста добра вядомая ў дэмакратычным руху Беларусі. Андрэй і Паліна гадамі падтрымлівалі апазіцыйны рух у горадзе і часта знаходзіліся на перадавой пратэстаў, якія працягваюцца ў Беларусі са жніўня, піша вядучае польскае выданне Rzeczpospolita.
Паліна — уладальніца «карты паляка» — выкладае польскую мову ў Брэсце. Андрэй падзарабляе ў Польшчы, быў адміністратарам у адным з гатэляў.
Андрэя Шарэнду арыштавалі ў канцы мінулага года. Пакуль ён знаходзіўся за кратамі, сілавікі выламалі дзверы ў яго кватэры, надзелі кайданкі яго жонцы на вачах чатырохгадовага сына, а таксама знялі з балкона бел-чырвона-белы сцяг. Сацыяльныя работнікі таксама прыходзілі ў дом, але, на шчасце, іх апярэдзілі бабуля і дзядуля.
— Забралі маленькага Стасіка. Ён знаходзіцца разам з 11-гадовым братам, які не бачыў арышту яго маці.
«Баюся за дзяцей»
Андрэй быў вызвалены 4 студзеня, але праз два дні быў вынесены новы прысуд. Яго прысудзілі да яшчэ 15 дзён турэмнага зняволення за ўдзел у «незаконным пратэсце». Ён пайшоў у суд, забраў дзяцей у сваякоў і змагаецца за сваю арыштаваную жонку, якой пагражаюць некалькі гадоў у турме за «супраціў» супрацоўніку міліцыі.
— У Беларусі няма незалежных суддзяў, я ім не давяраю. Зараз гэта толькі пытанне часу, калі мяне затрымаюць. Гэта помста за нашу дзейнасць, сілавікам было загадана нас уціхамірыць — кажа Андрэй Шарэнда. — Яны, верагодна, хацелі забраць дзяцей падчас ператрусу. Я турбуюся пра іх, таму што калі я траплю за краты, бабуля і дзядуля, пажылыя людзі, магчыма, не змогуць справіцца з ціскам з боку органаў апекі, — дадае ён.
Паліну ўжо выклікалі на пасяджэнне Брэсцкай камісіі па справах непаўналетніх, на якім абмяркоўвалі будучыню дзяцей. Затым дзясяткі жыхароў горада прыйшлі падтрымаць жанчыну. Берасцейцы нават спрабавалі ўвайсці ў будынак, каб абараніць сям’ю.
— Мы не адзіная сям’я, на якую нацэліўся рэжым — падкрэслівае Шарэнда.
Пакаранне для бацькоў
У Беларусі нават шматдзетныя маці знаходзяцца ў турмах па палітычных матывах. Адна з іх — 44-гадовая Алена Маўшук з Пінска. Яна была арыштаваная ў ноч на 10 жніўня, на наступны дзень пасля фальсіфікацыі выбараў у Беларусі, калі ў многіх гарадах успыхнулі пратэсты.
Толькі праз некалькі дзён блізкія даведаліся, што збітая, голая і босая жанчына была кінута ў камеру. Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках, за што ёй пагражае да некалькіх гадоў турмы.
Яна маці трох дачок, у тым ліку — двух непаўналетніх. У верасні ўлады забралі ў мужа дзесяцігадовую Ангеліну (яна была ад першага шлюбу) і адправілі ў дзіцячы дом. Самая малодшая — пяцігадовая Карына-сёння са сваім бацькам чакае вяртання маці і сястры.
— Нам часта паступаюць паведамленні, што органы апекі і папячыцельства пагражаюць сем’ям забраць дзяцей. Вядома, справа не ў тым, што дзеці жывуць у дрэнных умовах, а ў палітычных рэпрэсіях. Дзяцей караюць за пратэстоўцаў бацькоў, але ёсць таксама сітуацыі, калі непаўналетнія пратэстуюць, а затым органы апекі прыходзяць да бацькоў і маці. Яны абвінавачваюць іх у «няправільным» выхаванні сваіх дзяцей — кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
Абараніла тэлебачанне
— Усё пачалося з нашай гісторыі, да гэтага ўлада не цікавілася дзецьмі палітвязняў. У нейкі момант ім прыйшла ў галаву думка, што можна шантажаваць дзецьмі — распавядае вядомая беларуская журналістка Ірына Халіп. Яна была затрыманая разам з мужам Андрэем Саннікавым у ноч з 19 на 20 снежня 2010 года, адразу пасля закрыцця выбарчых участкаў.
Андрэй Саннікаў быў адным з вядучых кандыдатаў у прэзідэнты ад дэмакратычнай апазіцыі. Рэжым сфальсіфікаваў выбары, а ў Мінску прайшоў вялікі пратэст, які ўлады жорстка задушылі. Пасля таго, як Андрэй Саннікаў і Ірына Халіп былі арыштаваныя супрацоўнікамі КДБ, улады паспрабавалі забраць іх трохгадовага сына Даніка.
— У дзіцячы сад ужо прыехалі выхавальнікі ў суправаджэнні міліцыянтаў, мая мама пайшла туды, але ўсё было зроблена, каб перашкодзіць ёй дабрацца да дзіцяці. На шчасце, у гэты ж час прыбылі рэпарцёры расійскага тэлеканалу НТВ. Калі міліцыя і сілавікі ўбачылі камеру, яны раптам перадумалі. Бабулі дазволілі забраць ўнука, — успамінае Ірына Халіп.
Ірына правяла больш за месяц у СІЗА КДБ, а яе муж правёў у зняволенні больш чым паўтара года. Калі Андрэя Саннікава вызвалілі, ён быў вымушаны з’ехаць за мяжу. Цяпер ён жыве ў Варшаве.
— Нам паведамілі, што на мужа плануецца напад. Я засталася з сынам у Мінску. З тых часоў мы сустракаемся з маім мужам на вакацыях нашага сына. Мне пастаянна пагражаюць, але я ўжо дваццаць гадоў удзельнічаю ў руху супраціву, я нічога не баюся, — дадае Ірына Халіп.
Паводле «Хартыя’97», пераклад НЧ