Яўгену Васьковічу забаронена перадаваць кнігі

«Тры кнігі для вывучэння ангельскай мовы, якія прасіў перадаць палітвязень — 2 дапаможнікі для самастойнага вывучэння, а таксама адаптаваны раманДжорджа Оруэла «1984» — прыйшлі назад з пазнакай "недазволеныя ўкладанні”», — аб гэтым паведаміла маці Яўгена Рушанія Іванаўна.



jaugen_vaskovich.jpg

За апошніх некалькі месяцаў родныя і сябры Яўгена Васьковіча некалькі разоў спрабавалі рознымі шляхамі перадаць яму кнігі. Але ўсё марна. Яўген Васьковіч цікавіцца гісторыяй Беларусі, гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага, журналістыкай, палітычнымі навукамі, а таксама хацеў бы працягваць вывучаць ангельскую мову, якую пачаў вывучаць у школе. Але, на жаль, патрэбныя яму кнігі ў турму не прапускаюць.
У Нарвегіі Андэрс Брэйвік, які забіў 77 чалавек, паступіў ва ўніверсітэт і патрабуе права гуляць на новай прыстаўцы Playstation 3. А беларускі палітычны зняволены Яўген, нікога не забіваўшы, пазбаўлены магчымасці атрымаць нават дапаможнік па ангельскай мове.
«7 год пазбаўлення волі ён атрымаў за няўдалую спробу нанесці пашкоджанні будынку КДБ. 7 год далі за сімвалічную акцыю, каб прадэманстраваць беларусам вынікі магчымых пратэстаў, а «людзей у пагонах» упэўніць, што яны абароненыя, колькі б не ўтрымлівалі нелегітымную ўладу. Цікава, як адчуваюць сябе супрацоўнікі бабруйскага КДБ, якія ходзяць кожны дзень на працу ў той самы будынак, ведаючы, што за пашкоджанні на суму 356 150 рублеў, хлопцы селі на 7 год? Тое, што Яўген пазбаўлены магчымасці чытаць, займацца самаадукацыяй, невыпадкова. Мэта беларускіх ўладаў у дачыненні да палітзняволеных адназначная — не выправіць і выхаваць (улады ведаюць, што няма чаго выпраўляць), а псіхалагічна зламаць, зняважыць, зрабіць з актыўнага грамадзяніна-патрыёта бязвольную, дэградаваную істоту, няздольную супрацьстаяць злачыннай уладзе. Практыка, дзякуй Богу, паказвае,  што тактыка ўладаў правальная. Беларускія палітвязні, прайшоўшы праз выпрабаванні кратаў, сталі людзьмі значна больш мужнымі і моцнымі, чым раней», — адзначыў каардынатар менскай абласной арганізацыі аргкамітэту БХД Павал Пракаповіч.
Напрацягу 4 год зафіксаваныя шматлікія парушэнні ўмоваў утрымання Яўгена Васьковіча, якія ацэньваюцца як крытычныя і недапушчальныя. Яўген прайшоў праз шматлікія ШЫЗА, ціск, абмежаванні, спазнаў выпрабаванне веры.
Акцыю Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенкі і Паўла Сырамолатава ўлады выкарысталі для ўласных мэтаў. Учынак хлопцаў — юнацкі пратэстны парыў супраць беззаконня лукашызму — быў у некаторай ступені падарункам для ўладаў, якія пры дапамозе празмернага пакарання атрымалі магчымасць «легальна» запужаць грамадства.
7 год — гэта не для таго, каб выхаваць і выправіць гэтых маладзёнаў, 7 год — гэта ўзорна паказальны прысуд для ўсіх беларусаў.
bchd.info