Абезгалоўлена грамадзянская супольнасць Азербайджана
Прэзідэнт Асацыяцыі юрыстаў Азербайджана, адвакат Аннагі Гаджыбейлі лічыць, што з арыштам Інцігама Аліева і ягоных калегаў абезгалоўлена грамадзянская супольнасць краіны.
17 жніўня ў Вільнюсе прынятая заява «Затрыманне Інцігама Аліева — гэта спроба расправы над праваабарончым рухам у Азербайджане».
Заява была падрыхтаваная адвакатамі і юрыстамі праграмы сеткі Дамоў правоў чалавека «Міжнароднае права для абароны грамадскіх інтарэсаў», зацверджаная пад час працы заключнай сесіі праекту «Імплементацыя дэ-факта міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь у галіне грамадзянскіх правоў і
свабод», падпісаная беларускімі і замежнымі правабаронцамі.
У заяве, між іншым, зазначаецца, што 8 жніўня ў Азербайджане па абвінавачванню ва ўхіле ад выплаты падаткаў, злоўжыванню службовым становішчам і незаконным прадпрымальніцтве быў затрыманы вядомы
юрыст, кіраўнік партнёрскай арганізацыі праграмы «Міжнароднае права для абароны грамадскіх
інтарэсаў» у Азербайджане, прэзідэнт няўрадавай арганізацыі «Таварыства прававой асветы», эксперт АБСЕ, Савета Еўропы і Амерыканскай асацыяцыі юрыстаў, лаўрэат міжнароднай прэміі «Homo Homini» 2012 году за асабістую мужнасць Інцігам Аліеў.
Ён лічыць, што абвінавачванне не мае прававога грунту і з’яўляецца палітычна матываваным. Інцігам Аліеў бліскуча выкладаў правы чалавека для суддзяў, адвакатаў і журналістаў
Азербайджана і замежжа ў больш чым 100 праграмах, з 2009 году супрацоўнічае з праектам дыстанцыйнага навучання адвакатаў Азербайджана, Беларусі, Малдовы, Украіны і Расіі, з’яўляецца аўтарам
10 законапраектаў, больш 20 кніг і сотняў артыкулаў па праваабарончай тэматыцы. Шмат год Інцігам Аліеў абараняе ў судах палітвязняў, прычым для 25 з іх выйграў справы ў Еўрапейскім судзе па правах
чалавека. Зараз у гэтым судзе разглядаюцца 40 спраў, падрыхтаваных Інцігамам Аліевым у сувязі з парушэннем выбарчых правоў пад час парламенцкіх выбараў 2010 года.
На меркаванне падпісантаў заявы, абвінавачванне супраць Інцігама Аліева сфабрыкаванае, сапраўднай прычынай ягонага затрымання з’яўляецца правабарончая дзейнасць юрыста, а таксама
імкненне ўладаў запужаць астатніх азербайджанскіх праваабаронцаў і заставіць іх адмовіцца ад сваёй справы.
Дзейнасць дзяржаўных органаў Азербайджана супраць Інцігама Аліева і іншых вядомых праваабаронцаў (у тым ліку Лейлы і Арыфа Юнус, Расула Джафарава), арыштаваных цягам ліпеня-жніўня, сведчыць пра
невыкананне дзяржавай міжнародна-прававых стандартаў, замацаваных у Венскай дэкларацыі і Праграме дзеянняў, прынятых на Сусветнай канференцыі по правах чалавека 25 ліпеня 1993 году ў Вене, а таксама
Дэкларацыі аб праваабаронцах (55/144), і рэзалюцыі Савета по правах человека 22/6 «Абарона
правабаронцаў» (A/HRC/22/L.13).
Падпісанты заявы заклікалі ўсіх неабыякавых далучыцца да шырокай кампаніі падтрымкі і барацьбы за вызваленне Інцігама Аліева, а таксама іншых азербайджанскіх палітвязняў.
Апроч таго, падпісанты заявы правялі акцыю салідарнасці з заснавальнікам Бакінскага клубу правоў чалавека Расулам Джафаравым, якому 17 жніўня споўнілася 30 гадоў.
У каментары НЧ прэзідэнт Асацыяцыі юрыстаў Азербайджана, адвакат Аннагі Гаджыбейлі паведаміў, што з арыштам Інцігама Аліева і ягоных калегаў абезгалоўлена
грамадзянская супольнасць краіны. Апроч таго, арыштаваныя рахункі шматлікіх няўрадавых арганізацый і міжнародных фондаў, што працуюць ў Азербайджане, і супраць іх узбуджаны крымінальныя справы,
сказаў спадар Гаджыбейлі. Ён падкрэсліў, што ў краіне не засталося няўрадавых арганізацый, якія б маглі прынцыпова абараняць правы ўласнікаў і каля 100 палітвязняў.
Сам Аннагі Гаджыбейлі, якому таксама пагражае арышт, не збіраецца эміграваць, а будзе працягваць сваю дзейнасць адваката і справу па імплементацыі еўрапейскіх законаў у
нацыянальнае заканадаўства. На ягоную думку, міжнародная супольнасць павінна падтрымаць азербайджанскіх праваабаронцаў, паколькі ў краіне адсутнічае незалежны суд, а дзяржава на даходы ад продажу
нафты падкупляе не толькі чынавенства шэрагу замежных краінаў, але нават і некаторых дзяржаўных лідараў.