Павіншуй Мікалая Дзядка

Заўта, 23 жніўня, палітзняволены Мікалай Дзядок адзначыць дзень народзінаў. Яму спаўняецца 26 гадоў, з якіх амаль чатыры гады ён правёў за кратамі.



dziadok_2.jpg

Мікалай Дзядок

Мікалай Дзядок нарадзіўся 23 жніўня 1988 года ў Брагіне на Гомельшчыне. Пасля школы скончыў юрыдычны каледж БДУ. На момант арышту быў студэнтам 2-га курсу завочнага аддзялення праграмы «Паліталогія і еўрапейскія даследаванні» Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

Быў затрыманы 3 верасня 2010 года як падазраваны па справе аб «нападзе на амбасаду Расійскай Федэрацыі», затым як падазраваны па справе «аб нападзе на аддзяленне «Беларусбанку» 24 верасня 2010 года. Фактычна адбыўшы больш за 20 сутак пад арыштам, Мікалай Дзядок быў канчаткова абвінавачаны ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі каля Генштабу Беларусі па артыкуле 339 ч. 2 — «хуліганства».

27 мая 2011 года ў Заводскім судзе Мінска суддзя Жанна Хвайніцкая вынесла Мікалаю Дзядку прысуд — 4,5 гады пазбаўлення волі (г.зв. «справа анархістаў»). Ад 5 снежня 2012 года ўмовы адбыцця пакарання яму былі змененыя на больш жорсткія, ён быў пераведзены з калоніі №17 у Шклове ў турму №4 Магілёва.

Мікалаю Дзядку можна даслаць віншавальную паштоўку альбо тэлеграму са словамі падтрымкі і цёплымі пажаданнямі на адрас: 212011 г. Магілёў, вул. Крупскай, 99а, турма № 4.