«Ён хоць нешта пра эканоміку разумее?» Берасцейцы — пра «смактальную» дзяржаву Лукашэнкі

Улады мараць пра «вечныя суботнікі» для народа, а бюджэтныя грошы сыходзяць на сілавікоў-«красаўцаў». Выданне bgmedia.site пагаварыла з берасцейцамі аб свежых лукашэнкаўскіх заявах.

Фота "Люстэрка"

Фота "Люстэрка"

Аляксандр Лукашэнка чарговым разам паскардзіўся на беларусаў, якія, на ягоную думку, патрабуюць ад улады таго, што «ўлада рабіць не павінна».

— Ну такія людзі, такі народ, і іншага ў нас не будзе. Проста трэба людзям разумець, а вы павінны да іх данесці, што мы не ў просты час жывем. І справа не толькі ў санкцыях. Хоць і ў іх таксама — нас душаць з усіх бакоў і душаць адчувальна. Тое, што нашы людзі іх не адчулі, — гэта ў тым ліку заслуга ўлады, — заявіў кіраўнік, прызначаючы на пасады чарговую порцыю сваіх чыноўнікаў.

Скардзіцца на грамадзян для Лукашэнкі звыклая справа. Не раз ён абвінавачваў беларусаў у «смяротных грахах» — то валюту чамусьці скупляюць, з-за чаго рубель абвальваецца, то нараджаюць мала, і наогул хочуць усё і адразу. Відавочна, 30 гадоў — недастатковы тэрмін знаходжання ва ўладзе, каб задаволіць усе магчымыя хацелкі «няўдзячных» суайчыннікаў.

Ці так гэта на самай справе? Выданне спытала ў звычайных берасцейцаў, якімі Лукашэнка ўласна і незадаволены, і пра якіх грэбліва кажа «народзец», або, як цяпер, — «такі народ, і іншага ў нас не будзе».

Алена, сябра жыллёва-будаўнічага каператыва (іранічна ўсміхаецца):

— Ён (Лукашэнка) там з нагоды двароў ляснуў: маўляў у Мінску іх немагчыма адразу ўсе добраўпарадкаваць, параіў скідвацца па 2%, астатняе дадасць дзяржава. Тут зноў-такі ідзе падмена паняццяў. Дзяржава — гэта хто наогул? Я разумею, што для яго (Лукашэнкі), як для Людовіка (французскага караля Людовіка XIV): «дзяржава — гэта я». Але ж любая дзяржава на самай справе складаецца з людзей, за кошт якіх яна, уласна, і існуе. Дык калі вы дэкларуеце сацыяльную падтрымку грамадзян і гатовыя пераразмяркоўваць вялікія сродкі, накіроўваючы іх у тым ліку на сацыяльныя патрэбы, то адпавядайце гэтым гучна заяўленым абяцанням. А тое, як збіраць падаткі, у вас цэлае Міністэрства створана, шыкоўныя будынкі для работнікаў падатковых органаў (у тым ліку ў Брэсце на праспекце Машэрава), а пісьменна іх расходаваць — не лёс. Вядома, калі сродкаў у бюджэце на добраўпарадкаванне і ЖКГ пасля 2020 года стала ў разы менш, таму што трэба ў велізарнай колькасці фінансаваць т.зв. «красаўцаў», тады зразумела, чаму т.зв. прэзідэнт патрабуе больш ад простых людзей. Хай бы заклапаціліся гэтым пытаннем т.зв. дэпутаты. Але для гэтага яны павінны быць абраныя, а не прызначаныя самой уладай.


Глядзіце таксама

Віктар, работнік эксплуатуючай арганізацыі:

— Я пра дарогі магу сказаць. Дакладна ведаю, што грошай на дарожнае будаўніцтва і рамонт у апошнія два-тры гады выдзяляецца на парадак менш. Іх і раней не хапала, каб нармальна ўсё рабіць, па розуме, як кажуць. А цяпер і пагатоў. Адсюль шматлікія ямы, выбоіны, нават у горадзе. Пра сяло я ўжо маўчу. Там наогул разруха. Тое, што цяпер заляпваюць ямкі (па-іншаму я гэта не магу назваць), спехам, абы як, сітуацыю не ўратуе. Да траўня, як пастаўленая задача (Лукашэнка абавязаў урад да 9 траўня адрамантаваць «усе дарогі ў краіне»), на цэнтральных вуліцах Брэста, можа, і заладзяць, а далей што? Праз месяц-два ўсё зноў вылезе вонкі. Цудаў жа не бывае. А наконт таго, што бетон у дварах павінны заліваць самі жыхары (гэта вынікае са слоў Лукашэнкі), ну што я магу сказаць? Давайце тады, хай яны (жыхары) самі сябе лечаць, самі ловяць злачынцаў і г.д. Трызненне нейкае. Мабыць, ідэя «вечнага суботніка» камусьці не дае спакою.

Павел, індывідуальны прадпрымальнік:

— Без смеху ўсё гэта слухаць і чытаць складана. Ён наогул калі-небудзь рэальна вучыўся на эканаміста? Ён хоць нешта разумее ў тым, як працуе эканоміка, як павінна існаваць сучасная дзяржава?.. Напэўна, калі б разумеў, не нёс бы ўсякую лухту. І што значыць «мы не ў просты час жывем»? Няпростыя часы былі і будуць заўсёды. Але ж жыццё ва ўсім свеце не стаіць на месцы. Тое, што сто ці дзвесце гадоў таму лічылася нормай, для сучаснага грамадства ўжо не падыходзіць. Тэхналогіі сталі зусім іншымі, лад жыцця — усё іншае. А ўлада, такое ўражанне, па-ранейшаму жыве катэгорыямі пачатку ці сярэдзіны мінулага стагоддзя, калі ўсе з рыдлёўкамі і віламі... Сёння гэта так не працуе. Кожны павінен сваёй справай займацца, прычым эфектыўна. Але калі чыноўнікаў прызначаюць сёння выключна па адным крытэры — палітычнай лаяльнасці, а прафесіяналізмам часцяком і не пахне... Калі сродкі, сабраныя з падаткаў (прыкладна кожны пяты зароблены рубель аддаём дзяржаве) выдаткоўваюцца па волі аднаго чалавека, прычым, вельмі непразрыста... І што мы бачым? Бясплатнае лячэнне — фікцыя, акрамя хуткай дапамогі. Бясплатная адукацыя — такая ж фікцыя. Ды яшчэ адпрацоўку хочуць зрабіць не менш за пяць гадоў. Зразумела, як сучасная моладзь будзе на ўсё гэта рэагаваць. А без моладзі няма не толькі будучыні (гэта ўжо банальна), няма нават сучаснасці.


Глядзіце таксама

Аляксандр, эканаміст, навуковец:

— На сённяшні дзень існуе два асноўных падыходы да будаўніцтва дзяржавы. Першы — патэрналісцкая дзяржава, якая клапоціцца пра людзей, прадастаўляе асноўныя паслугі за кошт бюджэту. У тым ліку медыцына і адукацыя, дапамога па беспрацоўі, рамонт жылля і гэтак далей. Адпаведна, грамадзяне і бізнес плацяць вялікія падаткі для таго, каб у дзяржавы была магчымасць усе гэтыя паслугі фінансаваць. Другі варыянт — лібертарыянская дзяржава, у якой, наадварот, людзі плацяць падаткі па мінімуму, але атрымліваюць ад дзяржавы мінімум сацыяльных выгод, усё астатняе трэба аплачваць са свайго кашалька.

Умоўны прыклад першага тыпу дзяржавы — скандынаўскія краіны, другога — ЗША. Хоць зразумела, што ў большасці заможных краін імкнуцца прытрымлівацца нейкай «залатой сярэдзіны», не ужываючы ў чыстым выглядзе тую ці іншую мадэль. І Беларусь у гэтым пане — не выключэнне. Але асноўная наша праблема заключаецца ў тым, што існуе вялікае разыходжанне паміж тым, што дэкларуецца, і тым, што ёсць насамрэч. Возьмем, да прыкладу, беспрацоўных. З кожным годам дзяржава робіць больш жорсткімі правілы для атрымання дапамогі па беспрацоўі. Пры тым, што сама дапамога складае ад 40 да 80 рублёў. Выглядае смешна і сумна адначасова. Дзе ж тут сацыяльная дзяржава?

Ці як з дарогамі. Не мыццём, дык катаннем ўлады ўзаконілі т.зв. дарожны падатак. Нічога дрэннага тут няма. Падобныя зборы існуюць (у той ці іншай форме) у многіх краінах. Але ёсць нюанс: грошы, сабраныя з уладальнікаў аўто, павінны накіроўвацца выключна на будаўніцтва, рамонт і ўтрыманне дарог, а не проста растварацца ў агульнай масе бюджэту. Тады людзі будуць разумець, за што яны плацяць».

Тое ж можна сказаць і пра сродкі, якія жыхары пералічваюць на капрамонт дамоў. Да нядаўняга часу права акумуляваць гэтыя грошы на спецыяльным рахунку захоўвалася за членамі МС-ЖСК. Цяпер яны яго пазбаўленыя: па законе ўсе грошы, сабраныя на капрамонт, сыходзяць у агульны бюджэтны кацёл. Такое перакрыжаванае субсідаванне хутчэй на шкоду, чым на карысць. А галоўнае — людзі наогул адхіленыя ад якога-небудзь удзелу ў кантролі за расходаваннем гэтых сродкаў.

Пры тым, што сярэдні беларус аддае дзяржаве больш за палову сваіх даходаў. Спачатку гэта 48% праз падаходны падатак і сацыяльныя ўзносы, большую частку якіх за яго выплачвае наймальнік. А потым у ход ідуць іншыя, у тым ліку ўскосныя падаткі: той жа ПДВ, акцызы на бензін, падатак на аўто, нерухомасць і гэтак далей. Першапачаткова ўсе гэтыя зборы падаваліся пад лозунгам «сацыяльнай дзяржавы». Але яны год ад года ўразаюцца, усё больш ператвараючы сацыяльную дзяржаву ў «смактальную».

У нас жа заўсёды так: калі паваліўся рубель, вінаватыя людзі — навошта пабеглі ў абменнікі? Калі ямы ў двары — яны ж не хочуць «мясіць бетон», а ямы на дарогах — значыць, шмат ездзяць і мала плацяць за дарогі. Але вось калі праз санкцыі не развалілася эканоміка і не надышоў усеагульны дэфіцыт — не, рынак і бізнес тут зусім не прычым. Гэта выключна дзякуючы «правадыру», яго прадбачанню і ўменню выходзіць з самых складаных сітуацый. Як беларусы кажуць, смеху варта.