Юрый Дорн вызвалены ў зале суда
Старшыня Іудзейскага рэлігійнага аб'яднання ў Беларусі Юрый Дорн прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі. Паколькі час знаходжання пад вартай яму залічылі ў тэрмін адбывання пакарання (год за два), асуджанага вызвалілі ў зале суда.

Як паведаміў БелаПАН старшы памочнік пракурора Мінска Сяргей Балашаў, пакуль прысуд не набудзе законную моц, Дорн будзе знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.
Кіраўніка Іудзейскага рэлігійнага аб'яднання прызналі вінаватым на падставе часткі 2 артыкула 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў). Згодна з частай 1 артыкула 426 (перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў) Дорн апраўданы з-за адсутнасці складу злачынства, згодна з часткамі 2 і 3 гэтага жа артыкула — апраўданы з прычыны недаказанасці віны.
47-гадовы Дорн быў затрыманы 13 сакавіка 2012 года. Першая справа ў дачыненні да яго была распачата Следчым камітэтам на падставе ч. 3 арт. 430 КК (атрыманне хабару ў асабліва буйным
памеры). Тады паведамлялася, што Дорна затрымалі пры атрыманні незаконнай грашовай узнагароды ад аднаго з кіраўнікоў суб'екта гаспадарання. Справу расследавала галоўнае следчае ўпраўленне
Следчага камітэта Беларусі.
Першапачаткова Дорну інкрымінавалася ўчыненне злачынстваў на падставе пяці артыкулаў КК: атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры; перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў; ухіленне ад выплаты
падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры; службовы падлог; крадзеж, знішчэнне, пашкоджанне або ўтойванне дакументаў, штампаў, пячатак, крадзеж бланкаў.
Дорн абвінавачваўся, у прыватнасці, у завалоданні ў 2001–2002 гадах дома ў гарадскім пасёлку Радунь Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці, які ў некалькі прыёмаў быў набыты ад імя рэлігійнага аб'яднання нібыта для стварэння ў ім музея аднаго з яўрэйскіх рэлігійных дзеячаў. Пасля афармлення здзелкі дом з дапамогай мясцовых жыхароў быў разабраны і вывезены цераз пункт пропуску "Беняконі" ў Літву для адгрузкі ў ЗША. Затым Дорн, паводле версіі следства, каб утаіць незаконнае набыццё дома ў Радуні, знішчыў дакументы, якія сведчылі пра ажыццяўленне здзелкі і вываз маёмасці рэлігійнага аб'яднання за мяжу.
Дорн таксама абвінавачваецца ў тым, што без дазволу праўлення аб'яднання аднаасобна здаваў у арэнду пад офісы і склады памяшканні рэлігійнай арганізацыі ў Мінску розным суб'ектам гаспадарання. У 2005–2012 гадах было заключана некалькі дзясяткаў дагавораў арэнды.
Пазней у сувязі з новымі акалічнасцямі, якія адкрыліся падчас судовага следства, абвінавачанне было перавыстаўлена. У канчатковым варыянце Дорна абвінавацілі ў некалькіх эпізодах учынення
злачынстваў, прадугледжаных чч. 1, 2, 3 арт. 426 (перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў) і ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры) КК. Новае абвінавачанне
было абвешчана 28 лютага.
21 сакавіка дзяржабвінаваўца Таццяна Рак запытала ў суда ў якасці пакарання для Дорна пяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
Дзяржабвінаваўца таксама прапанавала забараніць абвінавачанаму займаць пасады, звязаныя з арганізацыйна-распарадчай дзейнасцю, на працягу пяці гадоў і абавязаць яго выплаціць штраф у памеры 500
базавых велічынь.
Выступаючы 27 сакавіка ў судзе з апошнім словам, Дорн прызнаў віну ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).
Абвінавачанне на падставе чч. 1, 2, 3 арт. 426 КК (перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў) Дорн не прызнаў, назваўшы яго "надуманым", і заявіў, што яно "не выцякае з
матэрыялаў справы".
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН