Бялынічы: Штраф 50 базавых велічынь за публікацыю і распаўсюд “Магілёўскага Выбару”

Суд Бялыніцкага раёна 29 лютага пакараў штрафам у памеры 50 базавых велічынь жыхара вёскі Лебедзянка Валерыя Вусіка нібыта за паклёп у адрас старшыні СВК “Лебедзянка” Пятра Бялова і за распаўсюд незалежнай газеты “Магілёўскі Выбар”. Вёў судовае паседжанне старшыня суда Бялыніцкага раёна Уладзімір Гуз, сакратаром суда на паседжанні была Тамара Ігнатовіч.



bialynichy_sud.jpg

У судзе разглядаліся два пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні, складзеныя ўчастковым інспектарам Сяргеем Карыткіным, быццам бы за паклёп на старшыню СВК “Лебедзянка” Пятра Бялова і за “незаконны” распаўсюд газеты “Магілёўскі Выбар”. Раней суд Бялыніцкага раёна адмовіўся разглядаць гэтыя два пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях у сувязі з тым, што яны складзены з парушэннем артыкула 10.2 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Яны былі накіраваныя на дапрацоўку ў Бялыніцкі РАУС і супрацоўнікі міліцыі “дапрацавалі” іх у патрэбным накірунку.

У самым пачатку судовага паседжання суддзя Уладзімір Гуз выдаліў з залы суда магілёўскага праваабаронцу Барыса Бухеля быццам бы за парушэнне парадку вядзення судовага паседжання пасля вынясення трох заўваг.

Таксама Бялыніцкі раённы суд не задаволіў хадайніцтва Валерыя Вусіка аб удзеле ў разглядзе адміністрацыйнага працэсу яго адваката. Слуханні ў судзе пачаліся ў 16-40 і скончыліся толькі ў 20-00 вечара.

Суд таксама не прыняў да ўвагі пісьмовыя сведчанні шэрагу жыхароў вёскі Лебедзянкі, якія пацвярджалі, што факты парушэнняў у дзейнасці СВК “Лебедзянка”, выкладзеныя у артыкуле Валерыя Вусіка“Што змянілася за апошнія некалькі год у СВК “Лебедзянка”?” у газеце “Магілёўскі Выбар”, сапраўды мелі месца.

Пры гэтым суддзя Уладзімір Гуз спасылаўся на тое, што супрацоўнікі Бялыніцкага РАУС прынялі пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў адносінах адміністрацыі СВК “Лебедзянка”, бо факты, выкладзеныя ў скаргах Валерыя Вусіка, не спраўдзіліся.

Не прыняў да ўвагі суд і сведчанні выдаўца газеты “Магілёўскі Выбар” Барыса Вырвіча, што газета “Магілёўскі Выбар” выдаецца ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і Законам аб СМІ, і можа распаўсюджвацца любым грамадзянінам Рэспублікі Беларусь без усялякіх абмежаванняў.

У выніку разгляду справы аб адміністрацыйным правапарушэнні суд Бялыніцкага раёна вынес пастанову прызнаць Валерыя Вусіка вінаватым у абодвух правапарушэннях. Суд пакараў Валерыя Вусіка штрафам у памеры 30 базавых велічынь за паклёп у адрас старшыні СВК “Лебедзянка” Пятра Бялова і штрафам у памеры 20 базавых велічынь за парушэнне артыкула 17 Закона аб СМІ пры распаўсюдзе газеты “Магілёўскі Выбар”. Па сукупнасці канчатковы памер штрафу вызначаны ў памеры 50 базавых велічынь, што на сённяшні дзень складае 5 мільёнаў рублёў.

Напрыканцы паседжання суддзя Уладзімір Гуз паведаміў, што Валерый Вусік можа атрымаць копію пастановы суда Бялыніцкага раёна 2 сакавіка. Таксама ён праінфармаваў спадара Вусіка, што той можа абскардзіць рашэнне суда Бялыніцкага раёна ў Магілёўскім абласным судзе.

На думку праваабаронцы Барыса Бухеля, суд ад самага пачатку быў скіраваны на вынясенне пакарання Валерыю Вусіку.

Суд груба парушыў усе працэсуальныя нормы, адмовіўшы Валерыю Вусіку ў хадайніцтве аб прадастаўленні адваката, — выказаў меркаванне Барыс Бухель. — У мяне такое ўражанне, што рашэнне была прадвызначана яшчэ да пачатку разгляду справы. Суддзю ніколькі не ўсхвалявала, што ў суд супрацоўнікі міліцыі прадставілі тры адміністрацыйны пратаколы пад адным нумарам, але ў якіх былі ўказаныя розныя даты. Таксама суддзя не прыняў да ўвагі той факт, што на скаргі Валерыя Вусіка ў розныя інстанцыі аб дапушчаных у адносінах да яго супрацьзаконных дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі яшчэ не атрыманыя афіцыйныя адказы, праводзіцца праверка”.

Здзіўлены пастановай Бялыніцкага суда і выдавец газеты “Магілёўскі Выбар” Барыс Вырвіч.

Шчыра кажучы, я проста ў шоку ад такога рашэння Бялыніцкага суда, — кажа Барыс Вырвіч. — Суд не прыняў да ўвагі мае сведчанні, што газета “Магілёўскі Выбар” распаўсюджваецца ў адпаведнасці з Канстытуцыяй РБ і Законам аб СМІ. Між тым я зачытаў артыкул 5 Закона аб СМІ, што “У Рэспубліцы Беларусь кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне”. Не зрабіла ўражання на Бялыніцкі суд і меркаванне кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі аб неабходнасці з’яўлення крытычных матэрыялаў у рэгіянальнай прэсе, якое я таксама прывёў даслоўна: «Некоторые районные, областные издания просто стыдно брать в руки: одни бравурные отчёты чиновников. А ведь в стране масштабное наступление на бюрократию, и журналисты региональной прессы должны быть нашими первейшими помощниками. Надо на местах решать многие проблемы, а они часто не решаются. Такие случаи есть в каждом районе, а местные журналисты молчат, как воды в рот набрали. Критических материалов о проблемах, о том, что волнует людей, нет. Этот недостаток нужно немедленно искоренить. Вплоть до того, что нужно оценивать местные СМИ по набору объективно критических материалов. Там их нет вообще». Што ж, верагодна, у Бялыніцкім раёне Аляксандра Лукашэнкі не з’яўляецца аўтарытэтам для чыноўнікаў”.

Жыхар вёскі Лебедзянка Валерый Вусік засмучаны рашэннем суда Бялыніцкага раёна, аднак збіраецца і найдалей адстойваць сваю правату.

Я атрымаўся без віны вінаватым, — кажа Валерый Вусік. — Суд ніколькі не прыслухаўся да маіх доказаў, не прыняў да ўвагі пісьмовыя сведчанні іншых людзей аб парушэннях у СВК “Лебедзянка”. Буду і далей змагацца за справядлівасць, збіраюся абскардзіць рашэнне Бялыніцкага суда ў Магілёўскім абласным судзе”.

2 красавіка у судзе Бялыніцкага раёна суддзя Аксана Загорская працягне разгляд яшчэ адной справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў адносінах Валерыя Вусіка, якое быццам бы ён здзейсніў падчас наведвання са здымачнай групай незалежных тэлежурналістаў фермы мясцовай гаспадаркі СВК “Лебедзянка” 28 лютага 2013 года.

spring96.org