«Каб адчуць сябе беларусам, вучу мову і шыю беларускія кашулі»

Сябры Слуцкага ТБМ запрасілі на чарговыя заняткі гуртка «Размаўляем па-беларуску» незвычайнага случчаніна. Ваенны пенсіянер Валерый Плявака разам з 6-гадовым унукам прыйшлі на занятак гуртка ў самаробных беларускіх вышыванках, з кошыкамі і сурвэткамі з беларускім нацыянальным каларытам.

vuczu_movu_007_logo.jpg


І дарослыя, і дзіцячыя кашулі Валерый Плявака шые і вышывае ўласнаручна. Выкрайкі ён таксама робіць робіць самастойна.

vuczu_movu_010_logo.jpg


Удзельнікі гуртка з цікавасцю разглядалі незвычайную выставу, дзівіліся яго мастацтву і слухалі расповеды пенсіянера аб асаблівасцях хатняй вытворчасці і яго любові да беларускасці.
— Каб адчуць сябе беларусам, вучу беларускую мову і ў летнія часы нашу беларускую вышыванку, — гаворыць Валерый Сцяпанавіч. — Магу вышыць ільняную кашулю за 3 дні.

vuczu_movu_003_logo.jpg


Прысутных уразіла якасць кашуль, сурвэтак і кошыкаў, якія мужчына па-мастацку вырабляе ў вольны час. Вырас мужчына ў дзіцячым доме і з удзячнасцю ўспамінае сваю цётку-закройшчыцу. У дзяцінстве яна калі-некалі брала з сабой хлопчыка на працу і ён прыглядаўся да працы закройшчыц.

vuczu_movu_002_logo.jpg


Вучыўся ў рускамоўнай Грозаўскай школе-інтэрнаце ў Капыльскім раёне, цікавасць да беларушчыны і беларускай мовы адчуў пасля знаёмства з паэтам Сяргеем Панізьнікам, з якім разам служылі на тэрміновай службе ў Чэхаславакіі.Валерый Сцяпанавіч распавёў, што апранае льняную кашулю з беларускім арнаментам на ўсе гарадскія святы.
— Спачатку крыху было няёмка адчуваць на сабе цікаўныя погляды случчан, але пасля прызвычаіўся, — распавёў мужчына. — Знаходзіліся людзі, якія рэагавалі варожа, агрэсіўна. У апошні час стаўленне людзей мяняецца ў лепшы бок. Многія пытаюцца, дзе набыў кашулю і колькі яна каштуе.

vuczu_movu_009_logo.jpg


Валерый Сцяпанавіч перажывае за прыніжаны стан беларускай мовы і нацыянальную свядомасць случчан. Працягвае вучыць беларускую мову. Вядзе адмысловыя слоўнікі, бярэ ў бібліятэцы беларускія кнігі.                Клапоціцца, каб яго старэйшы ўнук Максім добра ведаў родную мову і разам з унукам вучыць беларускамоўныя вершы і байкі.


Шасцігадовы Максім ахвотна прачытаў перад аўдыторыяй байку Кандрата Крапівы «Дыпламаваны баран». Зрабіў ён гэта вельмі артыстычна і пад заслужаныя апладысменты.
Фота аўтаркі