Памяць не згасне

Зусім нядаўна мы адсвяткавалі Міжнародны дзень роднай мовы, наперадзе святкаванне 101-й гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі. А напрыканцы лютага на філалагічным факультэце БДУ зладзілі імпрэзу ў гонар 90-годдзя з дня нараджэння вядомага змагара за беларушчыну, адданага сына сваёй Бацькаўшчыны, прафесара філалогіі, выдатнага вучонага, крытыка, літаратуразнаўца – Дзмітрыя Якаўлевіча Бугаёва.

Дзмітрый Бугаёў, фота Радыё Свабода

Дзмітрый Бугаёў, фота Радыё Свабода


Арганізатаркай мерапрыемства выступіла дачка вучонага – доктар філалагічных навук Людзміла Дзмітрыеўна Сінькова, якая запрасіла шматлікіх гасцей. Сваімі ўспамінамі пра калегу падзяліліся колішнія вучні, аспіранты, калегі, сярод якіх быў прафесар Вячаслаў Пятровіч Рагойша, дэкан філалагічнага факультэта, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Сямёнавіч Роўда, доктар філалагічных навук, прафесар Таццяна Іванаўна Шамякіна і іншыя.

image4_1.jpeg


Цікава было паслухаць не толькі аб яго прафесійнай дзейнасці Дзмітрыя Якаўлевіча, але яшчэ і незабыўныя гісторыі з жыцця, пра яго цвёрды характар, упэўненасць і прыроджаную інтэлігентнасць. Падчас сустрэчы прысутныя пазнаёміліся са шчырымі фотаздымкамі з дамашняга архіва, што нагадалі аб дзяцінстве будучага вучонага, сямейным шчасці, універсітэцкіх буднях, паездках з пісьменнікамі…

unnamed__1__26.jpg


Лёс будучага вучонага быў звязаны з Магілёўшчынай, там, у невялічкай вёсачцы Губіншчына, па некаторых звестках – Сычык, у звычайнай сялянскай сям’і нарадзіўся будучы аксакал беларускага літаратуразнаўства. Вучыўся ён у беларускамоўнай школе, якая, па яго ўспамінах, “была размешчана наводшыбе ад вёскі, на ладнай горцы пры ўпадзенні кароценькай і, мусіць, таму безыменнай рачулкі ў Воўчас. Тады наша школа выглядала папраўдзе зухавата, – пісаў навуковец у сваёй аўтабіяграфіі. – Выкладанне ўсіх прадметаў, за выключэннем, вядома, рускай мовы і літаратуры, вялося на роднай мове. І нам гэта падабалася”. Дзмітрыю Якаўлевічу прыйшлося шмат зведаць, прабіваючы сабе скрозь кручастыя дарогі лёсу адну-адзіную сцяжынку ў жыцці.
Мажліва, адсюль такая трываласць духу, такая непахіснасць у абранні ўласнага шляху, у змаганні за сваё, роднае, у тым ліку за родную матчыну мову. Нездарма на імпрэзе неаднойчы паўтаралася, што сучаснай моладзі неабходна браць прыклад з гэтага чалавека. Сёння ж мы ўсё часцей бачым адваротную сітуацыю, калі людзі не маюць пэўнага, свайго, погляду на многія рэчы, не ўмеюць адстойваць сваё меркаванне. Між тым, аказваецца, выжывае праўда. Дзмітрыю Бугаёву бліскуча і дыпламатычна гэта ўдавалася.
Так, напрыклад, у далёкім 1967 годзе Бугаёву з рэзкай крытыкай прыйшлося выступаць супраць занядбанасці беларускага слова, “якая ўжо тады была відавочнай, хоць афіцыйна сцвярджалася, што ўлады на ўсіх узроўнях дужа клапоцяцца пра развіццё нацыянальных моў у савецкай краіне, у тым ліку мовы беларускай. Але на самой справе яе становішча было незайздросным. Роднае слова не шанавалі і ў БДУ. Бо тут, – пісаў літаратуразнавец, – выкладанне вялося па-руску нават на беларускім аддзяленні філфака, дзе па-беларуску чыталіся толькі курсы роднай мовы і літаратуры”.
Яшчэ адну спробу публічнай абароны нашай мовы Бугаёў зрабіў у так званыя перабудовачныя гарбачоўскія часы. Было гэта ў 1988 годзе ў Мінскім гаркаме партыі. Тэкст выступлення навуковец спрабаваў неаднаразова надрукаваць у СМІ, але нейкія акалічнасці ўвесь час перашкаджалі гэта здзейсніць. Хоць тады ён і не замахваўся на галоўныя асновы бальшавіцкай палітыкі і ўвогуле не спрабаваў пярэчыць тагачаснаму ідэалагічнаму рэчышчу. Вось як успамінаў вучоны: “Перада мною выступала настаўніца, выкладчыца беларускай мовы, дарэчы, наша выпускніца, і казала, што родная мова ў нас зведзена да становішча замежнай. Гэта не зусім так. На самой справе беларуская мова ў нас у рэспубліцы знаходзіцца ў горшым становішчы, чым замежная”.

unnamed_84.jpg


Дзмітрый Якаўлевіч быў катэгарычна супраць абрання для абавязковага вывучэння толькі адной мовы як асноўнай – рускай або беларускай. Ён лічыў, што менавіта з гэтага і пачаліся “галоўныя беды нашай мовы, тое, што яна стала больш актыўна выцясняцца з розных сфер ужытку, траціць свой важны грамадскі статус”. Дзмітрый Бугаёў ніколі не скідваў з рахунку віну кожнага з нас у занядбанасці нашай мовы. Яму часта даводзілася чуць, што гэта адбываецца па аб’ектыўных прычынах, маўляў, так склалася гістарычна. Але ж літаратуразнавец і на гэта знаходзіў свой трапны адказ, прыводзячы дасціпныя словы Якуба Коласа: “на ўсё ёсць прычына”. І гэтую прычыну навуковец бачыў яшчэ і ў “людской пасіўнасці ды перастраховачнасці, а яны, – пісаў Бугаёў, – тыя пасіўнасць і перастраховачнасць, таксама абумоўлены многімі прычынамі, у тым ліку масавымі рэпрэсіямі культаўскіх часоў, рэпрэсіямі, якія бязлітасна вынішчалі цэлыя пакаленні нацыянальнай інтэлігенцыі, бо тады многім заўзятым барацьбітам з нацыянальнай культурай нацыяналізм мроіўся ледзь не ў кожным беларускім слове, у самой павазе да ўсяго беларускага, свайго, роднага”.

Крытык заклікаў не баяцца абвінавачанняў у нацыяналізме, бо, на яго думку, гэта не тое, што завецца любоўю да ўсяго роднага, краю, народа, мовы. Ён лічыў, што пагардлівасць у адносінах да іншых народаў менш за ўсё ўласцівая беларусам, а наадварот, ім “найбольш шкодзіць нацыянальны нігілізм, прыніжэнне сваёй нацыі, непавага да саміх сябе.
Асабліва ярка ўспамінаў навуковец адну паездку ў Пінск на жнівеньскую нараду 1987 года. Два дні ён слухаў настаўніцкія выступленні. Гэтыя выступленні пераважна былі на рускай мове, аднак вось у залу ўвайшлі малодшыя школьнікі, піянеры. І яны загаварылі па-беларуску. “З энтузіязмам, натхненнем, задзірыстай галасістасцю і з малой колькасцю пагрэшнасцяў супроць норм літаратурнага вымаўлення. Загаварылі з непрыдуманай любасцю, захопленасцю, жывым чалавечым хваляваннем”, – успамінаў Дзмітрый Бугаёў. У той момант ён зразумеў, што будучыня нашай мовы, у беларусаў як народа, як нацыі ёсць, калі мы зноў не занядбаем выхаванне любасці да роднага слова, не будзем процідзейнічаць гэтаму, як рабілася дзесяцігоддзямі, а зробім усё дзеля таго, каб з дзяцінства прывіваць культуру патрыятызму, павагу да свайго народа і да народаў-братоў, да ўсёй вялікай чалавечай супольнасці.
Няхай гэтыя ўспаміны пра выдатнага беларускага вучонага натхняць кожнага, хто неабыякавы да беларускай мовы, літаратуры, і ўвогуле да роднага нашага краю. 
Цытуецца паводле кнігі Д. Я. Бугаёва “Жыццём ідучы”, 2013 г., фота аўтаркі