Старшыня БНФ накіраваў звароты наконт беларускай мовы на дзяржсайтах

Старшыня Партыі БНФ і Грамадскага аб’яднання БНФ «Адраджэнне» Рыгор Кастусёў накіраваў у органы ўлады звароты датычна выканання сайтамі дзяржаўных органаў і арганізацыяў патрабаванняў заканадаўства што да абавязковага размяшчэння інфармацыі на беларускай мове.

mova_13.jpg

У сваім лісце лідэр БНФ віншуе кіраўнікоў дзяржаўных органаў з абвешчаным ЮНЭСКА днём роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, а таксама нагадвае, што ад 1 студзеня 2019 года ўступіла ў сілу Пастанова Савета Міністраў ад 23.10.2017 № 797 Аб унясенні змянення і дапаўненняў у Палажэнне аб парадку функцыянавання інтэрнэт-сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый. Гэтай пастановай унесены карэктывы ў Палажэнне аб парадку функцыянавання інтэрнэт-сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый, зацверджанае пастановай Урада ад 29 красавіка 2010 г. № 645 (афіцыйнае апублікаванне зменаў у Палажэнне на сайце pravo.by).

Нагодай да зваротаў стаў праведзены актывістамі Партыі БНФ і Моладзі БНФ маніторынг сайтаў выканкамаў рознага ўзроўню, міністэрстваў, асобных дзяржаўных прадпрыемстваў, якія згодна з палажэньнем ад 1 студзеня абавязаныя мець на сваіх сайтах вызначаны аб’ём абавязковай інфармацыі на беларускай мове.

Як адзначае старшыня БНФ Рыгор Кастусёў, далёка не ўсе дзяржаўныя органы выконваюць гэтае патрабаванне заканадаўства:

Падчас маніторынга выявіліся дзржаўныя сайты, якія сапраўды спрыяльна ставяцца да роднай мовы — там інфармацыя змешчаная па-беларуску ў большым аб’ёме за той, што вызначаны заканадаўствам, і пададзеная ў зручнай для спажыўца форме.

Але на пераважнай большасці агледжаных нашымі валантэрамі сайтаў дзяржаўных органаў выяўленыя тыя альбо іншыя парушэнні ўстаноўленых Саветам Міністраў стандартаў датычна прадстаўленасці інфармацыі на дзьвух дзяржаўных мовах. У асобных выпадках здараецца так што ўвогуле няма аніякай адсылкі на беларускамоўную вэрсію сайта, часам даволі дзіўнымі (і відавочна супрацьзаконнымі) з’яўляецца адсылкі да гугл-перакладчыка, які перакладае старонку ў аўтаматычным рэжыме.

mova_2_1.jpg

Мы накіравалі ў гэтыя дзяржаўныя органы лісты з прапановай выправіць гэтыя парушэнні, нагадаўшы пра патрабаванні заканадаўства. Мы цяпер не маем на мэце кагосьці звінаваціць як горшага а кагосьці адзначыць як лепшага – нашая задача каб дзяржаўныя сайты выконвалі заканадаўства і не парушалі правы грамадзян. У цяперашніх умовах развіццё беларускай мовы на дзяржаўных сайтах – гэта не толькі пытанне зручнасці для грамадзян і доступу да інфармацыі аб працы дзяржорганаў, цяпер гэта яшчэ і пытанне дзяржаўнай бяспекі, пытанне ўстойлівасці беларускай дзяржаўнасці.

Спадязюся наш зварот падзейнічае станоўча і сытуацыя з прадстаўленасцю на дзяржаўных сайтах беларускай мовы палепшыцца згодна з патрабаваннямі закона. Зрэшты, ад 1 студзеня дынаміка пазытыўная ўжо ёсьць – ад гэтай даты колькасць беларускамоўных вэрсіяў на афіцыйных сайтах істотна павялічылася.

Звароты старшыні БНФ накіраваныя ва ўсе рай- і гарвыканкамы, у аблвыканкамы, у міністэрствы і асобныя дзяржаўныя прадпрыемствы – агулам каля 200 дзяржаўных арганізацыяў.

Атрымаўшчы адказы у вызначаны заканадаўствам тэрмін актывісты БНФ плануюць працягнуць маніторынг сатаў, на якіх былі выяўленыя парушэнні. У выпадку невыпраўлення хібаў кіраўніцтва арганізацыі будзе падаваць скаргі ў міністэрства інфармацыі дзеля таго каб прымусіць сайты-парушальнікі да выканання патрабаванняў заканадаўства.

Даведка:

Як паведаміў Партыі БНФ міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, згодна з абноўленымі правіламі, інфармацыя на дзяржаўных інтэрнэт-сайтах павінна быць прадстаўленая на дзьвюх дзяржаўных мовах – рускай і (або) беларускай, пры гэтым дадаецца пералік інфармацыі, якая павінная быць у абавязковым парадку на абедзьвюх мовах.

Гэтае палажэньне набыло моц ад 1 студзеня 2019 года і распаўсюджваецца не толькі на сайты цэнтральных і мясцовых дзяржаўных органаў і дзяржаўных арганізацый, але таксама і на сайты гаспадарчых таварыстваў, у якіх дзяржава валодае доляй ўласнасьці (гэта значыць — усе дзяржаўныя прадпрыемствы).

У тым ліку ў абавязковым парадку на беларускай мове сайты павінныя будуць размяшчаць:

— агульную інфармацыю пра арганізацыю (афіцыйная назва і структура, паштовы адрас, адрас электроннай пошты; нумары тэлефонаў даведачных службаў; рэжым работы; зьвесткі аб задачах і функцыях дзяржаўнага органа і арганізацыі, іх структурных падраздзяленьняў; пералік тэрытарыяльных органаў, падпарадкаваных (уваходзячых у склад) арганізацый дзяржаўнага органа і адасобленых падраздзяленьняў арганізацыі, зьвесткі аб задачах і функцыях, а таксама іх паштовыя адрасы, адрасы інтэрнэт-сайтаў і электроннай пошты, нумары тэлефонаў іх даведачных службаў; зьвесткі аб кіраўніку дзяржаўнага органа і арганізацыі (пасада, прозьвішча, уласнае імя, імя па бацьку, нумар службовага тэлефона);

— інфармацыю аб рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў: парадак, час і месца асабістага прыёму грамадзян і парадак разгляду зваротаў; спецыяльная рубрыка «Электронныя звароты»; спосаб або спосабы падачы электронных зваротаў у дзяржаўны орган, іншую дзяржаўную арганізацыю (спасылка на адрас электроннай пошты і (або) размяшчэнне ў спецыяльнай рубрыцы на інтэрнэт-сайце); нумары тэлефонаў «гарачых лініяў», тэлефонаў даверу і даведачных службаў; назва, месца знаходжання і рэжым работы вышэйстаячага дзяржаўнага органа і арганізацыі;

— інфармацыю аб ажыццяўленьні адміністратыўных працэдураў у дачыненні да юрыдычных асобаў і грамадзянаў: назвы адміністратыўных працэдураў; парадак падачы заяў аб ажыцьцяўленні адміністратыўных працэдураў у электроннай форме (пры яе наяўнасці); вычарпальныя пералікі дакументаў і (або) зьвестак, якія прадстаўляюцца для ажыцьцяўленьня адміністратыўных працэдураў; парадак запаўнення і прадстаўлення блянкаў (формаў) дакументаў; тэрміны ажыцьцяўлення адміністратыўных працэдураў; тэрміны дзеяньня даведак або іншых дакументаў, якія выдаюцца пры ажыцьцяўленні адміністратыўных працэдураў; памер платы, якая зьбіраецца пры ажыцьцяўленьні адміністрацыйных працэдураў, а таксама рэквізіты банкаўскіх рахункаў для ўнясеньня такой платы; час прыёму, месца знаходжаньня, нумар службовага тэлефона, прозьвішча, уласнае імя, імя па бацьку, пасада работніка (работнікаў) дзяржаўнага органа і арганізацыі, які ажыцьцяўляе (якія ажыцьцяўляюць) прыём заяў аб ажыцьцяўленні адміністратыўных працэдур; назва, месца знаходжаньні і рэжым работы вышэйстаячага дзяржаўнага органа і арганізацыі;

— інфармацыю аб таварах (работах, паслугах), якія вырабляюцца (якія выконваюцца, якія аказваюцца) арганізацыяй: пералік тавараў (работ, паслуаўг); кошты (тарыфы) на тавары (работы, паслугі);

— інфармацыю аб формах зваротнай сувязі.

Фактычна, дзяржаўныя сайты павінныя будуць дубляваць усю інфармацыю на беларускай мове, апроч стужкі навінаў. Аднак пры гэтым тэксты нарматыўна-прававых актаў і формы (узоры) дакументаў будуць прадстаўленыя па-ранейшаму толькі на мове іх афіцыйнага зацьвярджэньня.

Гэты парадак устаноўлены пастановай ураду ад 23 кастрычніка 2017 г. № 797, якой унесеныя карэктывы ў Палажэньне аб парадку функцыянаваньня інтэрнэт-сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый, што было зацверджанае пастановай ураду ад 29 красавіка 2010 г. № 645 «Аб некаторых пытаньнях інтэрнэт-сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый і прызнаньні страціўшай сілу пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11 лютага 2006 года № 192».

Паводле narodny.org