Прафесар Мікола Савіцкі: Аснова дзяржаўнай ідэалогіі — страх
Спецыяліст у галіне эканамічнай інфарматыкі Мікола Савіцкі адным з першых стаў выкладаць інфарматыку і вылічальную тэхніку па-беларуску. Праз прынцыповасць у нацыянальных пытаннях ён паплаціўся месцам ва ўніверсітэце. Але нават зазнаўшы рэпрэсіі, Савіцкі працягнуў працаваць на ніве Адраджэння.
Сёлета Мікалай Іванавіч адзначыў 85-годдзе, і з гэтай нагоды падзяліўся сваімі ўспамінамі і сваім бачаннем таго, як Беларусь можа стаць беларускай і выйсці з-пад расійскага ўплыву.
Што палякі, што Саветы…
Мікола Савіцкі нарадзіўся ў Заходняй Беларусі ў фальварку Гарадок на Віцебшчыне, ля мяжы з Саветамі. Сям’я была беззямельная, і бацька будучага прафесара арандаваў зямлю ў пані, якая сама жыла ў Вільні. Каб плаціць за зямлю, маці даводзілася мыць бялізну польскім памежнікам. Паланізацыя была больш агрэсіўнай, больш рэакцыйнай у параўнанні з русіфікацыяй, перакананы Мікола Савіцкі. У той жа час ён узгадвае, што мэтанакіраванага выхавання беларускай самасвядомасці ў іх сям’і не было.
— І маці, і бабуля казалі: «Мы тутэйшыя» і «Мы ліцвіны». Але апалячванне не ўспрымалася, не клалася на светапогляды маіх бацькоў.
Затое моцна замацаваліся ў свядомасці нормы народнай педагогікі. Напрыклад, нельга было браць чужога, крадзеж — вялікі грэх. Нельга было хадзіць па пасеяных палосах жыта — як сваіх, так і суседскіх. А калі трэба было прайсці, каласы абавязкова расхіналі па баках, каб ніводнага не зламіць. Нават на дрэва залезці ў грубым вясковым абутку — грэх, бо падэшва магла пашкодзіць кару. Культывавалася павага да старэйшых: з кім бы дзіця ні сустрэлася, абавязкова мусіла павітацца.
— Цяпер таго ўжо няма, мараль разбураная, бальшавізм яе разбурыў. Пры паляках забаранялася ўсё нацыянальнае, яны казалі, што праз 20 гадоў на «ўсходніх крэсах» ніводнага беларуса не застанецца. Але яны неслі культуру: патрабавалі, каб перад хатай быў палісаднік, каб кожны дзень мялі вуліцу.
Мікола Савіцкі ўзгадвае яшчэ такі момант: калі хадзіў у школу, у маёнтку Палівачы (цяпер станцыя па дарозе з Маладзечна на Полацк) яшчэ стаяў дом, дзе нарадзіўся бацька беларускага тэатра Ігнат Буйніцкі. Міколава бабуля часта ўзгадвала, як танцавала з Буйніцкім восем кален кадрылі.
Пасля прыходу «другіх Саветаў» у маёнтку Буйніцкага арганізавалі ферму, потым гістарычны будынак знішчылі і ў 1970-х пабудавалі новыя фермы. Сёння ўжо разбураныя і яны…
— Мы хоць і бедна жылі, але бальшавікоў не чакалі, — узгадвае Мікалай Іванавіч з’яўленне савецкай улады. — Быў страх. Яшчэ з 1918 года людзі памяталі, што Саветы неслі разбурэнне і ўсё забіралі.
Не забыліся ў сям’і Савіцкіх і на тое, што два Міколавы дзядзькі, Антон і Пётр, яшчэ да 1939 года перайшлі мяжу з Саветамі і зніклі. Потым, ужо пасля смерці Сталіна, Пётр вярнуўся — пасля высылкі ў ГУЛАГ. Аднаго толькі факту нараджэння ў Заходняй Беларусі было дастаткова, каб запісаць чалавека ў польскія шпіёны. А лёс дзядзькі Антона невядомы да гэтага часу.
«У кожнай групе былі стукачы»
Нягледзячы на 85 гадоў за плячыма, прафесар Савіцкі штодня займаецца спортам (у кватэры нават ёсць «спартзала», дзе ён дэманструе нам некалькі фізічных практыкаванняў), шмат ходзіць пешшу, а па хаце перамяшчаецца выключна подбегам. Але і ў простых радасцях Мікола Іванавіч не адмаўляе ні сабе, ні гасцям — і падлівае нам у каву рыжскі бальзам.
«Хопіць ужо дзяцініцца», — ласкава ўшчувае прафесара жонка Глафіра Вікенцьеўна, падаючы нам духмяны напой, звараны ў кавамашыне. Увогуле, у кватэры Савіцкіх тэхнікі не цураюцца, сябруюць з інтэрнэтам, пільна сочаць за навінамі ў краіне і свеце. Нездарма Мікола Іванавіч усё жыццё прысвяціў інфармацыйным тэхналогіям, а Глафіра Вікенцьеўна, якая таксама мае прафесарскую ступень, і па сёння выкладае ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. У Дзень роднай мовы яна нават чытала студэнтам лекцыю па эканамічным аналізе па-беларуску.
— Я спачатку распавяла пра гэты дзень і пра тое, як важна нашу мову шанаваць. А калі сказала, што правяду лекцыю па-беларуску, усе адказалі: «Ура!». Хаця ў першы навучальны дзень, калі запытвалася, на якой мове выкладаць, толькі адна дзяўчына захацела па-беларуску, — распавядае гаспадыня.
Пасля таго, як з мужам у 2001 годзе ў БДЭУ не працягнулі кантракт (а выкладаў ён там з 1964 года), паўстала пытанне, як карміць сям’ю. І Глафіра Вікенцьеўна мусіла адмовіцца ад выкладання па-беларуску на карысць захавання працоўнага месца. І па сёння гэта для яе вялікі боль.
— Мяне звольнілі па моўнай і нацыянальнай прыкмеце, — перакананы Мікалай Іванавіч. — Я з 1988 года выкладаў па-беларуску і заклікаў студэнтаў да абуджэння. Калі былі прэзідэнцкія выбары, сабраў 300 подпісаў за Пазьняка. Увогуле, вёў актыўную дзейнасць — гэта многім не падабалася. У кожнай акадэмічнай групе быў адзін, а тое і два стукачы. Мяне трывалі, а потым адправілі юрыдычна на пенсію.
Спадар Мікола цяжка перажываў сваё звальненне, але ў той жа час лічыць яго «ўнутраным патрыятычным подзвігам». Дый навуковую дзейнасць не спыніў: працягваў працаваць над метадычнай базай, выдаваў слоўнікі па інфарматыцы на беларускай мове. Апошняя на сёння праца — сумесная з гісторыкам Леанідам Лычом кніга «Улады дыялог праігнаравалі (2015 — 2018)», прысвечаная пашырэнню ўжытку беларускай мовы, — выйшла сёлета.
«Мова — гэта палітыка»
Напачатку 1990-х гадоў Мікола Савіцкі ўзначальваў гарадскую арганізацыю Таварыства беларускай мовы і мог свабодна ўваходзіць ва ўсе аддзелы адукацыі. Аднак калі ён прапанаваў выкладанне інфарматыкі на беларускай мове, яму запярэчылі: маўляў, няма распрацаванай тэрміналогіі. Прафесара гэта закранула — настолькі, што ён заняўся стварэннем слоўнікаў па інфарматыцы і вылічальнай тэхніцы.
— У той час была распрацаваная дзяржаўная праграма тэрмінам ад 3 да 10 гадоў па пераводзе ўсіх сфер грамадскага жыцця на беларускую мову. Нейкага арганізаванага супраціву беларусізацыі да прыходу Лукашэнкі не было. Міліцыя ўжо амаль гаварыла (прынамсі, імкнулася) па-беларуску, на беларускай мове пісалі справаздачы!
У студэнцкім асяроддзі выкладанне па-беларуску збольшага было ўспрынята добра.
— Калі некалькі студэнтаў уздымаліся і казалі «читайте нам на нормальном языке», я не сварыўся, а казаў: «Ці магчымая была б такая сітуацыя ў Сарбоне, калі б прафесар чытаў лекцыю на французскай мове, а студэнты-французы заклікалі б чытаць на нейкай іншай?» — распавядае прафесар Савіцкі пра свой досвед выкладання па-беларуску.
Хаця — цяпер у гэта складана паверыць — былі часы, калі ён сам імкнуўся «пазбавіцца беларускага акцэнту». Падчас навучання ў аспірантуры напачатку 1960-х гадоў Мікола Савіцкі жыў у Маскве, і, як ні дзіўна, нацыянальная свядомасць напаткала яго менавіта там. Сярод кніг, што аспірант Савіцкі замаўляў у бібліятэцы, нейкім чынам апынулася «Новая зямля» Якуба Коласа. Будучы прафесар чытаў яе ў часы адпачынку. Паэма сталася такой блізкай для яго, што міжвольна пачаў задумвацца: чаму ўсе народы жывуць у сваіх мовах, а ён — не?
— Потым, у Мінску, апроч абавязковых «Правды» і «Известий», стаў выпісваць «Звязду», іншыя беларускамоўныя выданні. Гэта быў нейкі ўнутраны покліч, — кажа прафесар, які дасюль нават сабе не можа патлумачыць, што стала для яго штуршком вяртання да каранёў.
Увогуле, мова, лічыць Савіцкі, — аснова нацыянальнай культуры, гарант і найважнейшы складнік суверэнітэту краіны. Але на цяперашні рост нефармальных моладзевых ініцыятыў у падтрымку нацыянальнай мовы і культуры прафесар глядзіць з пэўнай доляй скепсісу, хаця, безумоўна, радуецца іх узнікненню і сам часцяком наведвае курсы «Мова Нанова».
— Ад інтэлігенцыі, проста свядомых людзей узнікаюць розныя ініцыятывы, бо ў кожным чалавеку на генным узроўні захоўваецца нацыянальны дух. І ўлада такім чынам проста дае спусціць пару, таму і не забараняе такія пачынанні. Бо дзесяць гадоў таму за дыктоўку ў Дзень роднай мовы маглі калі не на Акрэсціна адправіць, то лёгка выпісаць штраф. А сёлета ўпершыню да святкаванняў далучылася Акадэмія навук. Але гэта ні на што не паўплывае, — канстатуе Мікола Савіцкі.
На яго думку, вырашальную ролю ва ўмацаванні мовы і культуры ўсё ж павінна адыграць дзяржава. Інтэлігенцыя можа самаарганізавацца, але пакуль беларусы не гатовыя паўтарыць подзвіг польскай «Салідарнасці», лічыць прафесар.
— Вось Трусаў стварыў Нацыянальны ўніверсітэт. Але ён прыватны! Хочаце — адкрывайце, але ж як яго адкрыць без грошай, без памяшкання?..
Як бы многія ні стараліся адасобіць мову ад палітыкі, Мікола Савіцкі перакананы, што гэта немагчыма, бо «мова — гэта класічная палітыка». Прафесар тлумачыць гэта на прыкладзе той жа ідэалогіі «рускага міру», у аснове якой — абарона рускай мовы. Ці на прыкладзе ўтварэння дзяржавы Ізраіль, якое пачалося менавіта з аднаўлення старажытнай мовы іудзеяў — іўрыту.
Ці ёсць жыццё пасля акупацыі?
— Яшчэ Маркс сказаў, што краіна не можа быць незалежнай, калі на яе тэрыторыі прысутнічае хаця б адзін бот замежнай дзяржавы. А ў нас жа не тое што бот, а цэлыя войскі, — разважае спадар Мікола.
Ён часта паўтарае, што Беларусь цяпер знаходзіцца пад расійскай акупацыяй. І каб вызваліцца з-пад яе, трэба пазбавіцца страху. Бо пасажы пра тое, што без расійскай нафты і газу Беларусь не пражыве, — не больш чым замбаванне. Вунь, некалі думалі, што і Польшча не здолее існаваць без Расіі, прыводзіць прыклад навуковец:
— Калі развалілася Варшаўская дамова, палякі масава ехалі ў Беларусь на закупы і ад нас усё везлі ў Польшчу. Са студэнцкіх інтэрнатаў зніклі коўдры, са сталовых — відэльцы, усё прадавалі. А цяпер дзе Польшча і дзе Беларусь?..
Галоўным рэсурсам, які маюць беларусы і які павінны выкарыстаць для ўмацавання суверэнітэту, на думку прафесара, з’яўляецца розум. Апроч таго, у Беларусі найбагацейшая прырода, патэнцыял якой можна выкарыстоўваць для развіцця турызму, калійныя ўгнаенні, жалезныя руды…
Страх як аснова дзяржаўнай ідэалогіі фармаваўся ў паслярэвалюцыйныя часы. У Беларусі ж рэжым Лукашэнкі працягвае яго ўмацоўваць.
У любы момант можа адбыцца «выбух»
Яшчэ з адраджэнскіх часоў Мікола Савіцкі не губляе цікаўнасці да грамадска-палітычнага жыцця. Ён добра памятае нацыянальны ўздым пачатку 1990-х, і цяпер яшчэ бярэ ўдзел у акцыях салідарнасці з палітвязнямі, выходзіць на святкаванне Дня Волі і Дзяды. Кажа, што заўсёды імкнецца прысутнічаць на месцы падзей асабіста. Але адзначае, што грамадска-палітычная сфера цяпер рухаецца да катастрофы.
— Не можа быць толькі дэградацыі ўлады ці толькі дэградацыі палітычнай сістэмы, ці толькі дэградацыі сярэдняй альбо вышэйшай школы. Гэтая дэградацыя ў палітычнай сістэме адбылася чвэрць стагоддзя таму і працягваецца ў грамадскім жыцці, у тым ліку і ў апазіцыі, — мяркуе прафесар.
Але дадае, што ў любы момант можа адбыцца «выбух», як гэта здарылася напачатку 1990-х гадоў, калі на вуліцу ў Мінску выйшлі працоўныя. Ён прыгадвае, што ўбачыў калону людзей з чацвёртага паверха «Наргасу» на Партызанскім праспекце, дзе тады вёў лекцыю. Праспект увесь быў запоўнены людзьмі.
— Я кінуў лекцыю і пайшоў да іх, і быў такі ўздым, што я прайшоў з імі да Дома ўраду. Якая тады была самаарганізацыя — гэта трэба было бачыць!
Праўда, у той час людзей на вуліцу вывела цяжкае матэрыяльнае становішча. Цяпер такім чыннікам, на думку прафесара, можа стаць асэнсаванне немагчымасці далей трываць нацыянальную знявагу. Падстаў для гэтага дастаткова: функцыянаванне таго ж рэстарацыйна-забаўляльнага комплексу «Поедем поедим» у Курапатах ці разбурэнне «лавы Клінтана» ў нацыянальным некропалі.
— «Поедем поедим» — адзін з праектаў «рускага міру», тут няма сумневу. Яго задача — выклікаць раскол. Чым гэта ўсё скончыцца? Не будзе там рэстарану. Не думаю, што будынак разбураць, была ж нармальная прапанова ў людзей — зрабіць там музей, — разважае суразмоўца.
Кажучы пра ўсталяванне дзяржаўнага мемарыяльнага знаку ў Курапатах і адначасовае ігнараванне ўладамі пратэстаў каля рэстарацыі, Мікола Савіцкі ўжывае слова «нялюдскасць».
— Дзяржава ўсё робіць не па-людску. Калі прэзідэнт іншай дзяржавы паставіў лаўку, а ты нават ані разу не быў у Курапатах — няўжо табе не сорамна? Нармальнай логікай гэтага не патлумачыць.
Прафесар прыгадвае падзеі ў Курапатах падчас першай акцыі на Дзяды ў 1988 годзе, калі ўсе сталі на калені, і Савіцкі ўпершыню ўбачыў бел-чырвона-белы сцяг. Як і для многіх, для Міколы Савіцкага гэтая акцыя стала адпраўным пунктам нацыянальнага Адраджэння.
— Тады людзей вяла, мабыць, нейкая сакральная сіла. У тыя часы грамадства было на хвалі антыкамунізму, а вось нацыянальная свядомасць людзей яшчэ была на ўзроўні, ніжэйшым за сённяшні.
Мікола Іванавіч перакананы: рана ці позна Беларусь будзе беларускай, але для гэтага павінна адбыцца змена ўлады. А вось Глафіра Вікенцьеўна не надта падзяляе думкі мужа: яна лічыць, што пакуль годнай альтэрнатывы на пасаду кіраўніка дзяржавы ў Беларусі няма, дый Расія так проста не пагодзіцца аслабіць уплыў на нашу краіну. Але гэта не значыць, што трэба змірыцца і бяздзейнічаць, бо мы не ведаем, якія змены чакаюць нас заўтра. Наданне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай, якое адбылося ў 1990 годзе, таксама некалі ўяўлялася немагчымым, тым не менш, здзейснілася гэта яшчэ пры панаванні камуністычнага рэжыму. Таму — захоўваем спакой і працягваем рабіць сваю справу.
Савіцкі Мікалай Іванавіч, спецыяліст у галіне эканамічнай інфарматыкі. Кандыдат эканамічных навук (1963), дацэнт па кафедры «Механізацыя ўліку і вылічальная тэхніка» (1966), прафесар па кафедры «Вылічальныя машыны і праграмаванне на ЭВМ» (1982 г., ВАК СССР). Стваральнік і арганізатар у Беларусі першай кафедры «Механізацыя ўліку і вылічальная тэхніка» (1965), ад якой у БДЭУ адгалінаваліся іншыя кафедры інфармацыйных тэхналогій. Першы кандыдат навук па машыннай апрацоўцы эканамічнай інфармацыі ў Рэспубліцы Беларусь і 22-гі ў СССР. У 2009 годзе абраны правадзейным сябрам Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі (акадэмікам).
Падрыхтаваў 4 кандыдатаў навук і 9 у мэтавай аспірантуры г. Масквы (у той час у Беларусі не было савета па абароне). Аўтар больш за 100 навуковых прац і шэрагу публіцыстычных артыкулаў па пытаннях адраджэння беларускай мовы і культуры.
У сваёй галіне ведаў першым у Беларусі стварыў комплекс навукова-метадычнага забеспячэння вучэбнай дысцыпліны «Вылічальныя машыны і праграмаванне» для эканамічных ВНУ. Аднайменны падручнік з грыфам Міністэрства адукацыі БССР вытрымаў два выданні (1973, 1980). Суаўтар першага навучальнага дапаможніка з грыфам курса «Машынная апрацоўка эканамічнай інфармацыі ў галінах народнай гаспадаркі». Выдаў падручнік для тэхнікумаў «Техника вычислений и механизация учета» з саюзным грыфам, які вытрымаў тры выданні (М.: Статистика, 1969, 1974, 1979).
Браў удзел у распрацоўцы навукова-метадычных асноў для развіцця беларускамоўнай навуковай тэрміналогіі па інфарматыцы і вылічальнай тэхніцы. Аўтар «Руска-беларуска-англійскага слоўніка па інфарматыцы і вылічальнай тэхніцы» (1992 г.), вучэбных дапаможнікаў на беларускай мове па аднайменных вучэбных прадметах: «Эканамічная інфарматыка і вылічальная тэхніка» (1996 г.), «Тэхналогіі арганізацыі, захоўвання і апрацоўкі звестак» (2000 г.). Адзін з першых у Беларусі ў 1989 годзе пачаў выкладаць інфарматыку і вылічальную тэхніку па-беларуску.
Беларускамоўнае выкладанне інфарматыкі ва ўніверсітэце было спынена ў 2001 годзе. Рэктар Р.М.Карсека, першы прарэктар С.П.Гурко, загадчык кафедры А.М.Маразевіч па палітычных матывах «не прадоўжылі кантракт» адзінаму на той час беларускамоўнаму прафесару на кафедры Інфармацыйных тэхналогій Міколу Савіцкаму. На радзіме ён не запатрабаваны, але пасля «адлучэння» ад працы падрыхтаваў і надрукаваў за мяжой (у Расіі) два вучэбныя дапаможнікі для студэнтаў ВНУ ў поўнай адпаведнасці з тыпóвымі праграмамі: «Технологии организации, хранения и обработки данных» (2001) і з грыфам Мінадукацыі Расіі «Экономическая информатика» (2003, 2004).
У 2009 годзе выйшаў «Тлумачальны слоўнік па інфарматыцы» (Мн.: «Энцыклапедыкс»). У ім больш за 2500 найбольш ужывальных тэрмінаў. У 2014 годзе ў выдавецтве «МЕДЫЯЛ» выйшла 2-е выданне, дапоўненае і перапрацаванае, у якім больш за 3000 слоў, беларускі класічны правапіс.
Фота Дзіяны Пінчук