Дырэктар салігорскага «Шахцёра»: выкарыстанне беларускай мовы «не ўяўляецца магчымым»

Салігорскі футбольны клуб «Шахцёр» не будзе выкарыстоўваць беларускую мову ў інфармацыйнай ды іншых сферах дзейнасці клуба. Аб гэтым стала вядома з адказу дырэктара клуба Андрэя Лявончыка на пісьмовы зварот.

de725246_cc7b_41ff_95bf_3c4f1f70076a_w1080_h608.jpg

Дырэктар салігорскага футбольнага клуба «Шахцёр» Андрэй Лявончык адмоўна адказаў на пісьмовы зварот Ігара Случака з прапановамі выкарыстоўваць беларускую мову ў рэкламнай прадукцыі клуба, сайце і перапісцы з заўзятарамі. Фота адказа размешчана ў фэйсбук-суполцы «Умовы для мовы». Немагчымасць выкарыстоўваць беларускую мову ў рэкламнай прадукцыі дырэктар тлумачыць «значнымі фінансавымі выдаткамі», якія бюджэтам клуба не прадугледжаны. Таксама Лявончык паведамляе, што зносіны на рускай мове не выклікаюць нараканняў у заўзятараў клуба. Сам адказ на зварот аформлены па-беларуску.


Юрыст Ігар Случак штогод рассылае лісты адміністрацыям беларускіх футбольных клубаў і заклікае іх шырэй ужываць беларускую мову ў сваёй спартовай дзейнасці. Як часам вынікае з перапіскі, не ўсе адміністрацыі гатовыя да такіх прапаноў.
Паводле Facebook.com