Анісім і Севярынец правялі беларускамоўную дыктоўку для актывістаў БСРМ
Сябры праўладнай моладзевай арганізацыі пісалі верш Уладзіміра Караткевіча «Беларуская песня», паведамляе svaboda.org.
Дыктоўка для актыву БРСМ прайшла 5 сакавіка ў Стоўпцах з удзелам старшыні Таварыства беларускай мовы, дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім.
«Аўдыторыя для такой імпрэзы абсалютна новая — актывісты БРСМ з Мінскай вобласці. Іх сабралася каля 30 чалавек. Мяне цяпер пытаюцца, як гэта я здолела іх угаварыць. Я нікога не ўгаворвала, бо гэта была іхняя ініцыятыва, іхняе рашэнне» — падзялілася са Свабодай Алена Анісім.
Яна паведаміла, што актывісты пісалі верш Уладзіміра Караткевіча «Беларуская песня»:
«Усе нармальна напісалі. Хтосьці пісаў у радок, а хто памятаў Караткевіча — вершам. Але ўсё напісалі добра. А пася паехалі на экскурсію ў два філіялы коласаўскага музею — у Акінчыцы і Смольню».
Удзельнічаць у імпрэзе запрасілі і настаўніцу Ганну Севярынец. У сваім Фэйсбуку яна напісала:
«Пасля дыктоўкі пагутарылі пра мову — спакойна, па-чалавечы, без „бу-бу-бу“: што матывуе да мовы, як перайсці з расейскай на беларускую, што дапамагае, што чытаць дарослым і дзецям, чаму ў нас такія вучэбныя праграмы і г.д».
Спадарыня Севярынец зрабіла для сябе тры высновы:
"1. Дыялог - гэта прыўкрасна. 2. Мова і літаратура ўсіх нас бясспрэчна і безумоўна яднае, кім бы мы не былі. 3. Мы - адзін народ:)"