Кагосьці, відаць, пасадзяць

Ад пачатку сакавіка любы таленавіты аўтар можа свабодна падаць сваю сцэнарную заяўку ў Мінкульт. Манаполіі «Беларусьфільма» быццам бы пакладзены канец, а тым, хто мроіць пра небасхілы кінаіндустрыі, далі сігнал аб старце адкрытага конкурсу на падтрымку талентаў. Толькі эксперты, якія ведаюць, што сабой уяўляе беларускі кінематограф, пра перспектывы айчыннага кіно гавораць стрымана. І падкрэсліваюць: трэба мяняць сістэму, а не адзін вінцік у ёй. (На здымку: Ала Бабкова)



Ад пачатку сакавіка любы таленавіты аўтар можа свабодна падаць сваю сцэнарную заяўку ў Мінкульт. Манаполіі «Беларусьфільма» быццам бы пакладзены канец, а тым, хто мроіць пра небасхілы кінаіндустрыі, далі сігнал аб старце адкрытага конкурсу на падтрымку талентаў. Толькі эксперты, якія ведаюць, што сабой уяўляе беларускі кінематограф, пра перспектывы айчыннага кіно гавораць стрымана. І падкрэсліваюць: трэба мяняць сістэму, а не адзін вінцік у ёй.

(На здымку: Ала Бабкова)


У беларускі кінематограф уводзіцца практыка прадзюсавання. Каб зацікавіць вытворцаў фільмаў у прасоўванні і продажы фільмаў, устанаўліваецца абмежаванне фінансавання выдаткаў па вытворчасці фільмаў у рамках сацыяльна-творчага заказу за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту да 70 працэнтаў (за выключэннем дакументальных, дзіцячых, анімацыйных і дэбютных фільмаў, фінансаванне якіх прадугледжана да 100 працэнтаў). Арганізацыям кінематаграфіі даецца магчымасць атрымання льготных крэдытаў для вытворчасці фільмаў па сацыяльна-творчай замове, а таксама пакрыццё за кошт бюджэту прадзюсарскіх рызык вытворцам буйнабюджэтнага паспяховага фільма, калі яго на працягу трох гадоў з моманту пачатку пракату паглядзела больш за 80 тысяч.
Бачу тупік
У сакавіку Міністэрства культуры абвясціла адкрыты рэспубліканскі конкурс кінапраектаў на вытворчасць нацыянальных фільмаў і фільмаў па сацыяльна-творчых замовах. На працягу трох месяцаў камісія будзе разглядаць і адбіраць кінапраекты, якія прэтэндуюць на дзяржаўную фінансавую падтрымку. Бюджэтнае фінансаванне конкурсу на 2012 год складае каля 10 мільёнаў долараў. Заяўкі на ўдзел у конкурсе кінапраектаў прымаюцца ад 26 красавіка па 25 мая.
«Вялікі шанец, што большая частка грошай пойдзе прайдзісветам, як гэта заўсёды бывае на першых этапах. Бо ў нас няма кампаній, якія б сур’ёзна заявілі пра сябе ў кінавытворчасці, папросту няма. Наша прадзюсарская супольнасць — гэта людзі, якія называюць так сябе, але па сутнасці імі не з’яўляюцца. Гэта будзе цяжкі працэс фармавання. Кагосьці, відаць, пасадзяць, — выказаў свой прагноз драматург, сцэнарыст Андрэй Курэйчык у часе дыскусіі «Кінематограф Беларусі: калі заваюем «Оскара»?», арганізаванай «Ліберальным клубам». — Але, магчыма, з’явіцца некалькі чалавек ці кампаній, што змогуць распарадзіцца гэтымі грашамі і стварыць прадукт, які будзе запатрабаваны. Магчыма. Я гэтага не выключаю. Я хачу сказаць: добра, што з’явіўся шанец вось так падаць праект — магчыма, будзе добры сцэнар, добрае эканамічнае абгрунтаванне праекту — і ўдасца атрымаць гэтыя грошы на фільм».
Андрэй Курэйчык (як, зрэшты, і многія іншыя маладыя сцэнарысты, рэжысёры) прыйшоў да поспеху і славы ў кінематаграфіі па-за межамі Беларусі. Movie Research прызнала Курэчыка самым паспяховым сцэнарыстам расійскага кіно 2006–2008 гадоў. Курэйчык, навучаны расійскім досведам, даволі скептычна глядзіць на магчымасці сумленнага размеркавання рэсурсаў, але найбольш пытанняў выклікае выбудаваная ў краіне вертыкальная сістэма кіравання. Ва ўсіх сферах.
«Я пакуль, дзякуй Богу, не веру, што камісія, якая прымае рашэнне, абсалютна карумпаваная. Там розныя людзі, некаторыя з іх вельмі далёкія ад кіно, але гэта не карупцыянеры, гэта не так, як у Расіі. Раней там дзяржаўныя грошы выдавалі толькі за «адкаты». Прадзюсар ведаў, што калі ён атрымаў мільён, то сто тысяч трэба вярнуць туды, адкуль яны прыйшлі. Заўжды так было. Але не выключаю, што і тут такое ж з’явіцца. У любым выпадку, гэтыя людзі будуць прыслухоўвацца да меркавання зверху. Вырашаць, якія праектны запускаць, будзе Міністэрства культуры і Адміністрацыя прэзідэнта. Так было заўсёды. Сістэма вертыкальнага кіравання нікуды не падзелася, што і звужае поле для манеўра», — гаворыць сцэнарыст.
Да гэтай жа праблемы апелюе і кінакрытык Ала Бабкова. «Ніякая рэформа ў беларускім кінематографе цяпер немагчымая! Яна будзе магчымая толькі тады, калі ў агульнадзяржаўным маштабе зменіцца сістэма. Мяне вельмі трывожыць тое, што ў нас няма магчымасці развіваць менавіта нацыянальны кінематограф. Калі міністр культуры заступіў на сваю пасаду, то здзівіўся, што ў нас няма ніводнага фільма пра Янку Купалу. Тут жа тэрмінова зварганілі тэму, усё запісалі, аддалі добраму аўтару. Сцэнарыст Алёна Калюнова напісала прыстойны сцэнар фільма пра Купалу. Сюжэт стужкі будаваўся на тым, што два МДБісты раяцца адзін з адным, што рабіць з Купалам, як за ім сачыць. Паказваецца яго юнацтва, сталыя гады і гібель. Гэты сцэнар чамусьці ляжыць, яму не даюць ходу. Каля двух гадоў ужо. Я не ведаю, дзе выхад з той сітуацыі, што ёсць у айчынным кіно. Пакуль бачу тупік», — песімістычна гаворыць абазнаная ў справах беларускай кінаіндустрыі крытык.
Няма каму здымаць
Ала Бабкова распавядае, што Аляксандр Качан (сцэнарыст фільмаў «Масакра», «Акупацыя містэрыі», «Павадыр», «Розыгрыш» і інш. — аўт.) напісаў сцэнар па твору Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Але праца далей за паперу нікуды не рушыла. «Сцэнар някепскі, хаця маштабу Караткевіча там, на жаль, няма. Там няма той Беларусі, што можна было б узяць з рамана. Але ў цэлым сюжэтная канва, адносіны персанажаў, атмасфера зробленыя някепска. І ўсё гэта ляжыць. Чаму? — задае пытанні Ала Бабкова і тут жа на іх адказвае: — Бо цяпер трэба даставаць грошы. Іншая прычына: гэта амаль няма каму здымаць, бо людзей, якія ведаюць нацыянальную культуру, мову, на «Беларусьфільме» няма. Нашае беларускае кіно самае дэнацыяналізаванае мастацтва ў краіне».
Ад тых, хто заняты ў галіне кіно, цяпер можна пачуць многа спадзяванняў на маладых. Маўляў, цяпер моладзь абавязкова прапануе геніяльныя ідэі і будзе «Беларусьфільму» калі не «Оскар», то еўрапейскае прызнанне. «Але зноў такі вельмі многа шлагбаумаў перад імі, — астуджае запал Бабкова. — І калі чалавек захоча нешта здымаць, але гэта не ўлезе ў параметры, то і не атрымае магчымасці зрабіць пастаноўку».
І пераказвае гісторыю, якую пачула ад рэжысёра. Нехта даваў яму на фільм два мільёна долараў. Рэжысёр прыйшоў да папярэдняга міністра культуры і сказаў, што ёсць пазабюджэтныя грошы. Але спонсар мае дзве ўмовы: не пытацца, адкуль грошы, і не вылічваць з іх палову ў бюджэтныя плацяжы, што звычайна робіцца з фінансаў, якія выдзяляюцца на кіно. На што атрымаў адказ: хай гэтыя грошы будуць пераведзеныя на рахункі Мінкульта ці міністэрства фінансаў, а мы ўжо адтуль іх будзем выбіраць. Цяпер быццам бы з’яўляецца магчымасць для вольнага фінансавання, але, падкрэслівае Бабкова, усё адно будзе многа ўмоваў, якія прадзюсеры папросту не прымуць: «Будуць заганяць у вызначаны калідор, і як толькі вы крок улева — крок управа, то нічога не атрымаеце».
«Мяркую, што ёсць патэнцыял: маладыя мусяць аб’ядноўвацца з тэлебачаннем. Грошы тэлебачання і кінематографа трэба аб’ядноўваць. Другі момант: без нацыянальнага кінематографа мы нікому не будзем цікавымі. Мы ніколі не выпаўзем са сваёй дрыгвы, калі не будзем абапірацца на літаратуру, — рэзюмуе кінакрытык і прызнаецца, што марыць, каб былі экранізаваныя раман «Рыбін горад» Наталкі Бабінай, прытча Уладзімера Арлова «Ордэн белай мышы», раман Артура Клінава «Шалом».
Дзе ўзяць свабоду?
«Мне падаецца, што трэба адмовіцца ад буйных праектаў на некаторы час, бо яны не прыносяць ні прыбытку, ні славы. Лепш дзесяць фільмаў па сто тысяч долараў, чым адзін за мільён. І нават калі з гэтых дзесяці фільмаў восем будуць няўдалымі, то два — паспяховымі. Трэба драбніць бюджэты, хай дзесяць маленькіх кампаній вучацца рабіць кіно, чым адна вялікая кінакампанія будзе ўзбагачаць сваіх заснавальнікаў», — прапануе свой рэцэпт рэінкарнацыі беларускага кінематографа Курэйчык.
І зноў прыводзіць у прыклад Расію. «Яны не столькі фінансуюць праекты, колькі асобаў. Мне высокі чын з Міністэрства культуры Расіі гаварыў: «Мы заўсёды прафінансуем двух рэжысёраў, што б яны ні прынеслі. Адзін з іх — Аляксандр Сакураў. І нават калі Сакураў здымае ў Нямеччыне і па сутнасці нямецкае кіно з нямецкімі акторамі, ён важны для расійскай культуры як асоба. Мы можам не разумець, што ён здымае, але ён важны. Таму мне падаецца, што трэба фінансаваць персаналій — рэжысёраў, сцэнарыстаў», — зазначае сцэнарыст Курэйчык.
Цяжка з ім не пагадзіцца. Але цягам многіх гадоў творчая сфера краіны старанна прычэсвалася пад дзяржаўную лінію, быццам палёт фантазіі, думкі можна падпарадкаваць ідэалагічным і палітычным канцэпцыям. У выніку Андрэй Кудзіненка пасля «Акупацыі містэрыі», якую высока ацанілі кінакрытыкі, свой творчы шлях працягваў у Расіі. Студэнта Акадэміі мастацтваў Максіма Буйніцкага адлічылі з беларускай ВНУ. Ён з’ехаў вучыцца ў Кіеўскі нацыянальны ўніверсітэт тэатра, кіно і тэлебачання імя Карпенка-Карага і яшчэ ў статусе студэнта пачаў заваёўваць узнагароды кінафестываляў. Але не для Беларусі, якая ад яго адмовілася, а для Украіны.
-----------------------------------------------------------------
Што здымаць і дзе ёсць шанцы
Парады беларускім фільммейкерам ад Андрэя Курэйчыка:
Здымаць не пра што, а пра каго. У аснове заўжды герой. У расійскім кінематографе прызы забралі фільмы пра простыя адносіны простых людзей. Напрыклад, фільмы Аляксея Учыцеля, фільм Аляксея Папагрэбскага «Як я правёў гэта лета». Трэба шукаць вобразы, асобаў, якія адлюстроўваюць спадзевы пакаленняў. Феліні здымаў кіно пра простых італьянцаў — святароў, вуліцы Рыма, хатніх гаспадынь, пра тое, што яму балела.
База ў нас цудоўная, і няма абсалютна ніякіх праблем здымаць фільмы, і на ўмовах арэнды мы здымаем для Міхалкова, Хаціненкі ды іншых. Што тычыцца канкурэнцыі, ёсць два віды кінематографа: нам было б складана канкураваць на пракатным рынку, бо там патрэбныя аграмадныя бюджэты. Сучасная расійская карціна, якая выходзіць у пракат, мае прыкладна тры мільёны долараў на рэкламу, вытворчы бюджэт ад трох да дзесяці мільёнаў долараў, у залежнасці ад маштабу фільма. Такіх грошай у нас няма, і не будзе ніколі. Хіба што як прададзім «Беларуськалій», то можа хапіць на парачку блокбастэраў. Пракатнае кіно для нас закрытае.
У тэлевізійным кіно ў нас выдатныя магчымасці для канкурэнцыі з расінамі, бо ў нас усё больш таннае, мы дэмпінгуем. Украінскія тэлесерыялы займаюць амаль усё прадпраймавае вяшчанне на расійскіх тэлеканалах, у нас вытворчасць такога кіно яшчэ больш танная. Гэта нельга назваць кінематографам у нармальным сэнсе слова, бо гэты прадукт па-за мяжой дабра і зла. Але кляпаць і зарабляць на гэтым грошы магчыма.
Фестывальнае кіно. Яно па вызначэнню таннае, і галоўны рэсурс у ім — талент. Румынія — бяднейшая краіна, але іх кінематограф зараз заняў лідзіруючыя пазіцыі ў Еўропе. На фестывальных рынках мы можам заняць канкурэнтаздольныя пазіцыі, калі адкрыем свае таленты. Беларуская мова ў такім разе будзе плюсам, бо любы еўрапейскі фестываль шукае нацыянальны разрэз кінематографа.
Пра Карыбы і партызан
Алег Сільвановіч, дырэктар «Беларусьфільма»:
— У Беларусі 35 сонечных дзён, у Італіі — 264. Таму і здымаем пра туманы. Кіно пра партызан і вайну на «Беларусьфільме» будуць здымацца і далей. У мяне 2 000 адзінак зброі, 90 000 касцюмаў (з іх каля 30 000 абмундзіраванне), у мяне некалькі танкаў, нямецкі танк, нямецкія бронетранспарцёры, у мяне гаўбіцы. У нас пейзажы — балоты, лясы, дубровы, палі, кар’еры. Нам што, тут здымаць кіно пра адпачынак на Карыбах?
Каб вывесці беларускі фільм у паспяховы кінапракат, да прыкладу расійскі, трэба выдаткаваць як мінімум 2 мільёна долараў пры бюджэце фільма 1,5 мільёна долараў.