«Калі б Слуцкі СІЗА прымаў падарункі ад насельніцтва, падараваў бы швабру, памперсы і посуд»

Як стала вядома, за ўскладанне кветак ахвярам гета ў Слуцку пакараны не шэсць чалавек, а сем. Жыхар Старобіна Аляксандр Рыбка, які вызваліўся некалькі дзён таму з Слуцкага СІЗА, распавёў сваю гісторыю.

img_20201219_220541_501_logo.jpg


Імя раварыста Аляксандра Рыбкі, бухгалтара па спецыяльнасці, стала вядомае многім беларусам пасля таго, як ён 18 кастрычніка на ровары праехаў з Слуцка 100 кіламетраў для ўдзелу ў Партызанскім маршы ў Мінску. Пра гэта напісалі многія СМІ, а для Аляксандра гэта ўжо была пятая роварная паездка на мінскія акцыі. Але толькі ў той дзень ён праехаў 200 кіламетраў — туды і назад. Да гэтага часу яго некалькі разоў затрымлівалі: пасля 10 жніўня адседзеў 3 дні ў Жодзіна, пры гэтым ніякія паперы на яго не афармляліся. Другі раз, 20 жніўня, быў затрыманы каля прахадной МАЗ і пакараны штрафам у 20 базавых велічынь па артыкуле 23.34.
21 кастрычніка Аляксандр Рыбка таксама ўдзельнічаў у мерапрыемстве каля помніка ахвярам гета, але пасля кудысьці знік. На мерапрыемства ТБМ ён прыйшоў упершыню, а паколькі гістарычны экскурс вельмі хутка быў разагнаны міліцыяй, удзельнікі не паспелі нават пазнаёміцца з ім.
Цяпер жа высветлілася, што некаторы час ён хаваўся ад міліцыянтаў, каб тыя не склалі на яго адміністрацыйны пратакол, і адключыў усялякую сувязь.

img_20201219_212127_880_logo.jpg


Тым не менш, пакаранне ўсё ж адбылося. Вось што распавёў сам Аляксандр пра тое, дзе ён быў і што рабіў амаль 2 месяцы.
— У той дзень, 21 кастрычніка, я нічога не ведаў пра магчымае ўскладанне кветак каля былога габрэйскага гета. Мне патэлефанаваў сябра, які хацеў са мной сустрэцца, і пазначыў месца сустрэчы каля гарадской бібліятэкі. Калі я туды пад’ехаў на ровары, убачыў людзей з кветкамі. Вырашыў паназіраць за тым, што там будзе адбывацца. Пасля яшчэ пашкадаваў, што ў мяне няма кветак. У судзе я казаў, што на такое мерапрыемства, калі б я пра яго ведаў, прыйшоў бы ў строгім чорным убранні і абавязкова з каменьчыкамі — па габрэйскай традыцыі. Зразумела, што суддзя не прыняў сур’ёзна мае словы, бо для яго фактычна не важны словы таго, каго судзяць. Да ўвагі прымаюцца толькі сведчанні міліцыянтаў і фотаздымак прысутных у тым месцы.
Праз дзень пасля гісторыі з кветкамі Аляксандр даведаўся, што дваіх чалавек затрымалі і яго таксама шукаюць міліцыянты. Справа ў тым, што 18 кастрычніка падчас удзелу ў «Партызанскім маршы» ён выклаў у інтэрнэт-прасторы ролік, у якім распавёў пра прысвячэнне сваёй роварнай паездкі на акцыю ў Мінск палітвязням. Спачатку хлопца шукалі ў Салігорскім раёне па месцы рэгістрацыі, пасля — па месцы пражывання маці, у Слуцку. Як быццам з мэтай запрасіць на прафілактычную гутарку, але Аляксандру ўжо вядома, чым гэтыя «гутаркі» могуць абярнуцца. Сядзець у СІЗА і аплочваць штрафы не хацелася. Улічваючы, што восенню ён стаў «часова беспрацоўным», малады чалавек не спяшаўся сустракацца з сілавікамі.
 — Мне яшчэ ўдалося наведаць у Мінску шмат акцый, пра якія выкладваў ролікі ў мясцовых слуцкіх чатах, — распавядае Аляксандр. — 17 лістапада я ў 9-ы раз вяртаўся з Мінску на ровары. Прыкладна ў дваццаці кіламетрах ад Слуцка каля вёскі Шышчыцы мяне затрымалі. Гэта адбылося каля гадзіны ночы. Пасля — складанне пратакола па артыкулу 23.34, частка 3, суд за ўскладанне кветак без дазволу райвыканкама, пакаранне 15-ю соднямі арышту. Раніцай пасля затрымання мяне наведаў у СІЗА сам начальнік міліцыі Аляксандр Голікаў. Пагражаў жорсткім пакараннем за акцыі — да суда і не будучы суддзём. Магчыма, хацеў дабіцца прызнання віны і пакаяння.

img_20201219_220337_132_logo.jpg


Не паспеў малады чалавека адседзець за кветкі загінулым габрэям, як быў складзены новы пратакол і адбыўся новы суд за ўдзел у мінскіх акцыях. Абвінавацілі, што падчас акцый выкрыкваў словы «фашысты-лукашысты!» і дадалі яшчэ 15 содняў арышту. Вызваліўся толькі 17 снежня.

img_20201219_220509_942_logo.jpg


Аляксандр патрапіў за краты ўпершыню, пасля месяца адсідкі ў Слуцкім СІЗА яму патрэбна цяпер маральная і фізічная адаптацыя.
— Мяне там не білі і фізічна не катавалі, — гаворыць раварыст. — Але агульныя ўмовы заключэння нікому не дадаюць фізічнага і маральнага здароўя. Здзіўляе, што ў СІЗА не хапае элементарных рэчаў. Адсутнічала швабра для мыцця пола, не хапае пасцельнай бялізны, не хапае посуду, піць прыходзілася з чарапкоў, выразаных з пластмасавых бутэлек, якіх таксама не хапала на ўсіх. На прагулку падыхаць свежым паветрам вывелі толькі адзін раз за ўвесь месяц. Ежа вельмі аднастайная, кожны дзень амаль адно і тое ж. Цяжка адбываць арышт хворым людзям ва ўмовах адсутнасці небходных санітарна-гігіенічных рэчаў.Так, са мной разам адбываў трохдзённы арышт мужчына ва ўзросце 63 гадоў, які перанёс аперацыю. Яму патрэбны былі памперсы. Замест памперсаў супрацоўнікі СІЗА прынеслі прасціну…
Аляксандр кажа, што калі б СІЗА прымала рэчы ад насельніцтва, то абавязкова трэба было б ім падараваць швабру і прадметы гігіены, пасцельную бялізну, посуд. Зараз аматар роварнага спорту заклапочаны вяртаннем свайго ўлюбёнага ровара, які адабралі ў заклад на выплату штрафаў. За 30 содняў месцазнаходжання ў СІЗА ён таксама заставаўся вінен дзяржаве 400 рублёў.