«Калі ідзеш супраць народа — ты ідзеш супраць сумлення»

Жыхар Ліды Ігар Пыж’янаў з дзяцінства хацеў абараняць справядлівасць, таму пайшоў працаваць у міліцыю. Праз тое самае пачуццё справядлівасці сышоў, даслужыўшыся да капітана. Падчас выбараў 2020 года Ігар стаў незалежным назіральнікам і працягваў змагацца за праўду, пакуль у студзені да яго не прыйшлі з КДБ. А ў чэрвені закрытым судом яго асудзілі на 3 гады калоніі за гвалт у дачыненні да службовай асобы.

ihar_pyz_janau__4_.jpg


Няпрошаныя госці

Прыкладна а 7.20 раніцы 12 студзеня Ігар Пыж’янаў выйшаў у двор, каб адагнаць машыну, якая замінала выехаць машыне суседа. Але калі Ігар сядаў у аўто, да яго, не прадставіўшыся, уварваліся двое. Адзін сеў на пярэдняе пасажырскае сядзенне, другі адчыніў дзверы кіроўцы, забраў ключы ад машыны і перадаў іх свайму напарніку. Потым той, што забраў ключы, сеў на задняе сядзенне і стаў утрымліваць Ігара Пыж’янава за рукі. Гаварыў пераважна той, што сядзеў спераду, а незнаёмец ззаду толькі мацюкаўся і хапаў Ігара за рукі і плечы. Пярэдні сказаў, што ён з КДБ, яго прозвішча Якубчык. Ігар Пыж’янаў папрасіў паказаць пасведчанне — яму паказалі нейкую кніжачку, але разгледзець яе ён не паспеў, бо ў машыне было цёмна. Тады Ігар спытаў, ці ён затрыманы альбо арыштаваны — на абодва пытанні былі адмоўныя адказы.

Ігару Пыж’янаву дазволілі пераставіць аўтамабіль, ён сабраўся ісці дахаты, але супрацоўнік, які з ім гаварыў, запатрабаваў праехаць з імі. Ігар адмовіўся: ён мусіў адвезці ў школу сына і сказаў, што сам прыйдзе ў лідскі КДБ. Тады супрацоўнік, які сядзеў ззаду, стаў замінаць мужчыну прайсці дамоў, пачаў лаяцца і хапаць яго за рукі. У адказ Ігар зрабіў падсечку, але было коўзка, супрацоўнік упаў і пашкодзіў меніск. Пасля гэтага Ігар пайшоў дахаты — яго больш не затрымлівалі. Ён паспеў заўважыць яшчэ аднаго супрацоўніка — кіроўцу буса, на якім прыехалі няпрошаныя госці.

Адвёзшы сына ў школу, Ігар Пыж’янаў прыехаў на працу, распавёў дырэктару пра здарэнне, а пасля сам паехаў у лідскі КДБ. Адтуль ён ужо не выйшаў.

Хацеў абараняць закон

Брат Ігара Пыж’янава Леанід, які ўжо шмат гадоў жыве ў Ізраілі, гаворыць, што затрыманне Ігара не стала для яго нечаканасцю, ён нават папярэджваў, што такое можа здарыцца. Леанід распавядае, што яго брат — аўтарытэтны і паважаны ў Лідзе чалавек. У 1994–2006 гадах Ігар працаваў у крымінальным вышуку, займаўся барацьбой з незаконным абаротам наркотыкаў, даслужыўся да капітана. Але аднойчы здарыўся канфлікт.

— Быў сход, павінны былі выбіраць старшыню гарсавета. Прыехаў губернатар вобласці і сказаў, хто павінен быць старшынёй. Усе маўчалі, а мой брат устаў і гаворыць: «Вы прыехалі ў госці — вось і гасцюйце, а хто будзе старшынёй — мы самі вырашым».  


Ігар падчас вучобы

Ігар падчас вучобы

Пасля гэтага выпадку Ігара разжалавалі да старшага лейтэнанта. Але праз суд ён здолеў вярнуць сабе званне — і пасля гэтага звольніўся.

— Ён сказаў, што больш не зможа знаходзіцца ў органах унутраных спраў, — зазначае Леанід.


Ігар з маці

Ігар з маці

Брат Ігара Пыж’янава распавядае, што той заўжды хацеў абараняць закон, нават стварыў суполку ЮСМ (юны сябра міліцыі) пры мясцовым аддзеле УС. Спачатку ён вучыўся ў вышэйшай ваеннай вучэльні ў Піцеры, але калі распаўся СССР, ён мусіў вяртацца ў Беларусь і вучыцца там. А літаральна праз два тыдні пасля спынення вучобы ўвесь склад, з якім вучыўся Ігар, паехаў у Чачню.  

— Міліцыя ствараецца людзьмі, як і армія, і дзедаўшчына. Я сам служыў у беларускай арміі, і я ніколі не разумеў, чаму я павінен прыніжаць іншых толькі таму, што больш адслужыў, — зазначае Леанід. — Усе людзі роўныя, незалежна ад таго, з’яўляецца чалавек прэзідэнтам, зоркай ці іншай папулярнай асобай. Мы заўжды павінны памятаць, адкуль мы прыйшлі. І павінны памятаць, што калі мы ўпадзем уніз, тыя, хто ўнізе, нам не дапамогуць. Мой брат заўсёды казаў так: быць багатым — гэта ў адным кроку ад беднасці. Ты ніколі не ведаеш, што будзе заўтра. І ён мае рацыю: сёння ты на кані, заўтра — пад канём. Мы лічым, што самае галоўнае ў жыцці — заставацца чалавекам.

Ігар Пыж’янаў падчас службы

Ігар Пыж’янаў падчас службы

«Суд зрабілі закрытым, бо не хацелі, каб народ уздымаўся»

Пасля звальнення з органаў Ігар Пыж’янаў уладкаваўся юрыстам у адну з кампаній, акрамя таго ён завочна вучыцца на псіхолага. Па словах Леаніда, яго брат паважае закон і заўжды яго прытрымліваецца, таго ж самага ён патрабуе ад іншых.

— Яшчэ калі гэтага ўсяго не было (выбараў і пратэстаў. — НЧ), ён распавядаў, што робіцца (у Беларусі. — НЧ), як адбіраецца бізнес. Ён казаў, што народ гэтага не вытрымае, хоць беларускі народ вельмі цярплівы.


Ігар Пыж’янаў з сям’ёй

Ігар Пыж’янаў з сям’ёй

На апошніх выбарах Ігар быў незалежным назіральнікам. Як і многім, яму не дазволілі прысутнічаць на ўчастку і перашкаджалі фіксаваць выбаршчыкаў. Тым не менш, мужчына заўважыў вялікую неадпаведнасць: паводле афіцыйнага пратаколу, на яго ўчастку перамог Лукашэнка, у той час як большасць выбаршчыкаў пазначылі сябе белымі бранзалетамі, а бюлетэні яны складвалі гармонікам, як заклікалі альтэрнатыўныя кандыдаты.
 Тады Ігар з паплечнікамі стварыў тэлефон даверу, па якім прасіў людзей паведамляць, за каго яны галасавалі, каб аднавіць справядлівасць.

— Мой брат — вельмі паважаны чалавек у Лідзе. Калі я да яго прыязджаў, з ім праз аднаго людзі віталіся. Ён вельмі добры, усім дапамагаў. Вельмі шмат людзей прыйшло на суд — іх не пусцілі (пасяджэнне па справе Ігара ў Лідзе зрабілі закрытым. — НЧ). Ён сам хадзіў на суды па палітычных справах, выступаў сведкам, пісаў лісты. Ніколі не хаваўся, таму было зразумела, што яго возьмуць пад каўпак, — гаворыць Леанід. — У Беларусі няма «палітычных» артыкулаў, таму шукаюць, як прычапіцца да людзей, абвінаваціўшы іх у парушэнні правапарадку, напрыклад. Гэта робіцца для таго, каб запалохаць і не даць ім агалосіць інфармацыю, ізаляваць ад журналістаў.

Ён мяркуе, што загад аб арышце яго брата паступіў з Мінска, але супрацоўнікі КДБ доўга не маглі знайсці зачэпку, таму зладзілі правакацыю.

— Ён чалавек юрыдычна пісьменны, і калі б яго забралі адразу — за што? З ім бы такое не «пракаціла». Яго шмат дзе ведаюць, таму і суд у Лідзе зрабілі закрытым — бо не хацелі, каб народ уздымаўся.

Галадаў, зведаў катаванні, віны не прызнаў

Леанід гаворыць, што Ігар сам паехаў у КДБ, бо хацеў даведацца, з чым звязаная цікаўнасць да яго асобы. Па словах суразмоўцы, нават у камітэце брата арыштавалі не адразу: ён чакаў 6 гадзін, пакуль на яго завядуць справу.

У выніку справу завялі па ч. 1 арт. 366 КК РБ (гвалт супраць службовай асобы). Людзей, якія гэта рабілі, не збянтэжыла тое, што ў Ігара трое маленькіх дзяцей, пры гэтым у адной дачкі ДЦП. Дзяўчынка не ходзіць, мае патрэбу ў адмысловых працэдурах і абследаваннях, на якія яе возяць у Гродна і Мінск. Калі дома ў Ігара Пыж’янава адбыўся ператрус, забралі ўсё золата, тэлефоны, нават машыну, і дзіця не было на чым вазіць на лячэнне. Пасля, праўда, аўтамабіль вярнулі, але яго давялося аддаваць у рамонт.


 Ігар Пыж’янаў з дачкой Сашай, у якой ДЦП.

 Ігар Пыж’янаў з дачкой Сашай, у якой ДЦП.

Ігар лічыць незаконным сваё затрыманне і крымінальную справу супраць яго, ён змог перадаць блізкім, што расследаванне праводзілася з грубымі парушэннямі нормаў крымінальна-працэсуальнага права. Пакуль ішло следства, Ігар Пыж’янаў пісаў процьму скаргаў, заяўляў мноства хадайніцтваў, але ўсе яны былі адхіленыя, а скаргі, вядома, засталіся незадаволенымі. На знак пратэсту супраць беззаконня Ігар абвясціў галадоўку, якую трымаў 32 дні. Але ў выніку страціў прытомнасць, яму выклікалі доктара, і ён вымушаны быў перастаць галадаць.

Хоць на суд пацярпелы супрацоўнік КДБ Ліхарадаў прыйшоў на дзвюх сваіх нагах, 17 чэрвеня суддзя Аляксандр Гаўрылаў прызначыў Ігару Пыж’янаву пакаранне ў выглядзе 3 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і пастанавіў выплаціць 10 000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Ігар віну не прызнаў і сказаў толькі, што просіць прабачэння, калі Ліхарадаў пацярпеў ад яго дзеянняў.

— Мне цікава: калі чалавек, які ўяўляе сабой уладу, ахоўвае спакой грамадзян, ён на баку закона. Чаму тады на суд прыехала столькі амапаўцаў, чаму заходзілі праз чорны ўваход і былі ў масках? Чаго яны баяцца? Калі яны лічаць, што загад быў слушны — чаму яны хаваюць свае абліччы? Значыць, яны адчуваюць сваю віну. І адмазка, якая гучала падчас Нюрнберга — «я звычайны салдат, які выконваў загад» — не пройдзе. Калі ты ідзеш супраць свайго народа — ты ідзеш супраць свайго сумлення, — перакананы Леанід.


ihar_pyz_janau__3_.jpg


Нядаўна ён даведаўся пра новыя падрабязнасці ў справе брата. Калі яго прывезлі на суд, уначы не давалі спаць: будзілі, запытваліся нумар артыкула, па якім яго абвінавачваюць, уключалі гучна музыку, не давалі паперу, каб ён не мог напісаць скаргу.

«Чым больш будзе людзей, як мой брат, тым хутчэй Беларусь пераможа»

Цяпер Ігар Пыж’янаў знаходзіцца ў гродзенскай турме. У лістах родным ён піша, што «будзем жывыя, не памром». Вельмі сумуе па сям’і, пасля суда яму дазволілі толькі на 5 хвілін убачыцца з дзецьмі.У свой час Леанід прапаноўваў Ігару з’ехаць з ім у Ізраіль, але брат адмовіўся: ён сказаў, што яго радзіма — Беларусь.

— Ён заўжды быў патрыётам. Чым больш будзе такіх людзей, як мой брат, тым хутчэй Беларусь пераможа. Трэба верыць у сябе, у людзей, у дабро і справядлівасць, — падсумоўвае Леанід.


ihar_pyz_janau__2_.jpg


Сам ён, хоць і жыве за мяжой, востра адрэагаваў на падзеі ў Беларусі. У Леаніда свой музычны гурт «Без границ», і адну з песень ён прысвяціў беларускім падзеям жніўня 2020 года.



Леанід перадае, што брат вельмі дзякуе валанцёрам і людзям, якія пішуць лісты — для Ігара гэта вялікая падтрымка.
Вы таксама можаце даслаць яму ліст: г. Гродна, турма №1, вул. Кірава, 1, 230023. Пыж’янаву Ігару Юр’евічу.Апроч таго вы можаце падтрымаць жонку і траіх дзяцей вязня, пералічыўшы ахвяраванне на ўказаныя ніжэй рэквізіты:
BY80 АКВВ 3014 0000 2637 6421 0000
Фота з сямейнага архіва Ігара Пыж’янава