«Калі народ, выбіраючы паміж вайной і дыктатурай, выбірае дыктатуру, ён атрымае і вайну, і дыктатуру»

Журналіст Ігар Ільяш на сваёй старонцы ў фэйсбуку выказаўся аб ваяўнічых пакненнях беларускага рэжыма,  і — шырэй — аб тым, чаго ў палітыцы рабіць нельга.




5e79977e_a8f5_4f2c_ba9f_9d0546dec1a8_w1200_r1.webp

Я думаю, што кожны беларус хоць раз у жыцці чуў ад каго-небудзь са сваіх суайчыннікаў штосьці накшталт «па меншай меры, нашых дзяцей не адпраўляюць паміраць на войны, як у іншых краінах», — піша Ігар Ільяш. — Трэба прызнаць, што даведзеная прапагандай да абсурду і гратэску ідэя «абы не было вайны» сапраўды доўгі час была ідэалагічным падмуркам рэжыму — так, мы жывем бедна і нашы правы не выконваюцца, але затое няма вайны (затое не «як ва Украіне», затое «па вуліцах можна хадзіць спакойна» і г.д. — у залежнасці ад індывідуальнай інтэрпрэтацыі гэтай дзіўнай канцэпцыі бяспекі). Тым больш дзіўна назіраць цяпер за мілітарысцкай істэрыяй, абяцаннямі разграміць Украіну за 3-4 дні і дайсці «да Ла-Манша», за паведамленнямі аб адпраўцы беларускіх жаўнераў у Сірыю. Цікава, што цяпер, калі Беларусь сапраўды знаходзіцца ў кроку ад вайны, адбываецца ў галовах гэтых «па меншай меры...»?

Калісьці Чэрчыль, каментуючы Мюнхенскае пагадненне, сказаў: «Калі краіна, выбіраючы паміж вайной і ганьбай, выбірае ганьбу, яна атрымае і вайну, і ганьбу!» Гэтая цытата, па сутнасці, стала сімвалам таго, як паступаць у палітыцы нельга. Сімвалам гістарычнай памылкі Захаду ў дачыненні да агрэсара.

Сучасная Беларусь (пачынаючы з 94-га года) таксама калі-небудзь увойдзе ў гісторыю як прыклад таго, як паступаць нельга. Як нельга паводзіць сябе народу, грамадству, людзям. І калі перафразаваць Чэрчыля, то аксіёма гэтага ўрока гісторыі будзе гучаць прыкладна так: «Калі народ, выбіраючы паміж вайной і дыктатурай, выбірае дыктатуру, ён атрымае і вайну, і дыктатуру». І ўжо тым больш гэта дакладна, калі з самага пачатку падобная альтэрнатыва была цалкам выдуманай.