Калонія №9 у Горках: дзе ламаюць беларускіх палітвязняў
Беларускія праваабаронцы асцерагаюцца за жыццё палітвязня Міхаіла Жамчужнага, які адбывае тэрмін у ПК-9. Актывісты апазіцыі, якія прайшлі гэтую калонію, патлумачылі DW, чаму ў яе дурная слава.
У розныя гады ў Горацкай калоніі №9 у Магілёўскай вобласці адбывалі частку свайго тэрміну апазіцыйныя актывісты Зміцер Дашкевіч, Мікалай Дзядок, Аляксей Мілюкоў і Васіль Парфянкоў. У дадзены момант там знаходзіцца былы дацэнт Віцебскага тэхналагічнага інстытута, сузаснавальнік праваабарончай установы "Платформа інновэйшн" Міхаіл Жамчужны. Шэраг праваабарончых арганізацый у сумеснай заяве ў снежні 2015 года прызналі яго палітычным вязнем. Тое, што адбываецца ў Горацкай ПК-9 дае падставу праваабаронцам лічыць яе інструментам расправы уладаў з непажаданымі.
Ліст у пракуратуру, адказ з ДВП
У снежні мінулага года юрыст праваабарончага цэнтра "Вясна" Наста Лойка накіравала афіцыйны зварот у пракуратуру Горацкага раёна з патрабаваннем прыняць меры па забеспячэнні асабістай бяспекі палітвязня Міхаіла Жамчужнага. Стала вядома, кажа Лойка, што ў дачыненні да палітвязня былі распаўсюджаныя недакладныя звесткі аб яго так званым "нізкім статусе", з-за чаго немінуча ў такіх выпадках ад пэўнай катэгорыі асуджаных паступаюць пагрозы расправы.
Міхаіл Жамчужны трапіў у Горкі ў жніўні мінулага года, і з таго часу ўжо 14 раз быў змешчаны ў штрафны ізалятар (ШІЗА). Бесперапынны арышт доўжыўся сто дзён з-за таго, што, выходзячы з ШІЗА, Жамчужны кожны раз атрымліваў новае спагнанне за адмову пераходзіць у атрад, сфармаваны з заключаных з "нізкім статусам". Патрабаванні палітвязняўперавесці яго ў бяспечнае месца не далі рады.
Наста Лойка адзначае, што была здзіўленая адказам, які прыйшоў з Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП) МУС Беларусі. Гэта значыць, што раённая пракуратура, тлумачыць яна, не ўзяла на сябе адказнасць пачаць праверку і адправіла зварот у Магілёўскую абласную пракуратуру, а тая перанакіравала яго ў ДВП. Як правіла, працягвае праваабаронца, дзяржорганы такія звароты спускаюць у ніжэйстаячыя інстанцыі для рэагавання, а ў дадзеным выпадку ліст наадварот пайшоў знізу ўверх. Зрэшты, канстатуе Лойка, адказ уяўляе сабой адпіску: праверка не выявіла парушэнняў заканадаўства з боку службовых асоб калоніі.
Асаблівае стаўленне да палітвязня
Аднак прэзідэнт Беларускага дома правоў чалавека ў Вільні Таццяна Равяка лічыць, што зварот Насты Лойка падзейнічаў, бо адказ змяшчае інфармацыю аб праверцы ў ПК-9. Акрамя таго, з ліста, які Равяка атрымала ад Міхаіла Жамчужнага, стала вядома, што з 6 студзеня ён пераведзены на адзін месяц у памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Праўда, пакуль не ясна, адзначае Равяка, ці звязана гэта з забеспячэннем яго асабістай бяспекі або яно аформлена як чарговае спагнанне.
Судзілі Жамчужнага, нагадвае Таццяна Равяка, у закрытым рэжыме, і толькі праз год пасля яго арышту стала вядома, што беларускі КДБ падазраваў яго ў шпіянажы на карысьць Польшчы. Высветлілася, што ўсе падзеі, якія адбываліся з Жамчужным, былі часткай следчага эксперыменту КДБ: асудзілі яго толькі за наўмыснае раскрыццё службовых сакрэтаў — як палічыў суд, за куплю ў супрацоўніка міліцыі інфармацыі, якая з'яўляецца службовай таямніцай. Шэраг праваабарончых арганізацый тады безумоўна прызналі Міхаіла Жамчужнага палітвязнем.
Апазіцыйны актывіст Аляксей Мілюкоў, які вызваліўся з Горацкай калоніі тры месяцы таму, называе ціск на Жамчужнага помстай за яго барацьбу з міліцэйскім самаўпраўствам. "Платформа Іннавейшн", кажа Мілюкоў, сістэмна займалася менавіта абаронай правоў асуджаных, таму да Жамчужнага ў калоніі асаблівае стаўленне. Сам Мілюкоў трапіў на год у ПК-9 таксама пасля канфлікту з міліцыяй: разам з бацькам, блогерам Алегам Желновым, ён здымаў на відэа парушэнні правілаў дарожнага руху супрацоўнікамі ДАІ.
Сумна вядомая ПК-9
Апынуўшыся ў ПК-9, успамінае Аляксей Мілюкоў, ён неўзабаве высвятліў, што ўсім асуджаным дадзена каманда з ім не кантактаваць. А далей пачаліся бясконцыя прыдзіркі: напрыклад, ён атрымаў спагнанне за адсутнасць летняй формы, якую яму не выдала сама адміністрацыя. За год знаходжання ў калоніі Мілюкоў два месяцы правёў у ШІЗА, дзе ў знак пратэсту тройчы аб'яўляў галадоўку. "Задача Горацкай калоніі зламаць чалавека", — упэўнены ён.
Горацкая папраўчая калонія строгага рэжыму №9 знаходзіцца за горадам. Ад райцэнтра яе аддзяляе чыгуначнае палатно і станцыя Пагодзіна, куды штодня прыходзіць цягнік Брэст-Камунары, апошні закрыты кратамі вагон якога збірае на этап зняволеных з усіх беларускіх СІЗА. Раз у тыдзень два дзясяткі супрацоўнікаў ДВП з сабакамі прымаюць і адпраўляюць у Пагодзіна асуджаных.
У мінулым годзе выпраўленчая ўстанова адзначыла 60-гадовы юбілей. Калонія была створана ў 1957 годзе на базе мясцовага цаглянага завода, а ў сярэдзіне 70-х яе перапрафілявалі пад выпуск прамысловай прадукцыі. Разлічана ПК №9 на 1500 чалавек.
Метады працы адміністрацыі Горацкай калоніі
Адзін з фігурантаў "справы анархістаў" Мікалай Дзядок трапіў у гэтую калонію ў 2015 годзе. З першых дзён, распавядае Дзядок, ён увесь час адчуваў на сабе неапраўдана жорсткія патрабаванні аператыўнікаў па выкананню рэжыму, і гэта ніяк не залежала ад паводзінаў: як бы паслухмяны ты ні быў, усё роўна караюць.
ПК-9, сцвярджае ён, выкарыстоўваецца для аказання ціску не толькі на палітзняволеных, але і прадстаўнікоў крымінальных груп, якія адмаўляюцца супрацоўнічаць з міліцыяй. Мікалай Дзядок не сумняваецца, што загад пераследваць няўгодных зыходзіць не ад адміністрацыі калоніі, а ідзе зверху — з ГУБАЗіК і КДБ.
Экс-лідар "Маладога фронту" Зміцер Дашкевіч, які адбыў частку пакарання ў ПК-9 у 2011 годзе, успамінае, што самымі небяспечнымі людзьмі там былі зняволеныя з максімальнымі тэрмінамі. Яны разумеюць, што ўжо не выйдуць на свабоду, таму гатовыя на ўсё, каб уладкаваць свой побыт у зоне.
Іх рукамі, кажа Дашкевіч, і дзейнічае адміністрацыя, якая сама практыкуе прымяненне супраць асуджаных нефармальных зэкаўскіх "паняццяў". Няўгодных спрабуюць перавесці ў своеасаблівую касту недатыкальных, якія прыраўноўваюцца да гомасэксуалаў і выконваюць брудную працу — гэта і ёсць "нізкі статус".
Скаргі на ўтрыманне зняволеных у Горках праваабаронцы атрымліваюць рэгулярна, падкрэслівае юрыст Павел Сапелка, які займаецца маніторынгам месцаў пазбаўлення волі ў Беларусі. ПК-9, паводле яго слоў, прызначана для асоб, якія трапілі ў турму паўторна, таму там больш складаны кантынгент і метады працы. Відавочна, кажа Сапелка, там парушаецца абсалютнае права грамадзян на свабоду ад жорсткага абыходжання. Але змяніць сітуацыю, мяркуе юрыст, можа толькі праз пільную ўвагу грамадскасці.