Камітэт міжнароднага кантролю патрабуе спыніць дэпартацыю назіральнікаў

Камітэт міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі заявіў пра перашкоды ў працы назіральнікаў. І запатрабаваў ад уладаў Беларусі адмяніць рашэнні аб дэпартацыі праваабаронцаў Міжнароднай назіральнай місіі.
У распаўсюджанай заяве арганізацыі-удзельніцы Камітэта выказалі занепакоенасць сітуацыяй вакол прадстаўнікоў Міжнароднай назіральнай місіі, створанай пад яго эгідай.

Камітэт міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі заявіў пра перашкоды ў працы назіральнікаў. І запатрабаваў ад уладаў Беларусі адмяніць рашэнні аб дэпартацыі праваабаронцаў Міжнароднай назіральнай місіі.


У распаўсюджанай заяве арганізацыі-удзельніцы Камітэта выказалі занепакоенасць сітуацыяй вакол прадстаўнікоў Міжнароднай назіральнай місіі, створанай пад яго эгідай.


Так, 16 сакавіка кіраўнік місіі, грамадзянін Расіі Андрэй Юраў быў затрыманы ў Мінску супрацоўнікамі міліцыі і дастаўлены ў РУУС Савецкага раёна. Яго там пратрымалі ўсю ноч. Раніцай яму вынеслі прадпісанне пакінуць тэрыторыю Беларусі на працягу 24 гадзінаў. Андрэю Юраву давялі да ведама, што ён занесены ў “Спіс асобаў, уезд якіх у Рэспубліку Беларусь забаронены ці непажаданы да 15 лютага 2013 года.


Раней, як зазначыў Камітэт, 9 сакавіка падобны выпадак адбыўся з украінскім праваабаронцам, які ехаў у Беларусь для працы ў Міжнароднай назіральнай місіі, — Максімам Кіцюком. Далей, 20 красавіка, пры перасячэнні ўкраінска-беларускай мяжы па прычыне занясення ў такі спіс была затрымана інфармацыйны памочнік прадстаўніка місіі, грамадзянка Украіны Марына Цапок. Наступным днём, 21 красавіка, яшчэ адзін украінскі праваабаронца, Міхаіл Каменеў, накіроўваўся ў Беларусь для працы ў складзе місіі. Але таксама быў затрыманы на мяжы і дэпартаваны.


Камітэт міжнароднага кантролю зазначыў, што праваабаронцы Андрэй Юраў, Максім Кіцюк, Марына Цапок і Міхаіл Каменеў, знаходзячыся на тэрыторыі Беларусі, дзейнічалі адкрыта. І на падставе норм ААН і АБСЕ аб праваабарончай дзейнасці ажыццяўлялі маніторынг сітуацыі з правамі чалавека ў адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі, узятымі на сябе Рэспублікай Беларусь.


У адпаведнасці з імі пытанні правоў чалавека з’яўляюцца прадметам наўпроставай і легітымнай занепакоенасці ўсіх дзяржаваў-удзельніц АБСЕ і міжнароднай грамадзянскай супольнасці. І не адносяцца выключна да ўнутраных справаў адпаведнай дзяржавы.


Дэпартацыю назіральнікаў Камітэт расцаніў як непасрэдную перашкоду для працы місіі. І як грэбаванне з боку ўладаў Беларусі міжнароднымі абавязацельствамі АБСЕ, якія ўзяла на сябе краіна.


Камітэт міжнароднага кантролю запатрабаваў неадкладнай адмены забароны на ўезд прадстаўнікоў Міжнароднай назіральнай місіі. І выдалення са “спісу неўязных міжнародных праваабаронцаў, у тым ліку дэпартаваных назіральнікаў місіі. Таксама Камітэт заклікаў прынесці ім афіцыйныя прабачэнні і садзейнічаць пры здзяйсненні маніторынгу з захаваннем правоў чалавека ў Беларусі.


Камітэт звярнуўся і да іншых грамадзянскіх арганізацый з краінаў-удзельніц АБСЕ, а таксама да міжнародных няўрадавых арганізацый з заклікам далучыцца да гэтых патрабаванняў. І накіроўваць звароты да ўладаў Беларусі.