Каму патрэбнае смяротнае пакаранне?

Праваабаронца Валерый Філіпаў справядліва заўважае, што Крымінальны кодэкс ставіць сваёй мэтай выпраўленне асуджаных. Але ў дачыненні да асуджаных на смерць гэтая мэта не дасягаецца.



filippov_logo.jpg

Напярэдадні міжнароднага дня барацьбы за адмену смяротнага пакарання выйшла ў свет кніга беларускага праваабаронцы Валерыя Філіпава «Каму патрэбна смяротнае пакаранне?». Аўтар з розных пазіцый разважае над гэтым няпростым пытаннем. У кнізе прыводзіцца шмат фактаў, лічбаў, меркаванняў. У выніку чытач сам можа зрабіць выснову, што такое смяротнае пакаранне і ці патрэбнае яно ў нашай краіне. Але на некаторых момантах кнігі хацелася б акцэнтаваць увагу.

Статыстыка

Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне. Пры гэтым можна прасачыць сітуацыю ў лічбавых дадзеных.

У савецкі перыяд у Беларусі выключная мера пакарання прадугледжвалася за 34 віды злачынстваў. Па гэтым паказчыку мы апярэджвалі многія краіны свету. Але нават у СССР у нас не было столькі пакараных смерцю, як у канцы 90-х гадоў, ужо ў незалежнай Беларусі. Колькасць смяротных прысудаў у краіне дасягнула свайго максімуму ў 1997 годзе (46), і ў 1998 годзе (47). Пасля ўвядзення ў 1999 годзе пажыццёвага зняволення як віду пакарання колькасць смяротных прысудаў рэзка пайшла на спад: у 1999 — 13, 2000 г. — 4, 2001 г. — 7.

У апошнія гады смяротныя прысуды сталі рэдкасцю. Але іх ужыванне выклікае ўсплёск эмоцый і дыскусій. Так, прысуд у дачыненні да Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, абвінавачаных ў выбуху у мінскім метро 11 красавіка 2011 года ўзмацніў грамадскі інтарэс да праблемы смяротнага пакарання ў Беларусі. Прычым, пытанне паўставала так: наколькі апраўданая смяротная кара, калі застаюцца сумневы ў датычнасці абвінавачаных да здзяйснення злачынства?

Апытанні

Як паказваюць апытанні ў розных краінах, сярэднестатыстычны грамадзянін лічыць, што смяротнае пакаранне — гэта адэкватны адказ на асабліва цяжкае злачынства (часцей за ўсё забойства), і таму яно павінна захоўвацца «на ўсялякі выпадак».

На рэферэндуме 1996 года калі 80% грамадзян, якія прынялі ўдзел у галасаванні, адмоўна адказалі на пытанне аб адмене смяротнага пакарання (варта адзначыць, што рэферэндум па гэтым пытанні насіў рэкамендацыйны характар і праходзіў са шматлікімі парушэннямі заканадаўства).

Апытанні насельніцтва ў іншых постсавецкіх рэспубліках (Азербайджане, Літве, Украіне, Расіі) таксама паказалі, што большасць грамадзян выступаюць за захаванне смяротнага пакарання як найбольш эфектыўнай меры пакарання. Тым не менш, у гэтых краінах перад іх уступленнем у Савет Еўропы смяротнае пакаранне было адменена альбо на яго прымяненне быў усталяваны мараторый (у Расіі ён дзейнічае з 1996 года і там перыядычна падымаецца пытанне аб аднаўленні смяротнага пакарання па асобных відах злачынстваў, — аўт.).

Філіпаў прыходзіць да высновы, што грамадства ў сілу склаўшыхся стэрэатыпаў «не гатовае» да канца адмовіцца ад прымянення смяротнага пакарання. Рашэнне па гэтым пытанні павінна прымацца палітычнае, на дзяржаўным узроўні. Напрыклад, у Германіі рашэнне аб адмене смяротнага пакарання было прынята ў 1949 годзе. У Францыі апошняя пакаранне праз адсячэнне галавы гільяцінай адбылося 10 верасня 1977 года. Прычым, гэта было апошняе пакаранне не толькі ў Францыі, але і ва ўсёй Заходняй Еўропе.

Заканадаўства

Дзеючы Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 9 ліпеня 1999 года прадугледжвае смяротнае пакаранне па 14 складах злачынстваў, у тым ліку за забойства пры абцяжваючых абставінах, за злачынствы супраць дзяржавы, за забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў. Гэта досыць шмат, хоць у некаторых краінах Азіі і Афрыкі такога роду злачынстваў дзясяткі і нават сотні.

Філіпаў справядліва заўважае, што Крымінальны кодэкс ставіць сваёй мэтай выпраўленне асуджаных. Аднак у дачыненні да асуджаных на смерць гэтая мэта не дасягаецца. Акрамя таго, з маральнага пункту гледжання пакаранне смерцю чалавека, нават на падставе прысуду суда, з'яўляецца непрымальным.

Высновы

Прыйшоў, і ўжо дастаткова даўно, час перагледзець стаўленне да смяротнага пакарання. Яно з'яўляецца жорсткай расправай над людзьмі, хай і абвінавачанымі ў здзяйсненні асабліва цяжкіх злачынстваў. Асноўныя довады на карысць адмены гэтага пакарання і замены яго пажыццёвым зняволеннем даўно вядомыя. Па-першае, маральныя прынцыпы, заснаваныя на гуманізме. Па-другое, кожны чалавек мае права на жыццё і ніхто, у тым ліку дзяржава, не мае права пазбавіць яго гэтага права (выбачайце за таўталогію). Па-трэцяе, ёсць вялікая верагоднасць судовай памылкі, і гэтыя памылкі часам пацвярджаюцца.

У перыяд падрыхтоўкі і правядзення рэформаў пытанне аб адмене смяротнага пакарання павінна быць вырашана адразу і з улікам еўрапейскіх стандартаў. Адмова дзяржавы і грамадства ад пакарання смерцю людзей будзе азначаць ўзыходжанне і дзяржавы, і грамадства на новы ўзровень развіцця.

P.S. Кніга распаўсюджваецца бясплатна. Яе можна атрымаць у офісах Беларускага Хельсінкскага камітэта і Беларускай асацыяцыі журналістаў.