Камунальшчыкі Мазыра навязваюць людзям нязручныя здзелкі

Камунальшчыкі горада Мазыр (Гомельская вобласць) навязваюць гараджанам дарагія і кароткачасовыя, а таму нявыгадныя паслугі. Такую выснову можна зрабіць з аналізу сітуацыі, што склалася ў сектары прыватнай забудовы шэрагу вуліц гарадскога мікрараёна “Бабры”.



kolonki_v_kuzedeevo.jpg

Як паведаміў карэспандэнту НЧ мазырскі праваабаронца Уладзімір Целяпун, у снежні 2013 года гараджане, якія жывуць у гэтым мікрараёне па вуліцы Светлай, дзе адсутнічае цэнтралізаваная сістэма газіфікацыі і каналізацыі, атрымалі ад адміністрацыі цэху вадаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі дзяржаўнага прадпрыемства “Мазырскі райжылкамгас” (ВКГ) паведамленні, у якіх пад пагрозай дэмантажу вулічных вадаправодных калонак пітной вады прапаноўвалася да 1 мая 2014 года правесці ваду ў домаўладанні. Прычым сваю пазіцыю камунальшчыкі матывалі спасылкай на дырэктыву кіраўніка дзяржавы №3 ад 14 чэрвеня 2007 году “Эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі краіны”, а таксама неабходнасцю кантролю за водаспажываннем і больш рацыянальным водакарыстаннем.   

У гэтай сітуацыі жыхары мікрараёна накіравалі ў Мазырскі райвыканкам калектыўны зварот за подпісамі 46 чалавек. Яны выступілі супраць дэмантажу калонак пітной вады і звярнулі ўвагу гарадскіх уладаў на тое, што дзеля больш ашчаднага выкарыстання вады ў прыватным сектары Баброў ужо праведзены адпаведныя мерапрыемствы. Гаворка ідзе пра тое, што камунальшчыкі заварылі ўсе галоўкі калонок і параздавалі жыхарам спецыяльныя ручкі для пуску вады.

Разам з тым, як зазначалася ў звароце, каб выканаць патрабаванне камунальшчыкаў, трэба распрацаваць нятанны праект для правядзення ў домаўладанне вады і яе адвядзення. Прычым рэалізацыя гэтага праекту ў шэрагу дамоў патрабуе парапланіроўкі і ўцяплення адпаведных памяшканняў, паколькі з-за адсутнасці цэнтралізаванай сістэмы газіфікацыі немажлівае выкарыстанне вадзянога ацяплення. А паколькі на вуліцы Светлай адсутнічае і цэнтралізаваная сістэма каналізацыі, неабходна ў кожным двары будаваць выграбны калодзеж. Аднак гаспадары, якія гэта ўжо зрабілі, сутыкнуліся з праблемай затаплення выграбных калодзежаў грунтовымі водамі, якія ў Бабрах залягаюць каля самой паверхні зямлі. Так што апроч вялікіх выдаткаў на падрыхтоўку і ажыццяўленне праекту вадаправоду і каналізацыі, патрэбныя немалыя грошы для перапланіроўкі і ацяплення памяшканняў, а таксама для адпампоўвання вады з выграбных калодзежаў.

У адказе з Мазырскага райвыканкаму заяўнікам паведамілі, што “дэмантаж вулічных вадаправодных калонак магчымы толькі пасля вырашэння пытання індывідуальнага вадазабеспячэння домаўладанняў грамадзянаў”. Разам з тым, чыноўнікі зазначылі, што паколькі ў перспектыве вуліца Светлая будзе забудаваная шматпавярхоўкамі, зараз немэтазгодна за бюджэтныя сродкі пракладваць цэнтралізаваныя сеткі газіфікацыі і каналізацыі ў сектар прыватных домаўладанняў.

Такім чынам, у сітуацыі, калі прыватная забудова па вуліцы Светлай запланавана пад знос, што можа адбыцца і ў бліжэйшыя гады, домаўладальнікам няма вялікага сэнсу пракладваць вадаправод і каналізацыю за свой кошт, каб толькі даць прыбытак камунальшчыкам…

Дарэчы, паведамленні з прапановай правесці ваду ў домаўладанні з пагрозай дэмантажу  вулічных калонак пітной вады адміністрацыя цэха ВКГ накіравала таксама ў гарадскія мікрараёны “Целепуны” і “Чыгуначны”. Прычым на гэты раз — без указання тэрміну выканання пагрозы.