У кепскім стане дарог вінавата беларуская літаратура, мяркуе чыноўніца
Цётачкі ў спецвопратцы рыдлёўкай пару разоў зачэрпвалі ваду з найглыбейшых лужын. Паставіўшы гачак, што працы па асушэнні праробленыя, мужчыны кідалі ў ваду гарачы асфальт.
Ямачны рамонт. Лата на лаце і дзірка ў лаце
Стыль працы ямачных рамонтнікаў у сталічным двары на вуліцы Прытыцкага як у люстэрку, паказвае сітуацыю ва ўсёй краіне.

Прытыцкага ўваходзіць у дзясятку вуліц з самым дарагім жыллём. Сапраўды, фасады, што выходзяць на дарогу (мае бацькі якраз жывуць у такім доме, пабудаваным на сконе СССР), рэгулярна фарбуюць, але ж двары і тыльны бок дома нікога не цікавяць.




Пад'езд шмат гадоў заліваецца вадой, перыядычныя спробы рамонту стан не выпраўляюць, сцяна руйнуецца, дамафон увесь час псуецца ад вады, толькі моху жывецца утульна
Лата на лаце і дзірка ў лаце. Згодна з гэтай прымаўкай выглядае дарога ў сталічным двары на вуліцы Прытыцкага. Зрэшты, такая лапікавая коўдра асфальту — не выключэнне, на жаль, сярод навакольных дамоў. Не таму, што дарогу не рамантуюць прынцыпова — не, кожны год нібыта дзейнасць прысутнічае: пашыраюць старыя ямы і робяць новыя дзіркі, у якія кладуць асфальт.

Але год ад года дарога толькі горшае. Бо шмат пытанняў паўстае менавіта да якасці працы. Новы асфальт вытрымлівае некалькі месяцаў. І да наступнай вясны — сакральнага часу добраўпарадкавання двароў — дарогі выглядаюць нібы пасля бамбардзіроўкі.


Пад знятым асфальтам старыя археалагічныя слаі — дзіркі ад мінулых рамонтаў
У мінулым годзе дарогу пад рамонт парэзалі ў маі, але толькі ў ліпені вырашылі закідаць яміны асфальтам. Увесь гэты час дыспетчарка ЖЭСу тлумачыла жыхарам: "Не даюць асфальту". Жыхары паступова прызвычаіліся да ям і бессэнсоўна скардзіцца перасталі — пачалі ўласнымі сіламі большыя яміны, якія ніяк не аб'ехаць, засыпаць камянямі, друзам, рэшткамі асфальту, смеццем. Нарэшце сярод лета распачаўся ямачны рамонту. Выглядала гэта так: раніцай звычайна прыходзілі пяцёра "раманцёраў" у спецвопратцы з 2–3 рыдлёўкамі на ўсіх — калі падвозілі асфальт, тыя, што з рыдлёўкамі, граблі гарачую сумесь у яміны, астатнія стаялі побач і заўзелі. Праца з рыдлёўкамі займала добра калі пару гадзін на дзень. Далей уся кампанія скіроўвалася на газон побач — ляжалі на траве, адпачывалі і пілі да вечара, адказнасць за распіцце алкагольных напояў іх абсалютна не бянтэжыла. Можа, заробкі ў ЖКГ і не вельмі высокія, але і на гэтыя грошы наўрад ці напрацоўвалі.

У гэтым годзе ці то былі прынятыя сціслыя тэрміны, за якія мусяць усё адрамантаваць, ці то скаргаў сабралася занадта многа, ці то праверка чакаецца... Аднак зараз дарогу рамантаваць вырашылі зусім рана — тыдзень таму панавыразалі дзірак у асфальце (Па ямінах машыны ездзілі толькі тыдзень — відавочны прагрэс! Нават камяні грамадзянская супольнасць двара не паспела падкласці). А 2 сакавіка рамонтнікі прыйшлі закідваць у адтуліны асфальт. Начны мароз, дождж і мокры снег, што ішлі не першы дзень, нікога, натуральна, не бянтэжылі. Дарожнікі нават рабілі сціплыя спробы падсушыць яміны, залітыя вадой, поўныя, як вочка.

Цётачкі-чарпальшчыцы з рыдлёкамі стаяць побач і чакаюць чаргі наступнай ямы
Цётачкі ў спецвопратцы рыдлёўкай (!!!) па пару разоў зачэрпвалі ваду з найбольшых — па сантыметраў 10–15 глыбінёй — лужын. Паставіўшы гачак, што працы па асушэнні зробленыя, мужчыны кідалі ў ваду асфальт — ён, нібыта, выцісне сабой ваду...
Жыхары пачалі абурацца і сварыцца з такімі працаўнікамі ды тэлефанаваць і скардзіцца ў ЖЭС ды ЖРЭА. Праз пару гадзін працы рамонтнікі зніклі — ці то скаргі паўплывалі, ці то асфальт у той дзень скончыўся...



На наступны дзень стала зразумела, што ўчорашняя непагадзь і скаргі жыхароў не знішчылі імпэту такі "дадобраўпарадкаваць" гаротную шматпакутную дарогу. Рамонтнікі прыйшлі зноў. І стала іх значна больш. Ападкі пад раніцу прыпыніліся, аднак снег не стаяў, дый 10–15 сантыметраў вады з ямін, безумоўна, нікуды не выпарыліся.

Працы працягнуліся, яміны ў некаторых месцах пашырылі так, што яны займаюць ужо большую частку дарогі.

Каментар чыноўніцы Фрунзенскага ЖРЭА
Учора, калі я наведвала бацькоў, застала маці ў роспачы і з высокім ціскам — размовы з прадстаўнікамі ўлады рэдка каму дадаюць настрою і здароўя. У пошуках праўды (маці шукае яе не надта часта, таму пакуль не прызвычаілася да чыноўніцкай дэмагогіі) праз некалькі тэлефанаванняў ёй далі нумар намесніка начальніка ЖРЭА Фрунзенскага раёна № 2. Зрэшты, адказнага начальніка яна за ўвесь дзень так і не заспела, затое паразмаўляла з ананімнай чыноўніцай, што брала слухаўку па гэтым нумары.
Размова па тэлефоне з чыноўніцай ЖРЭА Фрунзенскага раёна № 2, якая так і не прадставілася, дадалі да агульнай карціны цікавыя дэталі:
- Кепская дарога ў двары — вынік дэфекту праекту дома, здзейснены яшчэ савецкімі архітэктарамі, што, быццам, не дазваляе цяпер зрабіць нармальную якасную дарогу.
- Дарогу рамантуюць зараз — і тут нічога не паробіш! Ім асфальт на рамонт двароў выдзяляецца выключна ў непагадзь, бо ў добрае надвор'е ён ідзе на будоўлю дарог у горадзе.
- І наогул, трэба быць удзячнымі і за такі рамонт, бо "праз пару гадоў жыхары гэта будуць рабіць за свой кошт".
Замест адказу на пытанне, а за чый кошт рамонт робіцца зараз, бо ўласных грошай у дзяржавы, як вядома, няма, чыноўніца пачала настойліва выпытваць у маці, дзе і кім яна працуе...
— На пенсіі, — адказала маці.
— А да пенсіі? — не супакойвалася чыноўніца.
— У нацыянальным інстытуце адукацыі... Пісала праграмы і падручнікі па беларускай літаратуры, — мусілі прызнацца маці.
— Вось вы іх кепска навучылі, зараз таму так і працуюць, — знайшла вінаватага чыноўніца.

Р. S. За два дні працы адрамантавалі дарогу толькі каля 8 пад'ездаў. А ў доме такіх пад'ездаў больш 20...

Фота Святлана Цітова, Наста Астравец