Канстытуцыйны суд прызнаў «Закон аб генацыдзе беларускага народа» адпаведным Канстытуцыі

Канстытуцыйны суд Беларусі прызнаў падпісаны нядаўна закон "Аб генацыдзе беларускага народа" адпаведным Канстытуцыі, рашэнне суда апублікавана на нацыянальным інтэрнэт-партале.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Канстытуцыйны суд адзначае, што закон адпавядае Канстытуцыі па ўтрыманні норм, форме акта, размежаванні кампетэнцыі паміж дзяржаўнымі органамі і парадку прыняцця. У рашэнні суда сказана, што прыняцце закона абумоўлена «неабходнасцю захавання гістарычнай памяці, супрацьдзеяння фальсіфікацыі падзей і вынікаў Другой сусветнай вайны, умацавання нацыянальнай бяспекі».
Канстытуцыйны суд таксама лічыць, што «заканадаўчае прызнанне і асуджэнне факта генацыду беларускага народа замацуе ў гістарычнай памяці народа справядлівую ацэнку злачынстваў фашыстаў і іх памагатых на беларускай зямлі, стане данінай памяці нашчадкаў мільёнам ахвяр фашызму, а таксама будзе мець важнае канстытуцыйна-прававое і палітычнае значэнне, паколькі паслужыць асновай для пастаноўкі пытання аб прызнанні генацыду беларускага народа на міжнародным узроўні».
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка 5 студзеня падпісаў закон «Аб генацыдзе беларускага народа», які прадугледжвае юрыдычнае прызнанне генацыду беларускага народа, учыненага падчас Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд да 1951 года. Беларускі народ у законе трактуецца як савецкія грамадзяне, якія жывуць у БССР. За публічнае адмаўленне генацыду законам прадугледжана крымінальная адказнасць.
Між тым факты палітычнага тэрору і масавых рэпрэсій у сталінскія часы ў законе нават не згадваюцца, хоць колькасць ахвяр «чыстак» сярод беларусаў вымяралася сотнямі тысяч. Не прыгадваецца і Халакост, пры тым што яўрэі склалі значную частку ахвяр падчас нацысцкай акупацыі Беларусі.