Кіно па-беларуску будзе платным «па шматлікіх просьбах гледачоў»

Аб’яднанне «Кінаконг» і кінатэатар «Перамога» працягваюць «Беларускія ўікэнды» — серыю паказаў кіно, агучанага па-беларуску.

fa.jpg

Ужо прайшлі бясплатныя паказы стужак «Цудоўна Ласка» і «Лютэр».

На 19-20 лістапада запланаваная сямейная камедыя брытанскай вытворчасці «Падынгтан» (Paddington​) — гісторыя прыгодаў абаяльнага мядзьведзіка ў Англіі. Вырашана было не рабіць гэтыя паказы бясплатнымі, а прадаваць квіткі па сімвалічнай цане — 1,5 рубля.

Як паведаміў дырэктар «Кінаконгу» Андрэй Кім, прыняць такое рашэнне папрасілі самі гледачы:

«Мы правялі бясплатныя паказы дзвюх стужак і зразумелі, што ўсім ахвотным месцаў у залі не хапае. Праз гэтага былі моцна незадаволеныя людзі, якія прыйшлі ў кінатэатр, але не змаглі трапіць на паказ. Былі і прафесійныя скандалісты, якія пісалі скаргі ў кнігу, але ўсё ж большасць у выніку парадавалася таму, што беларускамоўныя фільмы карыстаюцца вялікім попытам. У выніку самі ж нашы наведнікі сталі прасіць, каб мы зрабілі квіткі платнымі — тады іх можна будзе набыць загадзя і быць упэўненымі, што на сеанс трапіш. Як бы гэта смешна не гучала, але мы зрабілі паказы платнымі па шматлікіх просьбах гледачоў. Але цана сімвалічная; на іншыя фільмы, якія ідуць у мінскіх кінатэатрах, яна вышэйшая ў 5-7 разоў».

На 19 і 20 лістапада ўжо раскупілі больш за палову квіткоў.

Падчас паказу фільму «Падынгтан» будзе абвешчана, які наступны фільм у па-беларуску «Кінаконг» прапануе гледачам. Пакуль вядома толькі, што ён будзе пра Каляды.

Андрэй адзначае, што ўсе беларускія паказы выклікалі вялікую цікавасць з боку дзяржаўных СМІ.

«Я назіраю феномен. Гэтыя паказы карыстаюцца вельмі вялікай папулярнасцю сярод наведнікаў і сярод дзяржаўных СМІ. Так, рэпартажы пра нашы паказы прайшлі па тэлеканалах СТБ, „Беларусь-3“ і АНТ, а таксама на радыё „Сталіца“ і „Культура“. Людзі вельмі пазытыўна да гэтага ставяцца, прычым не толькі звычайныя гледачы, але і чыноўнікі, дзяржаўныя журналісты. І ў гэтым наша задача — выйсці за межы беларускамоўнай „тусоўкі“, якую мы і так маем у сваёй аўдыторыі. Больш за тое, атрымліваем лісты з іншых гарадоў Беларусі, людзі просяць прывезьці нашы фільмы. Вядома, хацелася б пашырыць геаграфію „Беларускіх уікэндаў“, аднак тут вельмі моцна ўплывае фінансавы складнік».

Такую цікавасць з боку СМІ Андрэй тлумачыць тым, што «Беларускія ўікэнды» — гэта першы выпадак, калі фільмы з беларускім агучваннем паказваюць не ў межах фэстывалю, а як звычайныя стужкі ў пракаце.

«Можна прыгадаць некалькі бясплатных паказаў па-беларуску. Але тое, што мы будзем рабіць з „Падынгтанам“, прадаваць білеты на фільм па-беларуску, — гэта будзе ўпершыню».

Андрэй адзначыў, што «Кінаконг» ужо атрымаў больш за сто водгукаў ад гледачоў:

«Тое, што нам пішуць, толькі натхняе на будучую працу. Прычым звяртаюцца ў тым ліку і рускамоўныя людзі. Асабліва прыемна было прачытаць пра тое, што нехта „перагледзеў сваё стаўленне да беларускай мовы“ пасля прагляду фільма. Такім чынам людзі нават троху беларусізуюцца».

 Паводле Радыё Свабода