Шмат слоў, ніякіх вынікаў: жыхары Паўночнага сустрэліся з чыноўнікамі (фота, відэа)

Абураныя планамі па зносу прыватнай забудовы жыхары Паўночнага пасёлку сустрэліся з чыноўнікамі Завадскога раёна. Як і чакалася, безвынікова...

paunoczny_pasjolak_sustrecza_z_administracyjaj_ljava__2__logo.jpg

Сустрэча адбывалася з ініцыятывы грамадзян. За яе падпісаліся 139 жыхароў Паўночнага пасёлка, якія выпадкова даведаліся, што без уліку іх меркавання ўладамі прынятае рашэнне пра знос іх сядзібаў. На вызваленых плошчах плануецца будаваць шматпавярховікі, гандлёвыя аб’екты, а таксама пашыраць вуліцу Байкальскую.

На пытанні грамадзян спрабавалі адказаць начальнік Упраўлення архітэктуры і будаўніцтва Заводскага раёна Віталь Гамяльцоў, намеснік начальніка Упраўлення, начальнік аддзела архітэктуры і горадабудаўніцтва Заводскага раёна Марына Піваварчык, намеснік главы адміністрацыі раёна Аляксандр Сцяпанаў і нават дэпутат Палаты прадстаўнікоў па 92-й выбарчай акрузе Валеры Курсевіч.

paunoczny_pasjolak_sustrecza_z_administracyjaj_ljava__9__logo.jpg
paunoczny_pasjolak_sustrecza_z_administracyjaj_ljava__12__logo.jpg


Чыноўнікі спрабавалі патлумачыць, што грамадскія слуханні па зносу часткі прыватнага сектару і забудове Паўночнага пасёлку ўжо праводзіліся ў верасні-кастрычніку, і ўдзельнікі прэзентацыі праекта, каля 38 чалавек, нібыта яго падтрымалі. Таксама прадстаўнікі раённай адміністрацыі даводзілі, што замоўцам праекта выступілі гарадскія ўлады, а дакладней — Камітэт архітэктуры і будаўніцтва Мінгарвыканкама, намякаючы, што яны не могуць паўплываць на сітуацыю. (Паказальна, што прадстаўнікі Камітэту архітэктуры і будаўніцтва на сход так і не прыйшлі, хаця і былі запрошаныя.)

paunoczny_pasjolak_sustrecza_z_administracyjaj_ljava__5__logo.jpg

Як выявілся, сярод удзельнікаў сённяшняй сустрэчы (актавая заля СШ № 172 была поўнай — людзі стаялі ў праходах і на калідоры) ніхто на так званых грамадскіх слуханнях не прысутнічаў, бо папросту не чуў пра іх. Пра слуханні жыхары Паўночнага пасёлку даведаліся пастфактум. Яны справядліва палічылі, што раённыя чыноўнікі сфабрыкавалі грамадскія слуханні, каб пісьмова аформіць “згоду” жыхароў і даць зялёнае святло праекту па зносе прыватнай забудовы, і выказалі з гэтай нагоды сваё абурэнне. “Дзе гэтыя людзі, што падтрымалі знос?! Пакажыце нам іх!” — бушавала заля.

paunoczny_pasjolak_sustrecza_z_administracyjaj_ljava__11__logo.jpg

Людзі таксама заявілі чыноўнікам, што тры гады таму ім далі дазвол на рэканструкцыю сваіх дамоў за ўласны кошт, яны выдаткавалі вялізарныя грошы, каб давесці іх да ладу, падвысіць камфортнасць пражывання. Згодна з праектам, плануецца знесці 89 прыватных дома і два гаражных кааператыва, па 450 гаражоў у кожным.

Таксама удзельнікі сходу выказалі прэтэнзіі ўладам, што плануецца будаваць шматпавярховікі і гандлёвыя аб’екты, у той час калі ў раёне не стае дзіцячых садкоў, школаў і паліклінік.

“Вы нам прапануеце ушчыльненую забудову шматпавярховікамі і суперамаркетамі, а дзе дзіцячыя сады, паліклінікі, паркі?” — шумела заля.

paunoczny_pasjolak_sustrecza_z_administracyjaj_ljava__3__logo.jpg

Цягам сходу прысутныя актыўна падпісваліся пад адозвай супраць зносу прыватных дамоў. За вечар было сабрана каля 200 подпісаў, падпісваліся практычна ўсе прысутныя. Заўвага чыноўніка, што маўляў некаторыя падпісваюцца, хаця іх дамы пад знос не трапляюць, выклікала хвалю абурэння: “Мы падпісваемся, бо мусім трымацца разам, толькі так маем шанец абараніцца! Калі мы будзем стаяць у баку, сёння знясуць нашага суседа, заўтра — нас!”

paunoczny_pasjolak_sustrecza_z_administracyjaj_ljava__13__logo.jpg


Асноўныя патрабаванні выступоўцаў, якія былі падтрыманыя агульным ухвальным гулам, гэта абвесціць мараторый на ўсялякія размовы пра знос прыватных жылых дамоў, стварыць рабочую праектную групу з удзелам жыхароў пасёлку і правесці сапраўднае грамадскае абмеркаванне ва ўстаноўленым парадку.

Але як выявілася, фармат сустрэчы не дазваляў прымаць такія рашэнні. Фактычна сённяшняя сустрэча была, па словах чыноўнікаў, “разглядам калектыўнага звароту з выездам на месца”.

Ініцыятыўная група жыхароў Паўночнага пасёлка, каб дамагчыся правядзення сапраўдных грамадскіх слуханняў збіраецца падаваць скаргі ў пракуратуру, Камітэт дзяржкантролю і Адміністрацыю прэзідэнта.

Чыноўнікі Заводскага раёну са свайго боку паабяцалі прапановы жыхароў перадаць у Камітэт архітэктуры і будаўніцтва.

paunoczny_pasjolak_sustrecza_z_administracyjaj_ljava__8__logo.jpg


Дэпутат Валеры Курсевіч ў сваю чаргу заявіў, што ўзнятае грамадзянамі пытанне патрабуе разгляду і пахваліў прысутных за тое, што яны бароняць свой пункт гледжання. Ён паабяцаў асабіста перадаць копіі сабраных подпісаў і давесці меркаванне людзей чыноўнікам Мінгарвыканкама.

Сваім меркаваннем адносна вынікаў сходу і далейшых дзеянняў з журналістам НЧ падзяліліся некаторыя удзельнікі:

“Я так думаю, у першую чаргу трэба адмяняць рашэнне пра вынікі грамадскіх слуханняў, якія выявіліся фіктыўнымі, прыпыніць усе працы па падрыхтоўцы зносу і правесці сапраўдныя грамадскія слуханні”, — кажа жыхар Паўночнага пасёлка Віктар.

paunoczny_pasjolak_sustrecza_z_administracyjaj_ljava__4__logo.jpg

 “Я вельмі спадзяюся, што нашы актывісты будуць працягваць змагацца, дабівацца паўторнага сапраўднага грамадскага абмеркавання, а мы іх у гэтым падтрымаем. А вынікі сённяшняга мерапрыемства мне падаюцца сумнеўнымі. Сёння нам далі магчымасць усяго толькі “спусціць пару”, — адзначыла жыхарка пасёлка Ганна.

 “Вынікі? Многа слоў. Нам паказалі паперы, паказалі план забудовы, але ад нас яны не атрымалі нічога, ніякай паперы, дзе абазначана наша пазіцыя. Але мы гэта ўсё рыхтуем, мы супраць забудовы і будзем дамагацца, каб нас пачулі, каб адмяніць фіктыўнае рашэнне і правесці абмеркаванне з нашым удзелам. Для гэтага мы зараз збіраем подпісы і гатовыя звяртацца па розных інстанцыях і нават да кіраўніка дзяржавы”, — кажа сябра ініцыятыўнай групы жыхарка пасёлка Сяргей.

Нагадаем, Паўночны пасёлак ў 2011 годзе ужо збіраліся знесці, аднак пад напорам жыхароў ад гэтай ідэі адмовіліся. Ці атрымаецца адстаяць родныя сядзібы жыхарам зноўку, залежыць ад таго наколькі салідарныя і згуртаваныя будуць людзі зараз.

paunoczny_pasjolak_sustrecza_z_administracyjaj_ljava__10__logo.jpg