Статкевіч і Някляеў паведамілі ўладам, што правядуць мітынг у Мінску
Мікалай Статкевіч і Уладзімер Някляеў 18 лістапада перадалі ў Мінгарвыканкам паведамленне пра тое, што маюць намер правесці 24 лістапада мітынг.
Ён пройдзе ў Мінску на плошчы Свабоды і будзе прысвечаны «20-годдзю антыканстытуцыйнага перавароту і ўсталявання ў нашай краіне дыктатарскага рэжыму». Палітыкі таксама пазначылі, што акцыя пачнецца а 18-й гадзіне.
«У Беларусі адсутнічае законна абраны парламент і, адпаведна, легітымная працэдура рэалізацыі канстытуцыйнага права на свабоду мітынгаў і дэманстрацыяў. Таму, у адпаведнасці з прынятай у суседніх краінах практыкай, паведамляем пра свой намер правесці 24 лістапада масавую акцыю — за 5 дзён да яе пачатку. Прапануем выканаць патрабаванні Канстытуцыі і забяспечыць бесперашкоднае правядзенне акцыі», — паведамілі Мінагарвыканкаму Статкевіч і Някляеў.
Статкевіч напісаў у «Фэйсбуку», што гэта менавіта паведамленне пра намер, а не заяўка на атрыманне дазволу.
«Бо на тое, на што маем канстытуцыйнае права, дазволу не пытаюцца. Ды і няма ў каго», — напісаў Мікалай Статкевіч.
Радыё Свабода