Кіраўніка незалежнага прафсаюзу Фядыніча не выпусцілі з Беларусі

Следчыя не дазволілі часова пакінуць краіну старшыні незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзю Фядынічу, якога ў Беларусі абвінавачваюць ва «ўхіленні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры». Пра гэта паведамляе Радыё Свабода

628ed551_5ce4_4b86_a20a_9f9a99db1526_w1023_r1_s.jpg

Фядыніча ўключылі ў склад дэлегацыі глабальнага прафсаюзу IndustriALL, якая ад 29 траўня ўдзельнічае ў канферэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) у Жэневе.​
«Кіраўнік следчай групы сказаў Фядынічу, што калі б за мяжу трэба было ехаць для лячэння, то тады, верагодна, дазвол далі б. А міжнародная канферэнцыя не ёсць падставай для паездкі ў Жэневу пры такой сур’ёзнай крымінальнай справе», — паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар РЭП Мікалай Герасіменка.
Генеральны сакратар IndustriALL Вальтэр Санчэс у лісце на імя Следчага камітэту прасіў дазволіць Генадзю Фядынічу выехаць часова з Беларусі. Прафсаюзы бралі на сябе гарантыю вяртання на радзіму прафсаюзнага лідара, які знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.
Глабальны саюз IndustriALL аб’ядноўвае больш за 50 мільёнаў прамысловых работнікаў у 140 краінах свету.
Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку выстаўленыя абвінавачанні ва «ўхіленні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 КК), за што пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасці.
Паводле такога самага артыкулу ў 2011 годзе пасадзілі старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага — асудзілі на 4,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, але вызвалілі праз тры гады. Беларускія, еўрапейскія і амерыканскія праваабаронцы прызналі Бяляцкага палітвязнем, прысуд быў названы палітычна матываваным.
Суд можа адбыцца ўжо ў чэрвені. Да таго Комлік правёў за кратамі два месяцы, Фядыніч ад пачатку следчых дзеянняў у жніўні 2017 году застаецца пад падпіскай аб нявыездзе.