Кобрын: пакаранне хатняй хіміяй і зняволеннямі

Паўтары гады хатняй хіміі прысудзіў 5 ліпеня суддзя Кобрынскага суда Аляксей Кміта 49-гадовай лабарантцы Кобрынскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Галіне Левек за знявагу ў сацыяльных сетках міліцыянта Юрася Чарнышкова.

Галіна Левек у залі судовых паседжанняў

Галіна Левек у залі судовых паседжанняў


Жанчына павінна таксама выплаціць старэйшаму аперупаўнаважанаму групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Драгічынскага РАУС Юрасю Чарнышкову 1500 рублёў у якасці кампенсацыі, аплаціць судовыя выдаткі ў памеры 87 рублёў. Апроч таго, у спадарыні Галіны канфіскаваны на карысць дзяржавы мабільны тэлефон.
Галіна Левек распавяла «Новаму Часу», што яе муж і старэйшы 28-гадовы сын працуюць кіроўцамі-дальнабойшчыкамі, а малодшы 24-гадовы сын з’ехаў у Польшчу, бо ў Кобрыне вельмі цяжка знайсці працу з добрым заробкам. «Вось чаму пасля прэзідэнцкіх выбараў, што суправаджаліся фальсіфікацыяй іх вынікаў, масавымі пратэстамі і гвалтам сілавікоў, 17 жніўня 2020 года напісала ў “Аднакласніках” эмацыйны каментар у адрас міліцыянта з Драгічыну», — зазначыла жанчына. Падчас адбыцця прысуду яна мяркуе падоўжыць працу ў ЖКГ і займацца выхаваннем свайго першага ўнука Рамана, што нарадзіўся ў леташнім сакавіку.
Кіроўцу маршруткі Анатоля Цецярука сілавікі затрымалі на Кобрынскім аўтавакзале раніцай 2 ліпеня, калі мужчына збіраўся адправіцца ў чарговы рэйс. Аднак спадар Анатоль адмовіўся ехаць у мясцовы РАУС. Сваю нязгоду патлумачыў тым, што ён на працы і не можа кінуць аўто свайго працадаўцы. І толькі пасля таго, як спадара Анатоля падмяніў ягоны шэф, мужчына даў згоду ехаць у аддзел міліцыі.

kobryn_5.7.21_2__1_.jpg


«Намеснік начальніка аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі правапарушэнняў мясцовага РАУС, маёр міліцыі Міхась Вайтовіч адразу абвясціў мне затрыманне на 72 гадзіны. Нібыта ёсць падазрэнне, што менавіта я ўдзельнічаў у несанкцыянаванай акцыі з незарэгістраванай сімволікай, што зафіксавана на здымку ад 26 чэрвеня. Вайтовіч прапанаваў праехаць да мяне дадому і зрабіць агляд жытла. Паколькі не знайшлося машыны, паверыў мне на слова. Вельмі жаліўся, што ніхто не жадае служыць у міліцыі і з дзесяці апытаных хлопцаў, дэмабілізіваных з войска, толькі адзін дае згоду памеркаваць, а астатнія катэгарычна адмаўляюцца», — распавёў спадар Анатоль.
Затым яго адвялі ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе спачатку сядзеў адзін, а праз паўгадзіны з’явіўся мужчына, якога падазравалі ў захоўванні бел-чырвона-белага сцягу і пратэставых улётак. «Але размовы з гэтым сядзельцам засведчылі, што ён не стаіць на пазіцыях незалежнай, вольнай і дэмакратычнай Беларусі, а проста з’яўляецца аматарам чаркі і шкваркі», — адзначыў Анатоль Цецярук.
Юрыст Раман Дзмітрук пасля прэзідэнцкіх выбараў быў двойчы пакараны за сваю грамадзянскую пазіцыю — штрафам і зняволеннем на 7 сутак. А нядаўна спадар Раман зноўку быў закратаваны на 6 сутак у ізалятары часовага ўтрымання Кобрынскага РАУС.

 Раман Дзмітрук з жонкай Наталляй і 12-гадовай дачкой Златай у Кобрынскай СШ №7. Злата выступала ў галоўнай ролі на міжшкольным конкурсе тэатральных спектакляў на ангельскай мове.

 Раман Дзмітрук з жонкай Наталляй і 12-гадовай дачкой Златай у Кобрынскай СШ №7. Злата выступала ў галоўнай ролі на міжшкольным конкурсе тэатральных спектакляў на ангельскай мове.

Дзмітрука затрымалі днём 9 чэрвеня нібыта ў сувязі з крадзяжом ягонага аўто. Па прыбыцці ў мясцовы РАУС маёр міліцыі Міхась Вайтовіч прад’явіў юрысту іншую прэтэнзію — нясплачаны штраф. Паколькі і штраф спадар Раман сплаціў, міліцыянт арыштаваў мабільнік мужчыны і затрымаў яго на 72 гадзіны з іншай падставы — у сеціве, нібыта, змешчаны здымак, на якім зафіксаваны Раман Дзмітрук з бел-чырвона-белым сцягам.
«Умовы ўтрымання ў ізалятары былі вельмі жорсткія. На допыты вадзілі ў кайданках. Матрац і бялізну на дзень забіралі і вярталі толькі на ноч — з 22.00 да 6.00. Ноччу двойчы перабівалі сон, бо будзілі ў 24.00 і ў 4.00. Трэба было падыходзіць да дзвярэй камеры, называць сябе і адказваць на пытанні наглядчыка. За малейшае парушэнне ўнутранага распарадку мяне чакаў карцар», — зазначыў спадар Раман.
За паўгадзіны да вызвалення раніцай 12 чэрвеня наглядчык прынёс мужчыне на подпіс пастанову пра паўторнае затрыманне яшчэ на 72 гадзіны. Але прычыну затрымання юрыст дазнаўся толькі праз два дні — 14 чэрвеня. За налепку з гербам «Пагоня» на ўласным аўто мужчыны, што было інкрымінавана, як удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, Дзмітруку пагражала да 30 сутак арышту ці 200 базавых велічынь штрафу.
Раніцай 15 чэрвеня без аніякага абвяшчэння пра суд, у тым ліку і без адваката юрыста, над ім пачаўся працэс. Спачатку яго вёў суддзя Алесь Бабаскін, а пасля абеду — Вадзім Здановіч. Ён і вынес прысуд — трое сутак адміністрацыйнага арышту. «Але я лічу гэты прысуд абсурдным, паколькі мая машына стаяла ля гандлёвага цэнтру “Палессе” на вуліцы Мікалаева, куды я прыехаў за чайнікам, а не для ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», — падкрэсліў юрыст. Дарэчы, на судзе ён назваў выяву «Пагоні» хрысціянскім сімвалам, які ўвасабляе асобу Ісуса Хрыста.