Конкурс дзеля дэсталінізацыі грамадства
Грамадскі конкурс “Курапаты — народны мемарыял” накіраваны на дэсталінізацыю, дэкамунізацыю і "дэкагэбізацыю" беларускага грамадства, заявіў 10 сакавіка ў Мінску на прэсавай канферэнцыі з нагоды абвяшчэння адкрытага творчага конкурсу пад дэвізам “Праз Курапаты — да пакаяння” вядомы беларускі мастак і грамадскі дзеяч Аляксей Марачкін.
На прэсавай канферэнцыі
У прэсавай канферэнцыі прынялі ўдзел сябры аргкамітэту конкурсу з грамадзянскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў” і суполкі “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў.
Нагадаем, што конкурс ідэй і прац у розных відах пластычных мастацтваў па курапацкай тэматыцы, абвешчаны грамадзянскай ініцыятывай “Эксперты ў абарону Курапатаў”, падтрымалі 13 грамадскіх структур, у тым ліку суполка “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў, Беларуская асацыяцыя ахвяр палітычных рэпрэсій, прафсаюз РЭП, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Саюз беларускіх пісьменнікаў, зачынены ўладамі Праваабарончы цэнтр "Вясна" ды іншыя.
Такі конкурс праводзіцца ўпершыню з 1993 года. Найлепшыя працы, пададзеныя на конкурс, будуць дэманстравацца на II дакументальна-мастацкай выставе “Праўда пра Курапаты. Факты. дакументы, сведчанні”, запланаванай на сёлетнюю восень. Падчас гэтай выставы журы падвядзе вынікі творчага спаборніцтва і ўзнагародзіць пераможцаў.
Як зазначыў культуролаг, грамадскі дзеяч Вацлаў Арэшка, вызначаць пераможцаў конкурсу павінны кампетэнтныя і аўтарытэтныя сябры журы пра чынным удзеле грамадства.
Старшыня суполкі “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў Генадзь Драздоў звярнуў увагу на неабходнасць далучэння да конкурсу шырокага кола айчыннай творчай інтэлігенцыі, навучэнцаў і студэнтаў мастацкіх ССНУ і ВНУ, энергія якіх накіроўваецца на стварэнне салонных і камерцыйных работ, а не твораў вострага грамадскага гучання.
На прэсавай канферэнцыі гаварылася пра тое, што народны мемарыял у Курапатах патрабуе лагічнага завяршэння з дапамогаю лаканічных і выразных вобразаў і сімвалаў, якія аб’яднаюць тэрыторыю вакол Курапатаў з самім народным мемарыялам і “Дарогай смерці”, якою бязвінных ахвяр у “чорных варанках” вазілі з Мінска ва ўрочышча на расстрэл.
Гаворка ішла і пра магчымую пластычную кампазіцыю на самой тэрыторыі Курапатаў. Прычым, на думку заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Эдуарда Агуновіча, гэтая кампазіцыя можа сімвалізаваць як пакрыўджаную Маці-Радзіму, так і нескароную, вечна жывую Беларусь, якая адновіцца, не гледзячы на велізарныя страты сваіх лепшых сыноў і дачок падчас сталінскіх рэпрэсій.
Філолаг, грамадскі дзеяч Вінцук Вячорка нагадаў, што конкурс з’яўляецца часткай стратэгіі мемарыялізацыі Курапатаў: памяць пра нацыянальны некропаль павінна быць незнішчальнай і незваротнай, пра Курапаты мае ведаць кожны жыхар Беларусі, а некалі будзе існаваць юрыдычная адказнасць за адмаўленне факту сталінскіх злачынстваў, у тым ліку ў Курапатах. Вячорка дадаў, што ўсе працы, пададзеныя на конкурс, знойдуць сваё месца ў будучым Музеі ахвяр сталінізму ля Курапатаў.
Удзельнікі прэсавай канферэнцыі лічаць неабходным далучыць да конкурсу сябраў творчых саюзаў архітэктараў, дызайнераў, майстроў народнай творчасці, кампазітараў і пісьменнікаў, а таксама працягнуць творчае спаборніцтва ў 2017 годзе, калі будзе адзначацца 100-годдзе Кастрычніцкага перавароту.
Менавіта гэты пераварот паклаў пачатак увасабленню ідэалогіі камунізму ў практыку. Амаль 40 краін свету перажылі камуністычны эксперымент, у выніку якога загінулі больш за 100 мільёнаў чалавек. У гонар ахвяр камунізму на Капіталійскім пагорку ў Вашынгтоне побач з Кангрэсам ЗША узведзены помнік. Да 100-годдзя Кастрычніцкага перавароту ў цэнтры Вашынгтону ствараецца Міжнародны музей памяці ахвяр камунізму. Акрамя таго, у складзе Міжнароднай рады музеяў, якая працуе пад патранатам ЮНЭСКА, дзейнічае Міжнародны камітэт музеяў памяці ахвяр дзяржаўных злачынстваў.
Усё гэта сведчыць пра вялікую ўвагу вольнага свету і міжнароднай супольнасці да праблемы ўшанавання памяці ахвяр таталітарных рэжымаў. Такая ўвага накладае вялікую адказнасць і на беларускую грамадзянскую супольнасць у справе ўвекавечвання памяці ахвяр савецкага таталітарызму.