Коштавыя рэкорды ды рэфлексіі на асуджэнні

Тое, што кошты шакуюць не толькі жыхароў Сінявокай, але і гасцей Беларусі, ужо не таямніца. Замежнікі, якія прыязджаюць сюды нават з істотна багацейшых куткоў планеты, здзіўлена тарошчаць вочы і пытаюцца: як вы тут жывяце? А калі даведваюцца, колькі пры такіх коштах беларусы зарабляюць, то губляюць мову і разводзяць рукамі.



13bf4a96378f3854bcd9792d132eff9f.jpg

Тое, што кошты шакуюць не толькі жыхароў Сінявокай, але і гасцей Беларусі, ужо не таямніца. Замежнікі, якія прыязджаюць сюды нават з істотна багацейшых куткоў планеты, здзіўлена тарошчаць вочы і пытаюцца: як вы тут жывяце? А калі даведваюцца, колькі пры такіх коштах беларусы зарабляюць, то губляюць мову і разводзяць рукамі.
Беларусь сталася рэкардсменкай. Але лепш бы не было таго рэкорду, бо гаворка вядзецца пра тэмпы росту спажывецкіх коштаў. Паводле Белстата, то бок, нават па афіцыйных дадзеных, кошты ў нашай краіне параўнальна са снежнем 2010 года выраслі на 36,2%. На другім пасля нас месцы ідзе Украіна, дзе гэты паказнік склаў 5,9%. У Казахстане кошты сіганулі на 5,1%, у Расіі — на 5%. Адчуйце, як кажуць, адрозненне! Што да прадуктаў харчавання, то тут таксама зведваеш «гонар» за Айчыну: у Беларусі гэтыя кошты ў чэрвені параўнальна з маем выраслі на 8,2%, а ў той жа Украіне (другое месца) — на 0,3%, у Казахстане — на 0,2%. У Расіі ж кошты ўвогуле папаўзлі долу — на 0,4%. «Прыўкрасна», як кольвек казаў Уладзімір Караткевіч, працуе «беларуская мадэль»!
Не могуць зразумець тыя ж літоўцы, чаму кавуны і памідоры каштуюць у нас у тры разы даражэй, чым у Вільнюсе, кава — у два з паловай, бульба — у два-тры, а рыба ўвогуле каштуе ў чатыры–сем разоў больш, чым у суседзяў. Дык і выбраць амаль няма з чаго, маецца на ўвазе, з таго, што ў нашых гандлёвых установах завецца рыбай. Ну што тут адкажаш братам-летувісам, палякам, расіянам? Свой у нас шлях, як той казаў!
А тым часам высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі спрабуюць знайсці грошы для выратавання тутэйшай эканомікі. Калі справа не атрымліваецца з крэдытамі (апроч пазыкі з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, адкуль сёлета нам свеціць толькі 1,2 мільярда долараў), іншых буйных валютных паступленняў не прадбачыцца. Дагэтуль застаецца загадкай, пра якія 8–10 мільярдаў амерыканскіх грошай зусім нядаўна казалі самыя высокія асобы краіны. Застаецца прадаваць «фамільнае срэбра».
Прэм’ер Міхаіл Мясніковіч днямі нават агучыў спіс з сямі буйных айчынных прадпрыемстваў, якія Беларусь гатова прадаць Расіі. Па словах кіраўніка ўраду, зараз абмяркоўваецца продаж «Гроднаазота», «Нафтана», Белтрансгаза», Мазырскага НПЗ, дзяржаўнай долі беларускай МТС, МАЗа, а таксама «Інтэграла».
І тут жа паследавала, лічы, поўха ад усходняй суседкі. Расійская нафтагазавая кампанія не вядзе перамовы з беларускім бокам пра набыццё якіхсьці нафтахімічных актываў на тэрыторыі Беларусі, паведаміў Інтэрфакс-Захад са спасылкай на Агенцтва нафтавай інфармацыі. «У цяперашніх умовах дзяржактывы Беларусі нам нецікавыя», — сказаў АНІ прадстаўнік НК «Роснефть». Добра вядомыя здольнасці нашых чыноўнікаў гандляроў-перамоўшчыкаў, якія заўжды хочуць атрымаць больш грошай за тое, што столькі не каштуе. Калі так пойдзе і далей, то і астатнія кавалкі дзяржаўнага пірага могуць засохнуць на рынкавым прылаўку, застаўшыся незапатрабаванымі замежнымі пакупнікамі. А Беларусь застанецца без так патрэбных грошай ад прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці.
Тым часам намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацсходу Беларусі 13 ліпеня даволі негатыўна выказаўся пра рэзалюцыю па Беларусі, прынятую на сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Бялградзе. Па словах Віктара Гумінскага, гэта рэзалюцыя ёсць «контрпрадуктыўнай і носіць тэндэнцыйны характар». Як адзначыў віцэ-спікер ПП НС, «многія тэзісы рэзалюцыі істотна скажаюць сапраўдны стан спраў і тэндэнцыйна трактуюць цэлы шэраг падзеяў і фактаў».
Дарэчы, гэтую рэзалюцыю ініцыявала вядомая дэпутатка ПА АБСЕ Ута Цапф (Германія), якой зусім нядаўна не дазволілі прыехаць у Беларусь — фраў Цапф проста не атрымала візу ў беларускім пасольстве. Дык што ж не спадабалася ў рэзалюцыі спадару Гумінскаму? Мо, тое, што ў дакуменце ўтрымліваецца заклік вызваліць усіх затрыманых падчас дэманстрацыі 19 снежня 2010 года, «якіх належыць лічыць палітычнымі зняволенымі»? Мо, тое, што ПА АБСЕ заклікае Беларусь «спыніць пераслед, запалохванне і рэпрэсіі ў дачыненні да сябраў апазіцыйных палітычных партый у форме звальненняў з працы і выключэння з універсітэтаў»? Ці Віктару Гумінскаму не даспадобы «шкадаванні ПА АБСЕ з нагоды пераследу няўрадавых арганізацый» і заклікі асамблеі «спрасціць працэс рэгістрацыі гэтых груп грамадзянскай супольнасці», а яшчэ «цесна супрацоўнічаць з прадстаўнікамі АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ дзеля вырашэння праблем, звязаных з пагрозай закрыцця карпунктаў незалежных СМІ, і распрацаваць заканадаўства аб СМІ ў рэчышчы прынцыпаў АБСЕ»? Дык што ж тут такога страшнага для беларускіх улад? Нічога новага ў змесце рэзалюцыі не ўтрымліваецца, так што трэба не абурацца, а выпраўляць сітуацыю. Хоць гэта і наўрад ці, бо нашы чыноўнікі ў пераважнай большасці сваёй лічаць сябе бязгрэшнымі і адзінаправільнымі.
Вось толькі адзін прыклад спецыяльна для спадара Гумінскага. Тройчы (!) па надуманых прычынах Міністэрства юстыцыі Беларусі адмаўлялася зарэгістраваць Асамблею няўрадавых дэмакратычных арганізацый, якая аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах больш за трыста грамадскіх аб’яднанняў, фондаў і іншых некамерцыйных структур. Цяпер Асамблея НДА легалізавалася. Але не на Радзіме, а ў суседняй Літве, дзе раней знайшла юрыдычны прытулак не адна беларуская грамадская арганізацыя. І што, гэтым трэба ганарыцца беларускім урадаўцам і палатаўцам? Хутчэй, наадварот, трэба было б унутры краіны стварыць умовы, каб грамадзянская супольнасць развівалася, актывізавалася, а не арганізоўваць і бесперашкодна рэгістраваць псеўдаграмадзянскія структуры, якія ёсць толькі пылам у вочы міжнароднай грамадскасці.
Былі і прыемныя рэчы. Гэта і выхад на волю пасля чарговых адсідак праваабаронцы Валерыя Шчукіна і гродзенскага журналіста Ігара Банцара, і звесткі, што нягледзячы на знаходжанне за кратамі па палітычных матывах, шэраг моладзевых актывістаў, не чакаючы вызвалення, вырашылі пабрацца шлюбам са сваімі каханымі. Гэта Зміцер Дашкевіч, Павел Вінаградаў, а таксама асуджаныя па «справе анархістаў» Аляксандр Францкевіч і Мікалай Дзядок.
Калі людзі бяруцца шлюбам нават у такіх далёкіх ад чалавечых умовах, значыць, не ўсё яшчэ страчана ў «Дацкім каралеўстве». Значыць, каханне, а разам з ім і дабро ўвогуле перамага­юць. От, і добрая ж гэта тэндэнцыя!