Кожнаму сваё
Міністэрства эканомікі прыняло пастановы Мінсельгасхарчу за №№20–21 аб вызначэнні фіксаваных цэн на прадукцыю раслінаводства ўраджаю 2012 года і цэн на прадукцыю жывёлагадоўлі,
што закупаецца для дзяржаўных патрэб.
Міністэрства эканомікі прыняло пастановы Мінсельгасхарчу за №№20–21 аб вызначэнні фіксаваных цэн на прадукцыю раслінаводства ўраджаю 2012 года і цэн на прадукцыю жывёлагадоўлі,
што закупаецца для дзяржаўных патрэб.
На думку спецыялістаў Мінэканомікі, гэта зроблена ў мэтах абмежавання падвышэння коштаў на сельскагаспадарчую сыравіну для прамысловай перапрацоўкі. Хто вывучаў філасофію, павінен ведаць: калі да
справы падысці дыялектычна, то відавочнае падаражанне можна падаць як памяншэнне кошту. Прыкладам, у каментары сказана, што да гэтага моманту дзейнічалі мінімальныя закупачныя цэны на прадукцыю для
дзяржаўных патрэб. Але фактычна закупачныя цэны нашмат пераўзыходзілі намінальныя і розніліся паміж сабой у залежнасці ад мясцовых умоў. Мусіць, там, дзе надоі ды прывесы атрымоўваліся меншымі,
закупачныя цэны былі больш высокімі. І наадварот, калі хто мяса больш вырабляў, то куплялі яго па меншай цане.
Зараз жа цэны ўстаноўлены для ўсіх вытворцаў аднолькавыя, а хлеб новага ўраджаю будуць купляць у гаспадарак з улікам падаражання матэрыяльных рэсурсаў для яго вытворчасці. Калі гэта так, то трэба
зазначыць — падаражанне было вельмі значнае. Бо, прыкладам, цэны на піваварны ячмень узрастуць у 2,9 разу, алейнае семя рапсу нават у 3,1 разу, на грэчку — у 2,1 разу.
Не зусім зразумела з грэчкай. Яна была цэнавым лідарам і прадуктам-індыкатарам рэальнага стану эканомікі два апошнія гады, і зараз яе зноў адпраўляюць у вольнае плаванне пад стальны дождж высокіх
цэн?
Значна (у 1,7–2 разы) падвышаюцца закупачныя цэны на малако кароў, на буйную рагатую жывёлу, яе мяса, свіней і свініну, якія рэалізуюцца для дзяржаўных патрэб.
Вызначэнне «дзяржаўныя патрэбы» не адлюстроўвае нечага патаемнага — гэта звычайнае фармаванне бягучага запасу харчавання і закупкі сыравіны для яе перапрацоўкі. Не
абавязкова на дзяржаўных прадпрыемствах. Дарэчы, большасць з іх ужо прыватызаваныя ці раздзяржаўленыя. А сельскагаспадарчыя арганізацыі, за выключэннем нейкіх спецыялізаваных, амаль цалкам
з’яўляюцца кааператыўнымі або прыватнымі. Увогуле, сельская гаспадарка, перапрацовачная галіна, зрэшты, дый рознічны гандаль, з’яўляюцца сферамі, у якіх амаль цалкам дзейнічае
прыватны капітал. Але і дзяржава адтуль не сыходзіла.
Па-першае, яна ажыццяўляе датацыі сельскагаспадарчай вытворчасці, вызначае кошты рэсурсаў для сельгаспрадпрыемстваў, і таму ўстанаўлівае закупачныя цэны на сельгаспрадукцыю. Па-другое,
з’яўляецца натуральным манапалістам, які вызначае накірункі развіцця не толькі асобных прадпрыемстваў, але і ўсёй галіны, не толькі буйных кааператываў, але і фермерскіх гаспадарак. Бо
вольны хлебароб-фермер, свабодны ад плану і дыктату, мае патрэбу ў рынку збыту. Часцей за ўсё, памеры вытворчасці ў фермера невялікія, але дастатковыя, каб аддаць перавагу аптоваму продажу сваёй
прадукцыі дзяржструктурам перад уласным дробным гандлем у розніцу.
А бывае так, што адмовяцца купляць — і амаль усе вырабленае фермерам ідзе ў глум.
Элеватары дзяржаўныя, лядоўні дзяржаўныя, млыны дзяржаўныя (ці кантралююцца дзяржавай) — таму нягледзячы на ўяўную шматлікасць розных прадпрыемстваў розных форм, у краіне, як і раней, пануе
аграрны сацыялізм, які не мае дачынення да рынкавай эканомікі, таму ніякай гаворкі пра эфектыўнасць не было і не будзе. Прыкладам, зразумела, што падвышэнне закупачных цэнаў будзе з цягам часу
забяспечана падвышэннем рознічных цэнаў і аплачана пакупнікамі. І што зробіш — аграрнікі таксама людзі і маюць патрэбу ў заробках. Але ў гэтай справе дзейнічае нейкі
інструмент-абмежавальнік. Колькі б ні падвышаліся кошты на мяса ды малако, заробкі калгаснікаў стабільна складаюць 60% ад сярэдніх па краіне.
Вядома, што нашы суседзі купляюць нафту і газ па цэнах нашмат больш высокіх. Але пры гэтым, як паказвае ўласны досвед і статыстычныя справаздачы, у сярэднім прадукцыя для харчавання ў іх каштуе
танней. А калі параўнаць пакупніцкую здольнасць заробкаў, атрымліваецца, што жывуць яны амаль як пры камунізме. І пры гэтым дакладна вядома, што не забіваюцца ў бітвах за ўраджай, што іх кіраўнікі не
з’яўляюцца сельскагаспадарчымі адмыслоўцамі, што там сялянам ніхто «каштоўнымі ўказаннямі» мазгі не парыць, ніхто былой ідэалагічнай адданасці ад сялян не патрабуе.
На сёлетнім «Зялёным тыдні» ў Берліне я пацікавіўся ў федэральнага міністра харчавання, сельскай гаспадаркі і абароны правоў спажыўцоў Германіі наконт лёсу сельскагаспадарчых
кааператываў былой ГДР. Спадарыня Ільзэ Айгнэр, крыху здзівіўшыся, адказала, што ўсе яны знайшлі сябе ў рынкавай эканоміцы. Праз колькі дзён давялося пабываць у двух такіх гаспадарках. Адну выкупіў
малады чалавек, грамадзянін Галандыі, і арганізаваў паспяховую малочную жывёлагадоўлю па сучасных тэхналогіях.
На іншым прадпрыемстве сяляне захавалі форму таварыства і вярнулі вытворчасць да традыцыйных тэхналогій сялянскага двара. У іх усё сваё, усё экалагічнае, таму яны вырабляюць цудоўную ялавічыну, якую
аператыўна (мегаполіс пад бокам) развозяць па берлінскіх рэстаранах.
Лічы, былы (хоць і нямецкі) калгас, а корміць людзей мармуровай ялавічынай.