КПЧ ААН: Беларусь павінна выплаціць кампенсацыю і аднавіць адвакацкую ліцэнзію Алега Агеева

Камітэт па правах чалавека ААН апублікаваў свае высновы пасля разгляду скаргі Алега Агеева, адваката, які прадстаўляў Алеся Міхалевіча, кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года. Пра гэта піша «БАЖ», намеснікам старшыні якой Агееў з'яўляецца цяпер.

Алег Агееў, намеснік старшыні ГА «БАЖ»

Алег Агееў, намеснік старшыні ГА «БАЖ»


Нагадаем, экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч быў арыштаваны на наступны дзень пасля выбараў супрацоўнікамі КДБ Беларусі па абвінавачанні ў арганізацыі так званых «масавых беспарадкаў». Міхалевіч адхіліў абвінавачанні, заявіўшы, што пратэсты былі накіраваныя на асвятленне вынікаў несправядлівых выбараў, на якіх Аляксандр Лукашэнка, які знаходзіцца ва ўладзе з 1994 года, абвясціў сваю перамогу. Міхалевіч пасля вызвалення заявіў пра катаванні ў ізалятары КДБ і пра тое, што быў вымушаны падпісаць дакумент аб супрацоўніцтве з КДБ наўзамен на сваё вызваленне, таксама ён быў пазбаўлены доступу да медыцынскай і прававой дапамогі.
Алег Агееў, які на момант падзей у 2010 і 2011 гадах працаваў адвакатам, распавёў аб умовах утрымання Міхалевіча беларускім журналістам, яго каментары былі апублікаваныя ў інтэрнэце на сайце «Еўрапейскага радыё для Беларусі». У выніку ўлады Беларусі пачалі расследаванне ў дачыненні да Алега Агеева за перавышэнне паўнамоцтваў адваката і парушэнне прафесійнай этыкі.
14 лютага 2011 года Міністэрства юстыцыі Беларусі спыніла дзеянне ліцэнзіі Агеева, заявіўшы, што ён «здзейсніў правіну, несумяшчальную са званнем адваката». Пасля падачы некалькіх беспаспяховых апеляцыйных скаргаў да ўлад з патрабаваннем адмяніць рашэнне Агееў звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека.
«Ясна, што спадар Агееў быў падвергнуты жорсткім і несправядлівым санкцыям толькі за тое, што ён выступіў у СМІ, а зрабіў ён гэта ў інтарэсах свайго кліента і для задавальнення грамадскіх інтарэсаў», — сказаў Арыф Булкан, член Камітэта.
«Акрамя таго, спадара Агеева ніколі не апавяшчалі аб вылучаных абвінавачаннях і аб правядзенні разглядаў супраць яго з боку Міністэрства юстыцыі. Ён не прысутнічаў на слуханні і не меў магчымасці выступіць у сваю абарону. Незалежны і бесстаронні суд адмовіў яму ў справядлівым і публічным судовым разглядзе», — дадаў Булкан.
У сваім заключэнні Камітэт па правах чалавека заклікаў Беларусь прыняць адпаведныя меры для выплаты Агееву адэкватнай кампенсацыі і аднаўлення яго адвакацкай ліцэнзіі. Камітэт таксама заклікаў дзяржаву-ўдзельніцу ААН прыняць меры для недапушчэння паўтарэння падобных парушэнняў у будучыні.