«Крымінальная справа не ўзбуджаецца імгненна». Былыя пракурор і следчы — пра 231 падазраванага пасля маршу

Сёння Следчы камітэт заявіў: 231 затрыманы на нядзельным маршы — цяпер падазраваныя па крымінальнай справе. TUT.BY спытаў у былога пракурора і следчага: ці сустракаліся яны з аналагічнымі справамі, колькі наогул можа быць фігурантаў у справе і што не так, калі чалавека затрымліваюць па адміністрацыйцы, а дапытваюць ўжо ў межах крымінальнай.

Хапун падчас маршу 1 лістапада ля Курапатаў. Фота Алены Ляшкевіч

Хапун падчас маршу 1 лістапада ля Курапатаў. Фота Алены Ляшкевіч

— Я 22 гады працую праваабаронцам, і ўпершыню артыкул 342 КК з'явіўся ў практыцы ў 2010 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў. Калі не памыляюся, фігурантамі тады былі шэсць чалавек. І ўсё, больш спраў па гэтым артыкуле не было, да гэтага года, — аналізуе сітуацыю Алег Волчак, кіраўнік праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву». — Як у былога следчага пракуратуры ў мяне ўзнікае пытанне: як можна так хутка прыняць рашэнне аб узбуджэнні крымінальнай справы. Не было часу апытаць людзей з абодвух бакоў, праверыць запісы з відэакамер, правесці іншыя следчыя дзеянні. І заўважце: у СК пададзена 1800 заяў аб прычыненні цялесных пашкоджанняў, людзі прыклалі фота, відэа, але тры месяцы ніхто не спяшаецца заводзіць крымінальныя справы. Я лічу, арт. 342 цяпер разлічаны на тое, каб беларусы перасталі выходзіць на маршы і акцыі.
Па словах Алега Волчака, узбуджаць «справы пачкамі — проста абсурд», і ён не разумее, як іх можна давесці да суда. А калі яны там усё ж акажуцца, то амаль усе суддзі Мінска будуць занятыя толькі разглядам спраў па арт. 342.
 — Каб прыняць рашэнне аб узбуджэнні крымінальнай справы, трэба сабраць фактаж, гэта не робіцца імгненна. Тое, што адбылося, непрафесійна, і відавочна тут палітычная падаплёка. Добра, мог заблытацца адзін следчы, але хіба можа група следчых з вопытам вось так ламаць лёсы сотні людзей? — каментуе TUT.BY Алег Волчак.
Ён не прыпомніць, каб раней па крымінальнай справе праходзілі сотні падазраваных. Але ў судовай практыцы былі выпадкі, калі дзясяткі абвінавачаных аказваліся за кратамі: банда Марозава, справа аб карупцыі супрацоўнікаў мытні.
У размове з TUT.BY былы следчы Аляксандр Сушко звяртае ўвагу:
 — У Крымінальна-працэсуальным кодэксе няма абмежаванняў па колькасці падазраваных. Дакладна былі справы з вялікай колькасцю падазраваных, але няшмат. Напрыклад, справа па наркотыках.
У сваёй практыцы Сушко не сустракаў выпадкаў, каб чалавека за адно і тое ж дзеянне прыцягвалі ў рамках і Адміністрацыйнага кодэкса, і Крымінальнага.
 — У выніку трэба ўсё-ткі вызначыцца: гэта адміністрацыйка ці крыміналка Калі апошняе, неабходна працаваць у рамках крымінальнага працэсу. Калі справа адміністрацыйная — перадаваць дакументы ў суд. І калі чалавека прыцягнуць у рамках адміністрацыйнага працэсу, выходзіць, крымінальнай справы быць не можа. Тады ўзнікае пытанне: навошта гэты артыкул?