«Крымінальны» 2020-ты. Як і за што пратэстоўцы атрымлівалі тэрміны зняволення
У мінулым пратэсным годзе ў суверэннай гісторыі Беларусі быў пастаўлены рэкорд па распачатых крымінальных справах, наўпрост ці ўскосна звязаных з перадвыбарчай кампаніяй і яе вынікамі. З дапамогай даных пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтра «Вясна» TUT.BY сабраў судовую статыстыку, а таксама вырашыў прыгадаць найбольш прыкметныя прысуды па некаторых крымінальных артыкулах.
На момант падрыхтоўкі матэрыялу база даных «Вясны» ўтрымлівала інфармацыю пра больш за 720 фігурантаў крымінальных спраў. Для 619 з іх дакладна былі вядомыя артыкулы Крымінальнага кодэкса. Самыя распаўсюджаныя — артыкул 293 «Масавыя беспарадкі», па ім праходзяць 184 фігуранты; артыкул 342 «Арганізацыя або ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», — 178 фігурантаў; і артыкул 364 «Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» — 91 фігурант. Пры гэтым 35 чалавек прыцягнулі адразу па некалькіх артыкулах. Самая распаўсюджаная камбінацыя: артыкулы 342 і 364 — па такім спалучэнні праходзяць 16 чалавек.
89 асобам ужо вынесеныя прысуды. Суддзі не заўсёды каралі пазбаўленнем або абмежаваннем волі: у некаторых вердыктах прысутнічаюць шматтысячныя штрафы. У сярэднім летась у калонію адпраўлялі на тры гады, на «хімію» — на два.
Самы вялікі тэрмін — 7 гадоў калоніі строгага рэжыму
Сцвярджалася, што 47-гадовы Уладзімір Гарох планаваў масавыя беспарадкі ў родным Навагрудку і суседніх Карэлічах. Паводле версіі следства, для гэтага ён з ліпеня па жнівень сустракаўся з мясцовымі жыхарамі, заклікаў іх да актыўнага супраціву ўладаў пасля прэзідэнцкіх выбараў. Мужчына прапаноўваў супрацьстаяць сілавікам «з дапамогай арматуры, тэлескапічных дубінак, казаў пра магчымасць закідаць “кактэйлямі Молатава” будынак мясцовай міліцыі, перакрыць спілаванымі дрэвамі дарогу паміж Карэлічамі і Наваградкам, а таксама разбіць на Замкавай гары ў Наваградку намётавы гарадок».
На сустрэчах з Гарохам кожны раз было ўсяго ад двух да пяці чалавек. Сведкі на судзе казалі, што ці не ўспрымалі словы мужчыны сур’ёзна, ці думалі, што ён з’яўляецца супрацоўнікам праваахоўных органаў, а гэта своеасаблівая праверка. Гарох сваю віну не прызнаў, заявіўшы, што збіраў мясцовую каманду падтрымкі кандыдата Святланы Ціханоўскай, а пра беспарадкі казаў для таго, каб праверыць суразмоўцаў на адэкватнасць.
Нічога з таго, пра што казаў Гарох, не было зроблена — 7 жніўня пра гэтыя сустрэчы стала вядома праваахоўнікам. Са слоў самога мужчыны, убачыўшы міліцэйскую машыну каля дома, ён уцёк у лес і затым хаваўся ў Лідскім раёне, пакуль не быў затрыманы 18 жніўня. За гэты час Гарох паспеў публічна абразіць Лукашэнку ў адным з вайбер-чатаў. Сам ён патлумачыў такія паводзіны тым, што быў «не ў сабе» з-за затрымання пасля выбараў яго дваіх дзяцей-медыкаў, якія аказвалі дапамогу пацярпелым. Пры гэтым, паводле яго словаў, яго сын быў моцна збіты.
Яшчэ адной гучнай справай, звязанай з палітыкай, сталі два паралельныя працэсы з нагоды «цынічных» надпісаў на стыхійным народным мемарыяле каля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага ў Мінску. Усяго па іх праходзілі пяць чалавек, усе яны пасля затрымання знаходзіліся пад вартай, а двое ў выніку атрымалі рэальныя тэрміны.
Усе фігуранты абвінавачваліся ў нанясенні на тратуар каля метро «Пушкінская» надпісаў «Не забудзем» 9 верасня. Папярэдне шкода была ацэненая ў каласальныя сумы: 7,5 тысячы рублёў і больш за 10 тысяч рублёў. Аднак на судзе высветлілася, што рэальныя выдаткі на выдаленне надпісаў склалі 211 рублёў 20 капеек і 255 рублёў 99 капеек. Адвакаты звярнулі ўвагу, што пры такім памеры шкоды ставіцца ў віну іх падабаронным 218-ы артыкул нельга, таму далей усе фігуранты праходзілі толькі па артыкуле за хуліганства.
Прысуды па абодвух судах былі вынесеныя 8 снежня: Марыя Бабовіч атрымала паўтара года «хатняй хіміі», Максім Паўлюшчык — два гады калоніі агульнага рэжыму; Дзяніс Граханаў і Ігар Самусенка — па паўтара гады «хіміі». Уладзіслаў Гуліс, які меў непагашаную судзімасць па «наркатычным» артыкуле і за пару месяцаў да інцыдэнту выйшаў па амністыі, быў прысуджаны да двух гадоў калоніі строгага рэжыму.
Прызначаны 30-гадоваму гамяльчаніну Сяргею Верашчагіну прысуд — пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму — уваходзіць у топ самых жорсткіх, вынесеных у мінулым годзе. Прычым было пазначана, што мужчына прычыніў пацярпеламу міліцыянту «цялесныя пашкоджанні, якія не пацягнулі за сабой кароткачасовае расстройства здароўя».
Дом, дзе жыве Верашчагін, знаходзіцца насупраць цырка, побач з якім у жніўні збіраліся пратэстоўцы. Абвінавачванне сцвярджала, што ўвечары 12 жніўня п’яны падсудны крычаў з вакна пагрозы і абразы ў адрас міліцыянтаў, якія ў гэты момант размаўлялі з мінакамі. Затым ён пачаў кідаць у іх пластыкавыя і шкляныя бутэлькі. Маці, што адчыніла дзверы чацвярым сілавікам, папрасіла пра дапамогу: сын разбушаваўся, яго адзенне было ў крыві. Міліцыянты заявілі, што ён паводзіў сябе агрэсіўна, так што давялося яго скруціць, пры гэтым мужчына біўся галавой аб сцены і падлогу. Пакуль зафіксаванага кайданкамі Верашчагіна спускалі ўніз, на лесвічнай пляцоўцы той, нібыта, наўмысна ўдарыў аднаго з міліцыянтаў нагой у вока.
На папярэднім следстве маці абвінавачанага казала, што ён быў візуальна ў стане ап’янення, але на судзе заявіла, што не можа гэтага сцвярджаць. Яна таксама адмаўляла, што прасіла міліцыянтаў пра дапамогу і што ў яе сына былі нейкія траўмы да прыходу праваахоўнікаў.
Па словах Верашчагіна, ён не кідаў у міліцыянтаў бутэлькі, а звярнуўся да іх з акна з-за іх жорсткасці ў адносінах да ўдзельнікаў акцыі, сярод якіх былі дзяўчаты. Не прызнаў ён і тое, што ўдарыў міліцыянта. Яго адвакат сцвярджала, што яе падабаронны наогул не мог нанесці ўдар міліцыянту так і пры такіх абставінах, як гэта апісана: яго рост каля двух метраў, а лесвічная пляцоўка мае памеры 1 м на 80 см, так што яго маглі несці толькі ў сагнутым стане.
Абаронца здолела трапіць да Верашчагіна толькі на трэці дзень пасля затрымання: ён быў моцна збіты, адвакат запатрабавала яго неадкладнай шпіталізацыі. Абследаванне паказала наяўнасць чэрапна-мазгавой траўмы, удару галаўнога мозгу і іншых сур’ёзных пашкоджанняў — адвакат заявіла, што ён атрымаў не менш за сотню ўдараў. Па словах Верашчагіна, білі яго не толькі пры затрыманні, але і ў РАУС: «Білі, скакалі па галаве, абражалі і смяяліся», — распавёў мужчына.
Ён напісаў заяву ў Следчы камітэт па факце збіцця, аднак за некалькі дзён да пачатку працэсу высветлілася, што гэты матэрыял вылучаны ў асобную вытворчасць. Акрамя вынясення рашэння аб пазбаўленні гамельчука свабоды, суд таксама абавязаў яго кампенсаваць маральныя пакуты пацярпелага міліцыянта, ацаніўшы іх у 1000 рублёў.
Прысуды жанчынам: «хімія», арышт і рэальныя тэрміны
Сярод тых, хто трапілі пад крымінальны пераслед, 549 мужчын і 104 жанчыны. Пол яшчэ 12 чалавек не высветлены.
20-гадовая Марыя Сафонава ў ноч на 7 кастрычніка намалявала БЧБ-сцяг і нанесла надпіс «Жыве Беларусь» на асфальце ў адным з мінскіх двароў, адкуль ёй з сябрам да прыезду міліцыі не далі сысці мясцовыя жыхары. У пастанове следчага надпіс пазначаўся як «цынічны» і «абразлівы для пачуццяў грамадзян»: абароне з прыцягненнем экспертаў НАН Беларусі давялося даказваць у судзе, што словы такімі не з’яўляюцца. Суд прызначыў у выглядзе пакарання для дзяўчыны двухмесячны арышт.
Фармацэўта з Гродна, 55-гадовую Марыну Палікарпаву судзілі за падзеі, якія адбыліся 9 жніўня. Паводле версіі абвінавачвання, яна брала ўдзел у пратэснай акцыі, а калі яе затрымалі, абуралася, хапала супрацоўнікаў міліцыі за вопратку. Спрабуючы пакінуць мікрааўтобус сілавікоў, яна нанесла траўмы двум супрацоўніцам АМАПу: адну ўдарыла па твары, іншую ўкусіла за руку. У пратаколе пазначана, што жанчына была з сяброўкай і ведала пра акцыю пратэсту, але пайшла паглядзець на яе з цікаўнасці.
Сама Палікарпава сцвярджае, што ні ў якіх пратэстах удзелу не прымала, спецыяльна сышла на некаторую адлегласць ад эпіцэнтра падзей і чакала свайго брата, з якім павінна была вярнуцца дадому. Яна падумала, што міліцыянты ўсяго толькі правераць у яе дакументы. Паводле яе слоў, супрацоўніцы АМАПу пачалі абражаць і збіваць яе ўжо ў спецтранспарце. Жанчыны паклікалі на дапамогу нейкага мужчыну, затым Марына адчула ўдар у патыліцу, на яе надзелі кайданкі. Пазней яна зняла пабоі (было зафіксавана 51 цялеснае пашкоджанне) і звярнулася з заявай у Следчы камітэт. Адвакат звярнуў увагу суда на нестыкоўкі ў апісанні паводзін падабароннай і спадарожных абставінаў, якія супрацоўніцы АМАПу не змаглі растлумачыць.
Жанчыну прызналі вінаватай і прызначылі пакаранне ў выглядзе двух гадоў «хатняй хіміі». Таксама яна павінна выплаціць кампенсацыю пацярпелым супрацоўніцам — па 1,5 тысячы рублёў кожнай (прасілі па 5 тысяч).
Самы жорсткі «жаночы» прысуд — за драпіну і падраную балаклаву. 51-гадовая Наталля Хершэ разам з непаўналетняй дачкой больш за 12 гадоў пражывае ў Швейцарыі і прыязджала на радзіму прыкладна раз на год. Інцыдэнт адбыўся 19 верасня ў Мінску, калі ў раёне вуліцы Якуба Коласа рухаліся ўдзельніцы жаночага маршу. Адной з затрыманых стала і Хершэ. Абвінавачванне сцвярджала, што жанчына супраціўлялася праваахоўнікам, а ў нейкі момант сарвала з аднаго з супрацоўнікаў у форме без апазнавальных знакаў балаклаву, пры гэтым пакінуўшы яму на твары ранку.
Міліцыянт распавёў, што на відэа затрымання Хершэ яго апазналі і сталі пагражаць яму і яго сям’і. З-за мераў сакрэтнасці для забеспячэння бяспекі пацярпелага фота яго траўмы, якія зрабіў судмедэксперт, не былі далучаныя да справы. Відэазапіс інцыдэнту з міліцэйскай камеры нібыта не захаваўся, хаця адвакат настойвала, што рабіла адпаведны запыт аб яго выдачы.
Хершэ прызначылі пакаранне ў выглядзе 2,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, а таксама абавязалі выплаціць маральную кампенсацыю міліцыянту ў памеры тысячы рублёў. БЧБ-сцяг, які канфіскавалі ў Наталлі, па рашэнні суда павінны былі знішчыць.
У самой Швейцарыі справа не засталася без увагі: мясцовая прэса яе актыўна асвятляла, таксама ёй заняліся дэпутаты парламента і, вядома, пасольства краіны ў Беларусі.
*****Святлана Ціханоўская, каментуючы пачаты крымінальны працэс над аўтарам YouTube-канала «Слуцк для жыцця» Уладзімірам Няронскім, паабяцала, што ў новай Беларусі палітзняволеныя будуць рэабілітаваныя і атрымаюць кампенсацыі. Але кампенсацыі будзе плаціць не дзяржава, а тыя, хто затрымліваў, абвінавачваў і судзіў. «Так было ва ўсіх краінах, якія пазбавіліся свайго злачыннага рэжыму», — зазначыла яна.