Куды звозяць косткі габрэяў са стадыёна ў Валожыне? (абноўлена)

"Сёння быў у Валожыне, бачыў раскопкі на стадыёне, на месцы расстрэлу габрэяў. Салдаты складаюць косткі ў пластыкавыя мяшкі", — напісаў у лісце на адрас рэдакцыі гісторык Алесь Белы.



fota_svabiudy.jpg

"Гэта быццам бы спецыяльны пошукавы батальён, а афіцыйны заказчык — Валожынскі райваенкамат. Мне па сакрэце распавялі, што ў такія ж мяшкі складаюць і знойдзеныя фрагменты адзення і іншых асабістых рэчаў, адвозяць кудысьці і спальваюць. Калі так, то ці ж гэта правільна? Бо па іх можна было б часам апазнаць асобу расстраляных! Ці працуе там хто-небудзь з крыміналістаў? Як наогул трэба дзейнічаць у такіх выпадках? Няўжо не павінна ўмешвацца пракуратура і іншыя інстанцыі?", — турбуецца Алесь 

"Мясцовая інтэлігенцыя, пасля смерці ад інсульту Георгія Каржанеўскага, які арганізоўваў пратэсты, баіцца совацца ў гэтыя пытанні. На стадыён нікога не пускаюць, ніякай iнфармацыяй не дзеляцца. Не ведаю, ці праходзіла якая-небудзь інфармацыя ў прэсе. Кіраўніцтва саюза габрэйскіх суполак будзе ў Валожыне толькі заўтра. Баюся, вельмі шмат інфармацыі аб загінулых, якую можна было б захаваць, ужо згублена.

Дзівосна, што ў наш інфармацыйны час усё робіцца нейкім варварскім спосабам, без асвятлення і кантролю грамадскасці", — піша Алесь Белы.

На жаль, сёння ўжо немагчыма высветліць тое, хто і як праводзіць гэтыя раскопкі. І тым больш тое, ці сапраўды рэчы расстраляных спальваюць. Заўтра мы паспрабуем звязацца з Упраўленнем па ўвекавечанню памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных сіл, каб атрымаць каментар. Бо менавіта да гэтай структуры адносіцца 52-і пошукавы батальён, які, магчыма, і праводзіць раскопкі на валожынскім стадыёне.

Нагадаем, мясцовы актывіст Георгій Каржанеўскі змагаўся супраць будаўніцтва ў Валожыне свінакомплексу і дамоў на месцы масавых расстрэлаў яўрэяў на мясцовым стадыёне падчас другой сусветнай вайны.

Прадстаўнікі забудоўшчыка — кампаніі алігарха Юрыя Чыжа — неаднойчы пагражалі "закатаць яго ў асфальт", а ўзімку падчас адной з сустрэчаў нават ударылі пенсіянера ззаду па нырках. Пра гэта паведаміў каардынатар аргкамітэту БХД па Мінскай вобласці Павал Пракаповіч.

Калі ў чэрвені на стадыёне пачалі бурыць грунт. Георгі Каржанеўскі ў першы дзень здолеў спыніць працу будаўнікоў, растлумачыўшы ім усё пра стадыен, аднак на наступны дзень працы аднавіліся — па словах будаўнікоў, "ўсе ўжо вырашана мясцовымі ўладамі". Пасля мясцовыя жыхары правялі пекет супраць забудовы на касцях.

У стан занядбання стадыен быў прыведзены адмыслова мясцовымі ўладамі. Замест таго, каб перахаваць жэртваў халакосту, якіх тут пахавана некалькі сотняў чалавек, яны зрабілі насып акурат на месцы растрэлаў.

Мясцовыя жыхары добра ведаюць, дзе знаходзіцца гэтае страшнае месца. Такое забыць немагчыма. У лістападзе 1941 годзе некалькі сотняў яўрэяў, лепшых прадстаўнікоў яўрэйскай абшчыны Валожына — равіна, спартоўцаў, вайскоўцаў, інтэлігенцыю, былі растраляныя на мясцовым стадыёне. Шмат хто з тых, каго прыводзілі на стадыен, не чакалі стрэлаў і прыгалі ў яму жывымі, ад чаго некалькі гадзін пасля таго, як засыпалі яму, зямля нібыта "хадуном хадзіла".

Георгій Каржанеўскі неаднаразова звяртаўся да мясцовых уладаў з патрабаваннем спыніць будаўніцтва жылых дамоў на месцах масавых растрэлаў яўрэяў.

І вось нарэшце, здаецца, мясцовыя ўлады пачалі раскопкі. Але тое, як гэта робіцца, у відавочцаў выклікае шмат пытанняў.

Як паведаміў у каментары прадстаўнік Упраўлення па ўвекавечанню памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных сіл Віктар ВіктаравічТаран, 52-і пошукавы батальён сапраўды праводзіць раскопкі на валожынскім стадыёне. Гэта робіцца строга па замове мясцовых выканаўча-распарадчых органаў, то бок Валожынскага райвыканкама. Таму, як праводзіць раскопкі, што рабіць з парэшткамі, таксама вырашае райвынканкам. Як паведаміў, Віктар Таран, яго падраздзяленню не вядома, ці будзе праводзіцца пашпартызацыя аб'екта, а тым больш, ці будуць перапахаваныя знойдзеныя людскія парэшткі.

Атрымаць каментар у Валожынскім райвыканкаме пакуль нам не ўдалося. На тэлефанаванне ніхто не адказвае. Але прадстаўніку габрэйскай грамады Гамбурга работніца ідэялагічнага аддзела валожынскага выканкама Вераніка Загорская паведаміла, што раскопкі праводзяцца ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам; нНа іх прысутнічаюць прадстаўнікі міліцыі і пракуратуры; доказаў, што там ляжаць парэшткі грмадзян габрэйскай нацыянальнасці няма; а для перепахавання парэшткаў выдзелена адмысловае месца.

Мы будзем сачаць за развіццём падзей.