«Курапаты на законнай падставе могуць быць ліквідаваныя за дзве гадзіны»

Беларусь застаецца «белай плямай» сярод іншых краін у галіне даследавання камуністычнага тэрору, а ўшанаванне памяці ахвяр рэпрэсій грамадскасцю аказалася па-за законам.

repr1_logo_1.jpg

НАРБ закрыў базу даных аб рэпрэсаваных

Днямі ў Мінску прайшла канферэнцыя «Каардынацыя даследаванняў камуністычнага тэрору ў маштабах Беларусі», арганізаваная грамадскай кампаніяй «Захаваць памяць аб рэпрэсіях». Яе мэта — аб’яднаць назапашаны досвед у даследаванні тэмы рознымі грамадскімі ініцыятывамі з усіх рэгіёнаў Беларусі.

p1269450_logo.jpg

«Шторазу мы пачынаем з нуля, быццам нічога не было, хаця ўжо назапашаныя матэрыялы, але невядома, дзе яны, ёсць сваякі рэпрэсаваных, але невядома, як з імі кантактаваць, ёсць алгарытмы, як працаваць з архівамі, але пра іх мала хто ведае, ёсць вялікі масіў даследаванняў сталінскіх рэпрэсій, але ён несістэматызаваны. Я сам — нашчадак расстраляных, мне гэта цікава, я хачу аб’ядноўваць тых, каму гэта баліць таксама», — кажа ініцыятар канферэнцыі, каардынатар грамадскай кампаніі «Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы»Ігар Станкевіч.  

Арганізатары канферэнцыі Ігар Станкевіч і Наталля Хамутоўская

Арганізатары канферэнцыі Ігар Станкевіч і Наталля Хамутоўская

Ён распавёў, што некалькі гадоў таму закрылі даступную раней базу «Звесткі аб неабгрунтавана рэпрэсаваных грамадзянах Беларусі» ў Нацыянальным архіве. У ёй змяшчаецца каля 180 тысяч імёнаў, што ў некалькі разоў больш, чым у адкрытых крыніцах. База не мае якіх-небудзь заканадаўчых абмежаванняў па доступе, там няма ніякіх звестак, якія б з’яўляліся таямніцай прыватнага жыцця. У архіве цяпер кажуць, што база абмежаваная толькі для службовага карыстання. Аднак гісторык-архівіст Зміцер Дрозд звяртаўся з гэтым пытаннем у Міністэрства юстыцыі, якое адказала, што такога абмежавання няма. Адна з негалосных прычын, мяркуюць даследчыкі, у тым, што надта шмат беларусаў сталі карыстацца базай для атрымання карты паляка. У сувязі з гэтым актывісты распачалі кампанію за адкрыццё архіваў Беларусі, да якой можна далучыцца ў Фэйсбуку.

У Беларусі няма афіцыйных лічбаў па рэпрэсіях

На фоне іншых краін Беларусь выглядае белай плямай у галіне даследавання рэпрэсій, мяркуе даследчык Ігар Кузняцоў. «У нас цяпер увогуле няма афіцыйных лічбаў па рэпрэсіях. Лічба ў 600 тысяч ахвяр уведзена Уладзімірам Адамушкам як прыватным даследчыкам, але гэта не было зроблена ад імя дзяржавы, таму гэтая лічба не з’яўляецца афіцыйнай», — зазначае Ігар Кузняцоў.

Ігар Кузняцоў

Ігар Кузняцоў

Гісторык перакананы, што карэктна казаць не пра месцы расстрэлаў, а пра месцы знішчэння людзей падчас бальшавіцкага тэрору. «Я кажу адназначна, што сёння слова “расстрэлы” — некарэктнае, бо ў адной магіле могуць знаходзіцца і расстраляныя, і закатаваныя, і забітыя падчас допытаў», — звяртае ўвагу гісторык. У якасці прыклада ён прыводзіць Курапаты — адзінае месца, дзе праводзіліся дзве эксгумацыі. Выявілася, што там адбываліся і расстрэлы, і пахаванні ўжо забітых людзей.
Ігар Кузняцоў звяртае ўвагу, што на сённяшні дзень у Беларусі вядомыя толькі прыкладныя месцы расстрэлаў і пахаванняў ахвяр рэпрэсій. Дакументальна не ўстаноўлена ніводнае з іх, КДБ не выдала ніводнага дакумента на гэты конт.

Як ушаноўваюць ахвяр рэпрэсій у рэгіёнах

Нягледзячы на тое, што для афіцыйных уладаў тэмы рэпрэсій у гістарычным кантэксце не існуе, грамадскія актывісты з розных рэгіёнаў ствараюць уласныя ініцыятывы па яе даследаванні і ўшанаванні ахвяр.
Адна з кампаній, што з’явіліся апошнім часам, — гомельская ініцыятыва «Забітыя і забытыя». Яе распачала журналістка, продкі якой пацярпелі ад рэпрэсій, Ларыса Шчыракова. Удзельнікі кампаніі пачалі працу з таго, што стварылі петыцыю з патрабаваннем да ўладаў ушанаваць месцы масавых распраў пад Гомелем — гэта Шчакатоўскі і Бутулінскі лясы. У Шчакатоўскім лесе ў межах кампаніі зладзілі фотапраект з дзвюх частак: рэканструкцыі расстрэлу і здымак людзей з партрэтамі рэпрэсаваных, узятых з кніг «Памяць». У ўдзельнікаў кампаніі шмат планаў і задумаў, адна з іх — здымаць краязнаўчыя матэрыялы.

Ларыса Шчыракова

Ларыса Шчыракова

Андрэй Скідан і Вольга Афанасьева штогод на Дзяды ладзяць акцыю з чытаннем імёнаў забітых у Гомелі. Актывісты прадстаўляюць праваслаўную супольнасць Праабражэнскае брацтва, якая ўзнікла ў постсавецкія часы.
«У многіх гарадах Расіі і блізкага замежжа адным з самых масавых мерапрыемстваў з’яўляецца малітва памяці, якая праходзіць 30 кастрычніка. Але ў Беларусі мы не можам яе праводзіць, паколькі нам не дазваляюць. Мы ўваходзім у епархіяльную царкоўна-гістарычную камісію, якая збірае даныя па царкоўных рэпрэсаваных і займаецца ўшанаваннем іх памяці. Блізу 30 кастрычніка мы ініцыюем вечар памяці ў абласной бібліятэцы. На Дзяды мы прыбіраемся на старых гомельскіх могілках, там служыцца паніхіда па ўсіх забітых і закатаваных, і мы чытаем імёны з кнігі «Памяць». Нас не цікавіць іх веравызнанне, палітычная прыналежнасць, нас цікавіць сам факт знішчэння людзей, і мы іх памінаем. Для нас прынцыпова важна называнне імёнаў, бо паводле праваслаўнай традыцыі — гэта не проста памяць, а ажыўленне чалавека», — распавядае Андрэй.  

Вольга Афанасьева і Андрэй Скідан

Вольга Афанасьева і Андрэй Скідан

На вечары памяці прыходзяць сваякі рэпрэсаваных, якія распавядаюць свае сямейныя гісторыі. Але людзей збіраецца не так шмат. «Гэта выклікае надзвычай малую зацікаўленасць. Людзі альбо баяцца, альбо гэтая тэма іх не цікавіць. Табуяванне тэмы прывяло да абыякавасці людзей да яе», — перакананы Андрэй Скідан.
З прыходам Саветаў рэпрэсіі зазналі і жыхары Заходняй Беларусі. Даследчык Мікалай Малішэўскі з Гродна збірае базу пазасудовых распраў над жыхарамі і вайскоўцамі Другой Рэчы Паспалітай на тэрыторыі Гродзеншчыны і Брэстчыны.

Мікалай Малішэўскі

Мікалай Малішэўскі

Па яго словах, новая ўлада не рупілася аб фармальных працэдурах, такіх як арышт — расстрэльвалі і знішчалі людзей нават без удзелу так званых «троек», якія ўяўлялі сабой прымітыўныя судзілішчы. Забойствы ладзілі не толькі супрацоўнікі НКУС, але і рэўкомаўцы, актывісты КПЗБ.
Знішчалі не толькі вайскоўцаў, якія мелі зброю ў руках і, дарэчы, не заўжды супраціўляліся. Так, у Макранах падчас масавай расправы без суда забілі 150 чалавек Пінскай флатыліі. Было замардавана шмат святароў, прычым не толькі каталіцкіх, але і праваслаўных. Апроч іх ахвярамі станавіліся прадстаўнікі самых розных саслоўяў і заняткаў: войт гміны, солтыс вёскі, дырэктар школы, гаспадар маёнтка, селянін, афіцэр, касір, паштальён, настаўнік… Паводле звестак, сабраных даследчыкам, людзей забівалі самымі страшнымі спосабамі: рыдлёўкамі, выразалі языкі, здзіралі скуру, тапілі, закопвалі жыўцом… Так, захаваліся сведчанні здзекаў са сваякоў Ларысы Геніюш Цімафея Трафімчука і яго жонкі Марыі. У весрасні 1939 года ў маёнтку Ярылаўка Ваўкавыскага павету жанчыне вырвалі язык, зрэзалі скуру, а іх сыну Уладзіміру перад смерцю выкалалі вочы.
На канферэнцыі не змог прысутнічаць 80-гадовы Уладзімір Ярошчанка з Магілёва, былы супрацоўнік крымінальнага вышуку ў транспартнай міліцыі, гісторык па адукацыі. Ён звяртаўся да органаў улады і царквы, у прэсу, збіраў успаміны, склаў мапу месцаў расстрэлаў і ўрэшце вымусіў выканкам паставіць крыж ахвярам рэпрэсій у вёсцы Вільчыцы Магілёўскага раёна.
Яшчэ адзін актывіст з Магілёва Алег Аксёнаў распавёў пра беларуска-расійскі ўніверсітэт у горадзе, у двары якога раней знаходзілася ўнутраная тума. Там у адзін дзень было расстраляна больш за 100 чалавек інтэлігенцыі. Зараз мясцовыя актывісты збіраюць подпісы, каб на будынку ўсталяваць памятную шыльду.

Алег Аксёнаў

Алег Аксёнаў

Вялікім поспехам карыстаецца вандроўная фотавыстава «Хайсы — Віцебскія Курапаты». Яе каардынатар Ян Дзяржаўцаў распавёў, што праект — вынік пяцігадовай працы актывістаў па добраўпарадкаванні мемарыяла Хайсы пад Віцебскам. Фотавыстава ўжо пабывала ў касцёлах пяці гарадоў Віцебскай вобласці — Віцебску, Полацку, Глыбокім, Мёрах, Браславе (дзе, дарэчы, была скрадзеная кніга водгукаў на экспазіцыю). Экспазіцыю штодня бачаць тысячы наведнікаў. Вандроўная выстава стала магчымай дзякуючы намаганням святароў — біскупу Алегу Буткевічу, ксяндзу Вячаславу Барку і іншым.

Ян Дзяржаўцаў

Ян Дзяржаўцаў

Праблема Курапатаў

Кіраўнік Грамадскай дырэкцыі Народнага мемарыяла Курапаты Алесь Чахольскі распавёў пра ўвекавечанне памяці ахвяр сталінскага тэрору ў самым вялікім чалавечым могільніку ў Беларусі. Па словах Алеся Чахольскага, у канцэпцыі мемарыяла адпачатку палягалі тры рэчы: павінны былі быць захаваныя расстрэльныя ямы-магілы, лес, а таксама паўстаць крыжы ды памятныя знакі. У 1993 годзе касцёл і царква прапанавалі стварыць крыжовую алею смутку, паставіць крыжы на магілах, аформіць крыжамі Галгофу (Кальварыю), а таксама ўсталяваць крыжы і памятныя знакі ад іншых гарадоў Беларусі і ў гонар вядомых людзей краіны, пацярпелых ад рэпрэсій. Адпаведныя дакументы падпісалі кардынал Казімір Свёнтак і мітрапаліт Філарэт.
На грамадскіх пачатках навуковым кіраўніком мемарыяла стала Майя Тодараўна Кляшторная. Ёсць дакументы паэтапнага ўпарадкавання Курапатаў, падпісаныя ёю і зацверджаныя ў Мінкульце. Дзякуючы ініцыятыве Майі Тодараўны па межах мемарыяла былі ўсталяваныя камяні і крыжы з памятнымі надпісамі, зацверджаныя міністэрствам. Гэтыя знакі былі ўсталяваныя для таго, каб пазначыць межы мемарыяла, разрэзанага напалам Мінскай кальцавой дарогай.
З 2000 года пачалося стварэнне народнага мемарыяла, калі людзі на Дзяды прынеслі туды дзясяткі крыжоў. Сталі ладзіцца талокі, якія працягваліся з вясны да восені. Актывісты расчышчалі ад зарасніку лес, вышчымлялі з яго аматараў пасмажыць шашлыкі, ставілі крыжы. Наладзілі патрулі. Выпусцілі тысячы ўлётак, якія распаўсюджвалі сярод мясцовых жыхароў. Інфармацыйная праца дала плён, перакананы Алесь Чахольскі, і цяпер людзі ведаюць, што гэта за месца.

Алесь Чахольскі

Алесь Чахольскі

Ён адзначыў, што ніхто не быў супраць, каб памятны знак ад дзяржавы ўсталявалі ўнізе на ўваходзе ў мемарыял. Але яго ўсталявалі на Галгофе, і такім чынам народны мемарыял улады ўзялі пад свой кантроль, перакананы Алесь Чахольскі. Разам з тым пад рэстаран «Поедем поедим» былі скарочаныя ахоўныя зоны мемарыяла. Цяпер у абаронцаў мемарыяла новы выклік — курапацкае поле, на якім плануюць пабудаваць выставачны комплекс.
«Курапаты абкладаюць сістэмна, гэта прыніжэнне статуса некропаля, нівеляванне яго як месца самых масавых рэпрэсій у Беларусі падчас камуністычнага тэрору», — лічыць Чахольскі.
Гісторык Ірына Раманава выказала думку, што многія памятныя знакі, якія знаходзяцца ў Курапатах, у тым ліку новы дзяржаўны помнік і крыжы, не ўнесены ў пашпарт мемарыяла, а гэта значыць, што з пункту гледжання ўладаў яны ўсталяваныя незаконна. «Таму Курапаты на законнай падставе могуць быць ліквідаваныя за дзве гадзіны», — кажа яна. Даследчыца прапанавала ўнесці ў пашпарт гісторыка-культурнай каштоўнасці ўсе помнікі, якія знаходзяцца ў мемарыяле, каб захаваць іх ад знішчэння. Варта адзначыць, што пашпартызацыяй Курапатаў напрыканцы 2018 года займалася Таварыства аховы помнікаў, на гэта яно нават планавала ўзяць грошы ад уласніка «Поедем поедим» Леаніда Зайдэса. Але праца не была даведзеная да канца. Пазней грамадскія актывісты патрабавалі ад уладаў прадаставіць ім пашпарт мемарыяла, але так яго і не ўбачылі. Больш за тое, паколькі мемарыял перадалі на баланс Бараўлянскага спецлясгасу, усталёўваць там новыя памятныя знакі не дазваляюць згодна з Лясным кодэксам.
У сваю чаргу Ігар Кузняцоў нагадаў, што афіцыйны памятны знак у Курапатах ужо другі год не адкрыты афіцыйна, яго проста кінулі і забыліся. Паколькі ён пастаўлены на народныя грошы, гісторык прапануе прыняць яго ў склад мемарыяла і асвяціць святарамі розных канфесій.
Алесь Чахольскі дадаў, што пакуль у Курапатах захоўваецца статус-кво, паколькі ўлады абгарадзілі тэрыторыю мемарыяла, значыць, прызналі яго.

«Калі мой муж звернецца ў КДБ, яго ж з працы звольняць!»

Праграміст Павел Малчанаў разам з паплечнікамі натхніўся ідэяй стварыць інтэрактыўную мапу месцаў знішчэння ахвяр рэпрэсій па ўсёй Беларусі. Цяпер каманда працуе са звесткамі, перададзенымі ім Ігарам Кузняцовым, але распрацоўшчыкі просяць паведамляць інфармацыю пра такія месцы ўсіх неабыякавых людзей.

Павел Малчанаў

Павел Малчанаў

«Ідэалагічная вертыкаль сёння не можа дазволіць сабе дэсакралізацыі савецкай памяці. І даследаванне рэпрэсій яскрава сведчыць пра тое, што выводзіць ідэалагічную пераемнасць з Савецкім Саюзам у 2020 годзе няправільна. Але ўлады не ўмеюць працаваць у іншых умовах. На мой погляд, гэта канфлікт пакаленняў, які вырашыць час», — лічыць Павел Малчанаў.
Што да мапы, ствараючы яе, распрацоўшчыкі натхніліся інтэрактыўным Музеем гісторыі Варшаўскага паўстання, таму што гэта прыгожы, якасны і даступны кантэнт.
«Наша ідэя заключаецца ў стварэнні сайта з інтэрактыўнай мапай, якая будзе змяшчаць інфармацыю аб месцах пахаванняў, турмаў, выкананняў прысудаў, і ўсё гэта будзе мець дакументальнае пацверджанне. Па завяршэнні я б хацеў бачыць гэты праект як аргумент. Таму што, стасуючыся з прадстаўнікамі ў тым ліку Адміністрацыі прэзідэнта, я неаднойчы чуў фармулёўку кшталту “а вы дакажыце”», — кажа праграміст.
Мапы хочуць прывязаць да геададзеных, каб можна было не проста паглядзець карцінку, а ўбачыць, што на гэтых месцах адбываецца цяпер.
Ужо згаданая Ірына Раманава распавяла пра сваю кнігу «Улада і грамадства БССР у 1929 — 1939». Над больш чым 1000-старонкавым фаліянтам яна працавала 20 гадоў. Кніга змяшчае цікавыя і каштоўныя дакументы, якія дазваляюць стварыць уяўленне пра дзесяцігадовы зрэз жыцця краіны. Даследчыца брала звесткі з Нацыянальнага гістарычнага архіва.

Ірына Раманава

Ірына Раманава

«Гэта дакументы асобага сектара ЦК КПБ, які ўяўляў сабой асобную структуру, фактычна, сакрэтны архіў. Туды трапляла ўся перапіска з грыфам ”Сакрэтна”, дакладныя з месцаў, рэакцыя на іх. Атрымліваецца панарама таго, што адбывалася, па ўсёй Савецкай Беларусі», — пералічвае Ірына Раманава.
Нягледзячы на тое, што некаторыя архіўныя фонды закрыты, шмат чаго ёсць у адкрытым доступе. Прыйсці працаваць з дакументамі ў архіў можа любы ахвотны. Пра гэта распавёў гісторык-архівіст Зміцер Дрозд, які нядаўна распачаў другі сезон Школы пошуку інфармацыі аб рэпрэсаваных. У Школе ахвотных кансультуюць па тэме пошуку, дапамагаюць пісаць заявы ў патрэбныя інстанцыі. Таксама Зміцер Дрозд плануе ладзіць публічныя лекцыі ў рамках Школы.

Зміцер Дрозд

Зміцер Дрозд

Даследчык згодны з Ігарам Кузняцовым у тым, што мы можам ведаць толькі прыкладныя лічбы рэпрэсаваных. Ён распавёў пра катаванні, якія прымяняліся да вязняў падчас сталінскага тэрору супрацоўнікамі НКУС. Адзін з распаўсюджаных відаў здзекаў — парылка: гэта маленькая камера, куды набівалі 30 чалавек, горача затаплівалі печку і людзі стаялі там цэлымі днямі. Па яго словах, у адной толькі гомельскай турме ад такіх катаванняў загінула 150 чалавек. Таксама людзей на марозе аблівалі вадой.
Ігар Станкевіч распавёў пра досвед працы сваёй грамадскай ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы». Кабыляцкая гара пад Оршай як месца расстрэлаў была адкрытая ў 1982 годзе, калі там былі знойдзеныя чалавечыя парэшткі. У 1990 на гэтым месцы актывісты ўсталявалі крыж, з’явіўся камень ад выканкама. Больш за 20 год гэты камень прастаяў на Кабыляцкай гары, людзі там ладзілі талокі. У 2017 годзе Ігар Станкевіч заклікаў людзей прыносіць шыльды з імёнамі рэпрэсаваных сваякоў і вешаць іх на дрэвы ва ўрочышчы, усталёўваць крыжы.
 У 2018 годзе ініцыятыва звярнулася ў выканкам, каб улады паставілі памятны знак на Кабыляцкай гары з шыльдай на чатырох мовах — беларускай, рускай, ідыш і польскай. Урэшце ўлады здаліся, аднак польскую мову на шыльдзе замянілі англійскай, абгрунтаваўшы гэта тым, што, маўляў, палякаў у Оршы не расстрэльвалі.

Ігар Станкевіч

Ігар Станкевіч

З часам паўстаў вялікі масіў прозвішчаў рэпрэсаваных, іх гісторыі пачалі распавядаць у СМІ. Сваякі ахвяр рэпрэсій у Оршы стварылі сайт, дзе размяшчаецца больш за 1750 імёнаў.
Ігар Станкевіч падтрымлівае кантакты з прадстаўнікамі розных канфесій, заклікаючы іх далучацца да ўшанавання памяці рэпрэсаваных. Так, летась быў адкрыты помнік расстраляным палякам, на адкрыццё якога прыязджаў намеснік амбасадара Польшчы ў Беларусі, апроч таго ідзе каардынацыя з іншымі рэгіянальнымі ініцыятывамі.
Ігар Станкевіч перакананы, што людзей трэба церушыць, заахвочваць казаць пра сваіх рэпрэсаваных родных, бо самі яны рэдка першымі ідуць на кантакт.
«Як сказала мне адна жанчына, з майго пакалення, ужо трэцяга пасля рэпрэсій: “Калі мой муж звернецца ў КДБ, яго ж з працы звольняць!”», — падзяліўся досведам каардынатар ініцыятывы.


Нягледзячы на поўнае ігнараванне дзяржавай, грамадскасць дамаглася таго, каб тэма рэпрэсій гучала. Але важна казаць не толькі пра 1937-1938 гады. У публічнай прасторы трэба актуалізаваць і іншыя даты — чырвоны тэрор, масавыя дэпартацыі, раскулачванне сялянства. Гэтым збіраецца заняцца супольная агульнарэспубліканская кампанія «Забітыя, але не забытыя», абвяшчэнне якой стала вынікам канферэнцыі. Мэта ініцыятывы — збіраць інфармацыю аб месцах пахаванняў, спісы і гісторыі рэпрэсаваных, садзейнічаць у пошуку дакументаў, дамагацца адкрыцця архіваў, абменьвацца досведам работы і многае іншае. Пра бліжэйшыя планы кампаніі яе ўдзельнікі распавядуць на брыфінгу ў Мінску 4 лютага. Да ініцыятывы запрашаюць далчацца ўсіх, хто займаецца тэмай масавых бальшавіцкіх рэпрэсій у Беларусі.