«Лістапад» становіцца фестывалем

Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад», які пройдзе з 5 па 12 лістапада, абнавіўся і прагне ў Еўропу. Пра гэта расказалі на прэс-канферэнцыі, што адбылася 22 кастрычніка, арганізатары кінафэсту.

«Нам цікавыя стужкі постсацыялістычных краінаў», — акрэсліў першы фестывальны кірунак праграмны дырэктар Ігар Сукманаў.



831b1ac54cc8db480e3babac5fa2256b.jpg

Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад», які пройдзе з 5 па 12 лістапада, абнавіўся і прагне ў Еўропу. Пра гэта расказалі на прэс-канферэнцыі, што адбылася 22 кастрычніка, арганізатары кінафэсту.
«Нам цікавыя стужкі постсацыялістычных краінаў», — акрэсліў першы фестывальны кірунак праграмны дырэктар Ігар Сукманаў.
У асноўным конкурсе тузін стужак з Сербіі, Балгарыі, Грузіі, Венгрыі, Кыргызстану, Польшчы, Украіны, Расіі і Беларусі. Гэта «Святы Георгі забівае цмока» Срджана Драгоевіча, «Усходнія п’есы» Камена Калева, «Прагульнікі» Левана Кагуашвілі, «Рэверс» Барыса Ланкоша. Румынская стужка Крысці Пую «Аўрора» нарасхват на міжнародных фэстах. Украіна прадстаўлена карцінай ураджэнца Баранавічаў Сяргея Лазніцы «Шчасце маё», якая выклікала розгалас у Канах. На «Лістападзе» адбудзецца і міжнародная прэм’ера «Масакры» Андрэя Кудзіненкі, якая таксама ўключаная ў конкурс.
Другая фестывальная разынка — конкурс маладога кіно. У праграме — 9 дэбютных карцін рэжысёраў з усяго свету, у тым ліку — з Індыі, Перу, Венесуэлы, Іспаніі, Уругвая. Як падкрэсліў Ігар Сукманаў, гэтыя маладыя творцы ўжо паспелі гучна заявіць пра сябе на міжнародных кінаагледзінах.
Адбудзецца традыцыйны паказ неігравых стужак (20 конкурсных карцін), і асобна — спаборніцтва маладых дакументалістаў (12 стужак). Пад дахам «Лістападу» ладзіцца конкурс і для самых маленькіх — «Лістападзік–2010» з шасцю дзіцячымі фільма.
Па-за конкурсам — 8 дакументальных праграм і 5 ігравых. Гэта сучаснае дакументальнае ізраільскае кіно, рэтраспектыва польскага дакументаліста Марселя Лазінскага, праграма «Без пяці «Оскар» — з ігравымі стужкамі Аўстрыі, Японіі, Аргенціны. У «Французскім майстар-класе» прадстаўлены апошнія карціны Жака Пэрэна, Крыстафа Анарэ і колішняга кінахулігана Франсуа Азона.


У праграме з гучнай назвай «Экстрым і Канаманія» — стужкі з азіяцкага рэгіёну, які славіцца сваёй кінажорсткасцю, у тым ліку — карціна з Філіпінаў. А дваццацігадовы канадскі кінавундэркінд Ксаўе Долан прадстаўляе карціну «Я забіў сваю маму».
Па-за конкурсам — дні польскага кіно, панарама кіно расійскага і нацыянальныя кінапрэм’еры слынных беларускіх дакументалістаў: Віктара Аслюка і Галіны Адамовіч.
У гледачоў будзе магчымасць паставіць адзнакі ўсім фільмам, і нават сустрэцца з творцамі па праглядзе. Але прыз глядацкіх сімпатый адсунуты на другі план прызам журы прафесійнага, якое сёлета ачоліць класік літоўскага кіно Шарунас Бартас. Змена кінаўлады звязана з заяўкай «Лістапада» на ўступленне ў Міжнародную федэрацыю асацыяцый кінапрадзюсераў, куды ўваходзяць Берлінскі, Канскі, Маскоўскі фэст. А высокія фестывалі патрабуюць і прафесійнага журы.
Да апошняга часу «Лістапад», які праходзіць сёлета ўжо ў 17-ы раз, свайго твару не меў. У лепшым выпадку гэта была постсавецкая тусоўка, пераважна, з расійцаў. З набыццём дакладнай канцэпцыі дый міжнародным журы «Лістапад» становіцца кінафэстам Цэнтральнай Еўропы.