Лапікавая коўдра савецкай імперыі
Праз некалькі месяцаў ад пачатку ўкраінскага крызісу больш-менш выразна праступаюць дэталі, якія дазваляюць рэканструяваць планы Пуціна па аднаўленні постсавецкай імперыі. Такія крокі прадпрымаліся ім і раней.
Дастаткова ўзгадаць першую ж заяву тады яшчэ прэм'ер-міністра Пуціна ў ноч на 1 студзеня 2000 года. Ён некалькі хвілін таму стаў в.а. прэзідэнта і адразу заявіў, што яго прыярытэт — аднаўленне адносін з краінамі СНД.
Да таго часу бачных чыннікаў для хвалявання з нагоды захаванні СНД не было. Гэта фраза насцярожыла — яна мела на ўвазе нейкія змены гэтай мёртванароджанай арганізацыі. Адразу ж пасля распаду СССР, СНД стваралася як структура, якая дазваляе захоўваць нейкія сувязі, паколькі паміж новымі незалежнымі дзяржавамі існавалі эканамічныя, энергетычныя і нават роднасныя адносіны. Хоць часта цэнтр імперыі — Крэмль паводзіў сябе як ранейшы гаспадар: ствараў, удзельнічаў і рэгуляваў ваенныя канфлікты — у Грузіі, Азербайджане, Малдове, Таджыкістане, Чачні.
З'явілася прадчуванне таго, што Пуцін жадае большага, і яно не падманула. У канцы 1999 года з пачаткам другой вайны ў Чачні, публічныя ацэнкі Пуціна таго, што адбывалася ў СНД, станавіліся ўсё больш жорсткімі. Ён успомніў пра некалькі непрацуючых праектаў і стаў актыўна падтрымліваць стварэнне Мытнага саюза, збіраючы пад яго рэшткі былой імперыі. Адгукнулася толькі частка краін — Беларусь, Казахстан, Арменія, Таджыкістан і Кыргызтан.
Першай спробай Пуціна было стварэнне постсавецкага NАТО. У 2002 годзе адбылося падпісанне Дамовы пра стварэнне АДКБ (Арганізацыя Дамовы пра калектыўную бяспеку). Да ранейшага складу далучыўся Узбекістан, які два гады таму прыпыніў сяброўства ў гэтай структуры. АДКБ правяла некалькі вучэнняў у Цэнтральнай Азіі, у якіх асноўнай ваеннай сілай была тэхніка і асабовы склад расійскага войска. Структура АДКБ хоць і існуе, але рэальна не працуе.
Пачатак ваенных авантур
Пасля другой чачэнскай вайны Пуцін натхніўся. Па-першае, ён паказаў, што расійскае войска можа наносіць дывановыя бамбаванні і прасаваць танкамі невялікія тэрыторыі. Па-другое, у Чачні быў сфармаваны новы "баявы дух" расійскіх вайскоўцаў, здольных выконваць загады — захопліваць і знішчаць, выконваць дыверсійныя заданні. У Пуціна захоплівала дух ад перспектыў аднаўлення імперыі, але ўжо не з дапамогай дамоваў, а наўпрост сілай. У расійскім дыпламатычным лексіконе з'явіўся тэрмін "прымус".
Зараз Пуцін не хавае, што ён не дапусціць, каб некаторыя краіны, нягледзячы на сваю незалежнасць, апынуліся ў лагеры "ворагаў" — NАТО і ЕС. Гэта была відавочная прыкмета імкнення аднавіць калі не тэрыторыю наўпроставага падначалення, то хоць бы ўскоснага — з паслухмянымі прэзідэнтамі і ўрадамі. Да таго часу такіх краін было некалькі — Грузія, Украіна і Азербайджан. Чамусьці Малдову ніхто сур'езна не ўспрымаў, што дазволіла ёй хутчэй інтэгравацца ў Еўропу.
З некаторымі цэнтральнаазіяцкімі краінамі ў Пуціна не складваліся адносіны. Ташкент заўсёды жадаў быць лідарам рэгіёна і ні прамога, ні ўскоснага падначалення Маскве не жадаў. Туркменістан хацеў быць самім сабой, абвясціўшы нейтралітэт яшчэ ў 1995 годзе. Лапікавая савецкая коўдра захоўвалася роўна напалову.
Вайна ў Грузіі ў 2008 годзе была нечаканасцю для многіх, хоць прычыны яе зразумелыя — Грузія не хавала імкненні інтэгравацца ў Еўропу і NАТО. За некалькі гадоў Грузія правяла паспяховыя і зайздросныя для іншых постсавецкіх краін рэформы, стала назалежнай ад расійскага газу і электраэнергіі. Яна ўсё больш аддалялася ад імперскага цэнтра, хваравіта рэагуючы на дэмаршы Крамля — эмбарга на грузінскую прадукцыю і дэпартацыю ў 2006 годзе этнічных грузінаў з Расіі. Для Пуціна назапасілася досыць чыннікаў, каб зненавідзець і Саакашвілі, і грузінскае грамадства, якое яго падтрымлівала.
Бліцкрыг Пуціна ў Грузіі павінен быў напалохаць постсавецкія краіны, як другая вайна ў Чачні — народы Паўночнага Каўказа і іншых расійскіх рэгіёнаў.
Забівалася адразу некалькі зайцаў. Па-першае, аднаўляўся кантроль над свавольнай краінай, па-другое, пад уплыў падпадалі сумесныя з Азербайджанам энергетычныя праекты, па-трэцяе, NАТО і ЕС павінны былі атрымаць урок за свае спробы пракрасціся, як думае Пуцін, на тэрыторыю геапалітычных інтарэсаў Крамля.
Вайна не атрымалася. Супраціўлялася і насельніцтва Грузіі, і заходнія партнёры, якія нарэшце зразумелі гульню Пуціна, не паверыўшы, што на Расію напала краіна ў 144 разы меншая. Расійская прапаганда яшчэ доўга тлумачыла свайму насельніцтву пра "3 тысячы забітых мірных грамадзян", прыдумлялі гісторыі пра падступства Захаду, але Грузія выдужала. Надышла чарга Украіны, у якой расла незадаволенасць палітыкай Януковіча.
"Украінскія капканы"
Украінскі сцэнар захопу (як і грузінскі) складаўся з двух кірункаў: вайсковага — удар з двух франтоў і палітычнага — фармаванне ўнутры краіны сіл калабарацыянізму. Але калі Грузія ўяўляецца этнічна аднастайнай дзяржавай з невялікай колькасцю меншасцяў, то ўкраінскі сцэнар меў на ўвазе выкарыстанне даўняй пуцінскай напрацоўкі — "рускае пытанне". Расійскія паліттэхнолагі ўсе апошнія гады пісалі пра незадаволенасць рускамоўных на ўсходзе і поўдні Украіны, пра іх імкненне далучыцца да Расіі. А калі верыць Дугіну, Затуліну і Праханаву, то палова Украіны ўжо даўно павінна была сысці пад далонь Пуціна.
На справе апынулася, што паліттэхнолагі, па-першае, перабольшылі маштаб імкнення ўкраінскіх рускамоўных разам з тэрыторыямі сысці ў Расію. Па-другое, не ўлічылі фактар, які шмат у чым выратаваў Грузію — у такіх крытычных сітуацыях насельніцтва гуртуецца і пачынае падтрымліваць дзейсную ўладу. Пуцін незнарок абудзіў ва ўкраінцах пачуццё патрыятызму.
Расійскія паліттэхнолагі з імперскімі поглядамі часта выдаюць жаданае за сапраўднае, працягваючы традыцыі савецкіх аналітыкаў, якія рэдка калі прагназавалі рэальны вынік планаваных СССР ваенных аперацый. Як, напрыклад, гэта здарылася ў Афганістане. Ці ў Чачні, дзе як і меркавалася, вядучую ролю ў супрацьстаянні з расійскімі войскамі будуць гуляць не проста чачэнцы, што марылі пра незалежнасць, а радыкалы, больш цвёрдыя і бескампрамісныя.
Блізкія да Крамля паліттэхнолагі задаўга да цяперашніх падзей публікавалі карты і свае аналітычныя артыкулы, пераконваючы ў непазбежнасці ўплыву Расіі на вялікую частку тэрыторыі Украіны. Больш радыкальныя аналітыкі пісалі пра "адраджэнне рускага свету" — гэта зусім смешныя даследаванні, больш падобныя на фантазіі вызначанай медыцынскай уласцівасці. Яны падтаквалі Пуціну, улагоджвалі яго амбіцыі і ў выніку бліц-крыг па захопе Украіны быў задуманы як адзіна магчымы. Януковіч, хутчэй за ўсё, павінен быў стаць выканаўцам гэтага плану, пачаткам якога паслужыць адмова ад падпісання дакументаў пра Асацыяцыю з ЕС у Вільнюсе.
Крэмль не чакаў рэакцыі ўкраінцаў. У Маскве запатрабавалі разагнаць Майдан, мяркуючы, што ўкраінцы як расейцы, разбягуцца і пахаваюцца па хатах.
Але ўсё адбылося з дакладнасцю да наадварот — Кіеў пачаў доўгае супрацьстаянне. Крэмль быў змушаны сутаргава шукаць выйсце з сітуацыі. З бяскрыўднай і бяскроўнай задумы з дапамогай Януковіча падпарадкаваць Украіну нічога не выйшла, і тады пачалася аперацыя па захопе Крыму.
Мяркую, што ўкраінская гісторыя планавалася як класічная ваенная аперацыя з двума франтамі. Украінскае войска павінна была ўступіць у бой, сцягнуўшы ўсе свае сілы ў Крым, а тым часам, разгарачаныя пасля ваенных вучэнняў расійскія войскі ўступаюць ва ўсходнія вобласці. І далей пры падтрымцы насельніцтва пераможным маршам займаюць увесь усход і поўдзень Украіны. Затым — уз'яднанне з Прыднястроўем, а праз Днестр — ужо Малдова. Заходняя Ўкраіна магла апынуцца ў кольцы якое з поўначы замыкае Беларусь з паслухмяным Лукашэнкам.
Цяжка сказаць, ці быў гэта тактычны выкрут, але Крым пакінулі без чаканага Крамлём супраціву. Украінскія войскі, замест таго, каб уступіць у бой, занялі абарону на ўсходзе і поўдні. А паўвостраў Крым, ізаляваны ад мацерыка, застаўся без вады, электрычнасці і газу. Апошнім акордам стала спешнае правядзенне рэферэндуму, непрызнанага нікім, акрамя Расіі. І, нарэшце, Пуцін, не задумваючыся пра наступствы, падпісвае ўказ пра анексію Крыму.
З гэтага моманту для Пуціна пачаўся кашмар. З-за акупацыі Крыму ад яго адвярнуўся ўвесь свет. Захад пачаў душыць санкцыямі. А ззаду на Пуціна напіралі паплечнікі — паліттэхнолагі, вайскоўцы, спецслужбы, яны прыспешвалі працягнуць анексію Усходняй і Паўднёвай Украіны. Каб не быць абвінавачанымі ў прамой ваеннай агрэсіі, у Расіі тэрмінова збіраюць "спяцоў", адстаўнікоў, якія прайшлі войны ў Чачні, Сербіі, Грузіі. Да іх далучаюцца мясцовыя рамантыкі, балазе, што ў Данбасе шмат беспрацоўных мужчын. Пад лозунгамі "рускага свету" пачынаецца дыверсійная аперацыя.
Спачатку, для Крамля ўсё было выдатна, а для Кіева — раптоўна і нечакана. Але затым украінскае войска пачало блакаваць мяжу і струмень "шэрых гусакоў" стаў змяншацца, як і іншая дапамога, у тым ліку фінансавая. Захад выпрацаваў сваю тактыку і з дапамогай санкцый, што балюча б’юць па найблізкім асяроддзі Пуціна і фінансавай сістэме Расіі, зменшыў небяспеку распаўзання канфлікту на іншыя вобласці. Зонай супрацьстаяння застаюцца толькі Данецкая і Луганская вобласці.
Цяпер зразумела, што бліжэйшая мэта Пуціна — сарваць прэзідэнцкія выбары, хоць бы ў гэтых дзвюх абласцях.
Але і тут у яго выйшла прамашка — міжнародныя арганізацыі заявілі, што прызнаюць выбары, нават калі яны пройдуць без захопленых сепаратыстамі абласцей. Шахматыст Гары Каспараў назваў становішча Пуціна "цугцвангом" — сітуацыяй, пры якой любой ход будзе паразай.
Цягнік сышоў...
Пуцін спазніўся гадоў на дзесяць. У 2000 годзе ахвотнікаў жыць у адноўленым СССР, настальгуючых па савецкай імперыі, было больш. Але Пуцін быў чалавекам зусім недасведчаным ні ў палітыцы, ні ў эканоміцы. Лёс выпадкова закінуў яго ў Крэмль. Пуцінскі жарт на юбілеі ФСБ-КДБ-ЧК пра тое, што ён паспяхова ўкараніўся ва ўладу, быў прыняты чэкістамі, якія сядзелі ў зале, але большага зрабіць ён не мог.
Кожны кіраўнік пра нешта марыць. Адны — пра геапалітычнае прызнанне, іншыя — пра развіццё прамысловасці і высокіх тэхналогій, пра дабрабыт насельніцтва мараць усе. І толькі дыктатары мараць пра імперыі, пра магчымасць захавацца ў гісторыі значнай постаццю. Яшчэ пару стагоддзяў таму такіх кіраўнікоў малявалі вершнікамі з шабляй, павернутай наперад — у бок ворага. Прадставіць Пуціна вайскаводам немагчыма, але яму вельмі хочацца ім быць.
Ён вельмі ўдала ўпісаўся ў калектыўны партрэт постсавецкага дзеяча, які іншай краіны не ведае, акрамя СССР. На былой працы ў КДБ яго навучылі не любіць Захад. Усходам, з-за былой працы і ментальных цяжкасцяў, ён пагарджае. Адзінай магчымасцю стаць непаўторным і, як яму здаецца, любімым усімі, гэта — нацыяналізм, памяшаны на выключнасці рускіх, іх незаменнасці і місіянерстве. Ці сам ён да гэтага дайшоў, ці яму падказалі, не важна, цяпер ён — галоўны рускі.
Вакол яго, калі не наўпрост, то праз розныя ваенныя, ваенна-патрыятычныя, філасофска-нацыяналістычныя і іншыя структуры, згуртаваліся адкрытыя фашысты з РНЕ, левакі з "Іншай Расіі" і нацыянал-бальшавіцкай партыі Лімонава, правыя радыкалы, скінхэды, праваслаўныя актывісты і публіцысты, якія прапаведуюць выключнасць рускіх. Цяжка прадставіць усю гэту феерычную набрыдзь у адным месцы, але гэтым месцам апынуўся ўсход Украіны. Вялікая частка з гэтых людзей пазіцыянавала сябе як апазіцыянераў Пуціну і яго ўладзе: лімонаўцы кожны месяц праводзяць акцыі "31", правыя радыкалы штогод уладкоўваюць "Рускія маршы", дыскрэдытуючы Расію. Але раптам яны ўсе разам апынуліся аб'яднаныя адной і той жа з Пуціным ідэяй.
Да гэтай разнамаснай кампаніі дадаліся блогеры, публіцысты. Журналісты па большай частцы выконваюць ролю наводчыкаў і адкрыта спагадаюць сепаратыстам, а часта і дапамагаюць. І, нарэшце, баявой часткай сепаратыстаў стаў крымінал — мясцовы і засланы. Па поглядах і ідэалагічных перавагах уся гэта зграя нагадвае пірацкі карабель, дзе капітан Сільвер — Пуцін, на плячы якога ўладкаваўся папугай па мянушцы Зміцер Кісялёў. Дзіўна, але Пуцін чамусьці не пралічыў, наколькі ўся гэта гісторыя падарве яго рэпутацыю і так не бездакорную.
Імглістая будучыня
Наўрад ці знойдзецца чалавек, які зможа зрабіць прагноз пра будучыню Пуціна. Магчымыя розныя варыянты таго, як павядзе сябе прэзідэнт Расіі пасля правалу ўкраінскага бліцкрыгу. Ён можа яшчэ нейкі час падтрымліваць сепаратыстаў, толькі для таго, каб затрымаць працэс збліжэння Украіны з Еўропай. Але гэта бесперспектыўны варыянт. Іншы шлях — поўная адмова ад амбіцый скарыць Украіну, але ў гэтым выпадку Пуцін страціць давер свайго бліжэйшага асяроддзя, а палітычныя арганізацыі, якія цяпер яго падтрымліваюць, могуць пачаць барацьбу ўжо супраць яго самога. Да іх могуць далучыцца вайскоўцы, якія прагнуць рэваншу за згубу СССР.
Нават калі Пуціну пашанцуе ўтрымацца, і ён працягне ўжо без Украіны ўзнаўляць нейкую прастору, то без пытанняў ужо не абыйсціся.
Што можа Пуцін прапанаваць у рамках зноў ствараемага Еўразійскага эканамічнага звяза пасля таго, як расійская эканоміка будзе моцна патрапаная заходнімі санкцыямі? І наколькі высокі ўзровень даверу да Крамля двух партнёраў — Беларусі і Казахстана?
Практычна ўсе міждзяржаўныя структуры, створаныя пасля распаду СССР — СНД, ШОС, АДКБ і ТС — напаўжывыя арганізацыі. Ці зможа стварэнне яшчэ адной структуры ажывіць постсавецкую інтэграцыю, якая навязваецца Крамлём? Ужо цяпер існуе вялікая колькасць супярэчнасцяў: Казахстан не жадае палітызацыі звяза, спадзяючыся толькі на эканамічныя адносіны; Беларусь не жадае адзінай валюты і наогул супраць спробы стварэння новага СССР. Расія наадварот прапануе стварэнне еўразійскага парламента.
У выкладзе Пуціна гэта ідэя наогул выглядае злавесна: "Мы прапануем мадэль магутнага наднацыянальнага аб'яднання, здольнага стаць адным з канцавоссяў сучаснага свету".
Наднацыянальнае аб'яднанне мае на ўвазе цэнтр. А хто жадае стаць цэнтрам? Правільна — Пуцін. Вядома, можна шмат іранізаваць з нагоды "канцавоссі сучаснага свету". Але менавіта да гэтага імкнуўся Пуцін яшчэ ў канцы мінулага года, калі ўгаварыў Януковіча не падпісваць дакументы пра асацыяцыю з ЕС у Вільнюсе. Займеўшы Украіну, Пуцін без сумневаў і без адмысловых высілкаў, змог бы пераадолець супраціў большай, калі не ўсёй, часкі постсавецкіх краін. У тым ліку і такіх свавольных, як Грузія, Азербайджан, Узбекістан і Туркменістан.
Няўдача ва Украіне — гэта не толькі асабістая параза Пуціна, гэта крах ствараемай ім імперскай тэрыторыі. Калі ў партнёраў, Назарбаева і Лукашэнкі, яшчэ засталося пачуццё самазахавання, яны знойдуць спосаб адмовіцца ці адкласці на нявызначаны час падпісанне дамовы пра стварэнне ЕАЭС. У іншым выпадку, наступствы ад санкцый Захаду супраць Расіі будуць аўтаматычна адбівацца і на яе партнёрах.