Ларан Вінацье: Сённяшняя Беларусь падобная да маленькага СССР

Француз Ларан Вінацье стаў лаўрэатам другога Міжнароднага журналісцкага конкурсу “Беларусь у фокусе–2012”. Ён аўтар апублікаванага ў выданні “The Global Journal” артыкула “Гіторыя поспеху дыктатуры”. Падчас прэзентацыі пераможцаў конкурса, якая прайшла ў Мінску 28 сакавіка, Ларан распавёў, чаму піша пра Беларусь, з чым даводзіцца тут сутыкацца замежнаму журналісту.



100_5655.jpg

Прызнаюся, што журналістыкай я займаюся не так рэгулярна. Еўрапейцы не вельмі разумеюць, што такое Беларусь, у нас існуюць пэўныя клішэ адносна вашай краіны. Па-першае, гэта Чарнобыль, нават пры тым, што Чарнобыльская АЭС знаходзіцца не ў Беларусі. Па-другое, вельмі многія ў Еўропе думаюць, што Беларусь — гэта адзін з суб’ектаў Расійскай Федэрацыі. Яны не ведаюць ці не разумеюць, што Беларусь з’яўляецца незалежнай краінай. І, па-трэцяе, гэта існаванне палітычных разыходжянняў паміж беларускай дзяржавай і Еўрапейскім Саюзам. І вось менавіта апошняя тэма — гэта тая тэма, на якую ў Еўропе можна пісаць дачынна Беларусі. Калі пісаць не пра гэта, то трэба шукаць у вашай краіне нейкія экзатычныя тэмы, як гэта зрабіў немец Генры Ванінк, аўтар артыкула “Па Беларусі на ровары”, надрукаванага ў газеце “GrafschafterNachrichten”.

Я не спецыяліст менавіта па Беларусі, я больш займаюся Расіяй альбо Закаўказзем, але мне захацелася самому прыехаць сюды, каб паглядзець, як тут жывуць людзі. Я паразмаўляў са сваімі сябрамі і ў выніку зладзіў сюды вандроўку. Я зрабіў выснову, што Беларусь сталася тым, чым імкнуўся стаць Савецкі Саюз. Таму мне было вельмі цікава пабываць у гэтым маленькім СССР.

Як я ўжо казаў, каб апублікаваць артыкул у еўрапейскай прэсе, трэба выбраць альбо даволі экзатычную тэму, альбо тэму палітыкі. Тады я абраў тэму еўрапейскіх санкцыяў у дачыненні да канкрэтнага беларускага бізнэсоўца — Юрыя Чыжа (уладальнік холдынгу “Трайпл”, унесены ў спіс асобаў, якім забаронены ўезд у краіны Еўрасаюза і ЗША, а таксама шэраг іншых дзяржаваў, што далучыліся да візавых санкцыяў ЕС — заўв. Г. К.). Я прыехаў сюды, каб зрабіць інтэрв’ю са спадаром Чыжом, але гэта, натуральна, не атрымалася.

Тады я вырашыў вывучыць тэму ўплыву санкцыяў на бізнэс у Беларусі. І высветліў, што хоць гэтыя еўрапейскія санкцыі тычацца непасрэдна толькі трох беларускіх буйных бізнэсоўцаў, але гэтыя санкцыі негатыўна ўплываюць і на іншыхсярэдніх і драбнейшых бізнэсоўцаў. Бо еўрапейскія фірмы мяркуюць, што і іншыя беларусія прадпрымальнікі таксама могуць апынуцца пад санкцыямі Еўрасаюза, а гэта ёсць вялікая рызыка для еўрапейскіх прадпрымальнікаў. Таму, з пункту гледжання еўрапейскіх фірмаў, выбудоўваць стасункі з беларускімі фірмамі і прадпрымальнікамі непажадана і немэтазгодна, бо вельмі рызыкоўна. Вось, распавёўшы пра Юрыя Чыжа, пра тое, хто ён, дзе жыве і чым займаецца, я і выйшаў на тэму палітыкі еўрапейскіх санкцыяў у дачыненні да Беларусі.

Ларан Вінацье скончыў універсітэт, напісаў дэсертацыю, тэма якой звязана з Расіяй. Ларан — доктар палітычных навук, даследуе, выкладае і піша пра міжнародную палітыку найноўшага часу. Жыве ў Швейцарыі. Супрацоўнічае з Інстытутам Томаса Мора, Незалежным аналітычным цэнтрам у Парыжы. Аўтар шэрагу кніг і артыкулаў, у прыватнасці, на тэму чачэнскага канфлікту і ўнутранай палітыкі Расіі. У якасці кансультанта ацэньвае палітычныя рызыкі для прыватных фірмаў і недзяржаўных арганізацыяў. Пастаянны аўтар “The Global Journal”.

Цытата з ягонага артыкула “Гісторыя поспеху дыктатуры”, апублікаванага 28 снежня 2012 года:

“Аляксандр Лукашэнка жывучы. Прэзідэнт Беларусі рашуча супрацьстаіць Еўрапейскаму Саюзу і палітычным ды эканамічным санкцыям, што былі адноўленыя ў адказ на ўсё больш мацнеючы дэспатызм ягонага кіравання.

За шэсць месяцаў ён вызваліў шэсць палітычных вязняў, але яшчэ тузін застаецца за кратамі. 23 верасня прайшлі ўсеагульныя парламенцкія выбары, спакойна і ў атмасферы абсалютнай апатыі з боку большай часткі насельніцтва. Са свайго боку, Расія падтрымлівае Беларусь фінансава ды гатовая скупіць па заніжаных коштах усё, што магчыма”.