Беларусь у фокусе–2012

У Мінску 28 сакавіка прайшла прэзентацыя вынікаў Міжнароднага журналісцкага конкурсу “Беларусь у фокусе–2012”.



3_19_.jpg

Конкурс ладзіцца ўжо другі раз. Яго мэта — спрыянне асвятленню беларускай тэматыкі ў міжнародных мас-медыя не толькі падчас выбараў, а таксама павышэнне ўзроўню журналісцкіх стандартаў пры напісанні матэрыялаў пра Беларусь для замежнага чытача.

Конкурс ладзіцца Інфармацыйным бюро салідарнасці з Беларуссю і Press Club Polska пры падтрымцы The Canada Fund. Партнёрамі арганізатараў конкурсу з’яўляюцца Беларуская асацыяцыя журналістаў, інфармацыйнае агенцтва БелаПАН, а таксама Беларускі дом у Варшаве,Офіс за дэмакратычную Беларусь, Ostgruppen, “n-ost”, The Network for Reporting on Eastern Europe.

Як паведаміла на прэзентацыі каардынатар праекта Аляксандра Карбі (Вялікабрытанія), на конкурс былі дасланыя 60 артыкулаў ад 36 удзельнікаў з 16 краінаў свету, у тым ліку ЗША, Іспаніі, Літвы, Расіі, Грузіі, Румыніі і нават Інданезіі ды Коста Рыкі.

У складзе журы былі Палона Фрэліх (Славенія), прафесар Дэвід Марплз (Канада), Олівер Мані-Кайрл (Міжнародная федэрацыя журналістаў, Вялікабрытанія — Бельгія), а таксама Юлія Слуцкая (кіраўнік Інфармацыйнага бюро салідарнасці з Беларуссю).

Па словах Аляксандры Карбі, журы выбірала артыкулы, “якія паказваюць новыя, часам нечаканыя бакі Беларусі”. Пасля грунтоўнага абмеркавання журы вызначыла трох лаўрэатаў. Імі сталі Андрэй Дынько (Беларусь), аўтар апублікаванага ў “New York Times” артыкула “Апошняя дыктатура Еўропы”, Міхал Патоцкі (Польшча) з артыкулам “На скрыжаванні падваення асобы”, надрукаваным у “Dziennik Gazeta Prawna”, а таксама Ларан Вінацье (Францыя), які з’яўляецца аўтарам публікацыі “Гісторыя поспеху дыктатуры” ў “The Global Journal”.

Італьянка Сара Бінкерыні стала лаўрэатам прэміі “Выбар чытача” за артыкул “Вось чаму мы збеглі з Беларусі, апошняй дыктатуры Еўропы”, апублікаваны ў выданні “Io donna”.

“На жаль, інтарэс да Беларусі па-за межамі зараз не павялічваецца, мы ўжо вельмі шмат гадоў — краіна без навінаў, у якой мала што змяняецца. Таму гэты конкурс вельмі і вельмі істотны ў сэнсе заахвочвання, зацікаўлення журналістаў ва ўсім свеце, каб Беларусь усё ж прысутнічала на старонках замежных выданняў”, — адзначыў пры канцы прэзентацыі намеснік старшыні БАЖ Аляксандр Старыкевіч і выказаў спадзяванне, што на наступныя конкурсы публікацыяў пра нашу краіну будзе прыходзіць усё больш і больш.