«Лічбы з шасцю нулямі». Мінск у арэнду: як кіраўніцтва справамі Лукашэнкі зарабляе на нерухомасці
Кіраўніцтва справамі валодае сотнямі будынкаў, а кіруе КСП даўні сябар Лукашэнкі — Віктар Шэйман.
«Мы з'яўляемся самым буйным аператарам на рынку нежылой
нерухомасці ў Рэспубліцы Беларусь», — паведамляецца на сайце Галоўнага
гаспадарчага ўпраўлення Кіраўніцтва справамі прэзідэнта (ГГУ КСП). І гэта не
той выпадак, калі беларускія ўлады прыпісваюць сабе дасягненні. Прыкметная
частка офіснай нерухомасці ва ўсіх раёнах Мінска належыць менавіта ГГУ, адзначае «Еўрарадыё».
Зрэшты, ГГУ аперуе нерухомасцю не толькі ў сталіцы, а па
ўсёй краіне. Але менавіта мінскія будынкі ўяўляюць найбольшую цікавасць, бо ў
сталіцы сканцэнтравана вялікая частка беларускага бізнесу — і, такім чынам,
грошай.
Кошт арэнды — цалкам дэмакратычны: напрыклад, квадратны метр
у будынку на вуліцы Карла Маркса каштуе каля 24 рублёў у месяц. Блок з
некалькіх кабінетаў агульнай плошчай 52 метры каштуе каля 1250 рублёў.
Для параўнання: за такі ж офіс у рэнаваным будынку на Веры
Харужай (там жа, дзе размяшчаўся штаб Віктара Бабарыкі) давядзецца выкласці ў
два разы больш. Зрэшты, рамонт там лепей, чым у большасці будынкаў, якія
здаюцца ГГУ. Ёсць і яшчэ адзін нюанс, пра яго — далей.
У многіх будынках ГГУ КСП кватаруюцца дзяржаўныя структуры
або арганізацыі. Напрыклад, на Маркса, 15 працуе ўпраўленне Дэпартамента
гуманітарнага супрацоўніцтва, а на Маркса, 16 — аддзяленне «Беларусбанка» і Федэрацыя сучаснага пяцібор'я. Абодва будынкі,
дарэчы, прадстаўляюць гісторыка-культурную каштоўнасць — як і шэраг іншых
будынкаў, якія належаць ГГУ.
Арандуюць плошчы ў ГГУ і многія прыватныя арганізацыі. Але
гэта нядзіўна: офісных будынкаў у Мінску, не звязаных з гэтай структурай, не
так і шмат. Менш, чым жадаючых.
Мільённыя абароты
Кіраўнік КСП Віктар Шэйман у пачатку студзеня адрапартаваў пра рост выручкі падшэфнай структуры да 2,6 мільярда рублёў. Па цяперашнім курсе гэта каля мільярда долараў. Праўда, аб'ём чыстага прыбытку ён не агучыў. Як і статыстыку па розных напрамках дзейнасці.
ГГУ належыць каля чатырох соцень будынкаў па ўсёй краіне.
Якая іх агульная плошча і які працэнт ад яе займаюць дзяржаўныя органы, ведаюць
толькі ў самым ГГУ. Але ўявіць аб'ёмы выручкі можна нават на адным прыкладзе.
Бізнес-цэнтр «XXI век» размешчаны на праспекце
Незалежнасці, недалёка ад станцыі метро «Барысаўскі тракт». Будынак
быў пабудаваны ў 1997-м і стаў першым у краіне бізнес-цэнтрам і адным з першых
будынкаў з маштабным выкарыстаннем шкла на фасадзе.
У сярэднім «квадрат» тут каштуе каля 20 рублёў, а
на сёння свабодна ўсяго крыху больш за 500 метраў. Калі і іх зоймуць — гэта
плюс 10 тысяч рублёў у месяц. У цэлым жа плошча бізнэс-цэнтра складае 17,8
тысячы метраў.
Вядома, прыкметная частка — неарэндаваныя памяшканні, але
нават калі будзе здавацца толькі палова, месячная выручка складае дзясяткі
тысяч долараў. І гэта толькі адзін будынак.
З улікам колькасці будынкаў можна выказаць здагадку, што
агульная месячная выручка ад арэнды вылічаецца лічбамі як мінімум з шасцю
нулямі. Пры гэтым выдаткі мінімальныя: пераважная большасць будынкаў былі
проста перададзеныя ГГУ. У рэспубліканскую ж уласнасць яны патрапілі «у
спадчыну» ад БССР. А абслугоўвае будынкі іншая структура.
Але не ўсе плацяць за размяшчэнне ў будынках ГГУ: ад гэтага
вызваленыя падначаленыя прэзідэнту ці ўраду арганізацыі і яшчэ некаторыя,
пералічаныя ва ўказе Лукашэнкі.
...і звязаныя з гэтым паслугі
Калі вам здаецца, што арэнда ў будынках КСП танная і ад гэтага самая выгадная, то гэта не зусім так. Калісьці КСП сапраўды падверглася крытыцы Лукашэнкі за занадта нізкія цэны і відавочны дэмпінг. Але сёння сістэма выбудаваная больш хітра.
Кожны арандатар будынкаў, якія належаць структуры, павінен
заключаць яшчэ адну дамову з РУП «БелЭЗ». Гэтая арганізацыя таксама
ўваходзіць у Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі. Яна займаецца пытаннямі, звязанымі
з эксплуатацыяй будынкаў: наймае дворнікаў і вахцёраў, падтрымлівае плошчы ў
прыстойным стане.
Праўда, многія арандатары скардзяцца: нават зламаныя аконныя
рамы рамантаваць трэба самім, у туалетах няма мыла і гарачай вады. Ды і ў цэлым
многія памяшканні маюць патрэбу ў рамонце.
Сёння РУП «БелЭЗ» абслугоўвае 864 будынкі па ўсёй
Беларусі. Іх агульная плошча — амаль 1,7 мільёна (!) квадратных метраў.
Паслугі «БелЭЗ» не бясплатныя: у некаторых
будынках у цэнтры горада за квадратны метр аплата даходзіць да 11 рублёў у
месяц. Вядома, ёсць і іншыя цэны: па некаторых будынках — нават менш за рубель.
Але абароты ў цэлым атрымліваюцца немаленькімі і пры гэтым, мяркуючы па ўсім, высока
маржынальнымі.
Атрымліваецца, толькі дзякуючы гэтым двум структурам
Кіраўніцтва справамі мае велізарныя фінансавыя абароты. Уключэнне ў санкцыйны
спіс не перашкодзіць арганізацыі атрымліваць прыбытак ад здачы будынкаў у
арэнду ўнутры Беларусі. Тут паўтарэнне сітуацыі, якая склалася вакол санаторыя «Беларусь» у Друскінінкаі (ён таксама належыць КСП і пасля ўвядзення «трэцяга пакета» санкцый сутыкнуўся з блакіроўкай рахункаў), наўрад
ці магчымае.