«Лічу, што беларуская мова памрэ. Можа нават з гэтым пакаленнем»
Замежнікі вывучаюць беларускую і бачаць велізарны ўплыў расійскай, пераадолець які нашай роднай мове амаль немагчыма. Ці выжыве мова ў цяперашніх варунках?
Эстонка Крысціна жыве ў Гамбургу, расіец Максім нядаўна пераехаў з Грузіі на Кіпр. Кожны з іх у свой час захапіўся беларускай мовай і вывучае яе. «Медыязона» расказвае іх гісторыі знаёмства з мовай.
«Гэта быў цікавы шлях, як вяртанне дадому»
Музыка Крысціна нарадзілася ў Эстоніі, але з мужам і дачкой жыве ў Германіі.
Ёй 32 гады, і захапленне беларускай мовай пачалося з дзяцінства. Бацькі часта адпраўлялі дзяўчынку ў вёску да бабулі з дзядулем — у Ляхавіцкі раён.
«Уся вёска размаўляла па-беларуску, школа была беларуская, а мае бабуля і дзядуля былі ў ёй настаўнікамі. Дзядуля выкладаў гісторыю, а бабуля — беларускую мову і літаратуру».
Пасля была Эстонія, навучанне ў Лондане, і на нейкі час беларуская мова стала ў жыцці Крысціны на паўзу. Жаданне вывучаць мову продкаў з’явілася пасля ўніверсітэта.
«Вярнулася цікавасць да сваіх каранёў, і таму я вярнула беларускую ў свае жыццё. Пачала чытаць кніжкі па-беларуску. Гэта быў цікавы шлях, як вяртанне дадому. Я нават пачала лепей сябе адчуваць ментальна і псіхалагічна, бо прыйшло разуменне, адкуль я. Таму, напэўна, я такім чынам і засталася беларускай. Мне так лепей на душы».
Цяпер Крысціна жыве ў шматмоўным асяроддзі — беларуская, нямецкая, англійская, эстонская. Рускую мову музыка разумее, але цалкам выключыла яе са свайго жыцця, бо лічыць, што «адна славянская мова, здараецца, у жыцці замінае іншай».
«Усе, што я магу — я чытаю па-беларуску. Нават пра нейкія жаночыя праблемы, пра догляд за скурай, нейкія філасофскія рэчы, мастацкую літаратуру. Цяпер, калі трэба нешта сказаць па-расійску, мне цяжка, у мяне ўжо, здаецца, цягліцы так не працуюць, вымаўляць цяжка», — кажа яна.
Калі ў сям’і з’явілася дзіця, паўстала пытанне: на якой мове выхоўваць. Бацькі прыйшлі на высновы, што асноўнай мовай камунікацыі з мамай будзе беларуская.
Цяпер трохгадовая дачка Крысціны размаўляе па-беларуску, а таксама валодае эстонскай і англійскай.
«Яна можа ўжыць у адным сказе словы з некалькіх моваў, і я прашу яе другі раз сказаць тое самае, толькі па-беларуску».
У выхаванні такім чынам Крысціна час ад часу сустракаецца з праблемамі. Напрыклад, досыць часта выходзіць так: яна шукае заняткі ці нейкі летнік для беларускіх дзетак. Але калі знаходзіць, аказваецца, што заняткі там вядуцца па-расійску — а гэтай мовы дачка Крысціны не разумее.
«Знаходжу, радуюся — вось, нешта новае для беларусаў. А потым я прыходжу, а там усё па-расійску. І мяне гэта абурае, бо маё дзіця не разумее ні слова. Яе пытаюць: "Что ты делаешь?", — а яна слова "делаешь" не чула, ёй трэба казаць "што ты робіш". Вось тут шмат непаразумення».
Крысціна мяркуе, што праз тое, што мова не передаецца ад бацькоў дзецям, само існаванне яе знаходзіцца пад пагрозай.
«Я ведаю бацькоў, якія самі добра валодаюць беларускай, але вырашылі выхоўваць дзяцей па-руску».
«На жаль, я лічу, што беларуская мова памрэ. Вось такія песімістычныя разважанні. Можа, яна памрэ нават з гэтым пакаленнем. Таму што я не адчуваю, што яна развіваецца. Трэба, каб людзі, якія лічаць сябе беларусамі, хаця б пачалі гэтую мову перадаваць дзецям. Мы можам пісаць прыгожыя вершы і ствараць медыяканалы, але няма ў гэтым сэнсу, калі мова не перадаецца наступнаму пакаленню», — лічыць яна.
«Я — вялікая неспадзяванка для беларусаў: рускі, які вывучае беларускую»
Максім у свае 29 з’ехаў з Пецярбурга ў Грузію пасля пачатку вайны, а адтуль — на Кіпр.
Беларуская мова з’явілася ў жыцці Максіма ў 2019 годзе: тады ў сяброўкі яму трапілася кніга — зборнік вершаў Максіма Танка.
«Было цікава, я не карыстаўся ніякімі перакладчыкамі, спрабаваў здагадацца, пра што ж там было», — згадвае ён.
Да 2020 года беларускай у жыцці Максіма больш не было, але калі пачаліся пратэсты, ён пачаў чытаць навіны па-беларуску і такім чынам вучыць мову. А ў Грузіі, дзе ён апынуўся праз вайну, хлопец пазнаёміўся з беларусамі.
«Раптоўна знайшлася суполка беларусаў, з якімі можна было паразмаўляць, пабавіць час. Гэта было цалкам пра беларускую культуру, былі нейкія гістарычныя лекцыі. І там я ўжо пачаў практыкавацца ў размовах, недзе з верасня 2022-га».
«Я быў вялікай неспадзяванкай для беларусаў Сакартвэла — рускі, які вывучае беларускую», — кажа Максім.
Спачатку Максім размаўляў на, як ён сам кажа, трасянцы — калі не ведаў слова па-беларуску, замяняў яго расійскім адпаведнікам. Прасіў суразмоўцаў выпраўляць яго, калі кажа нешта няправільна, стараўся запомніць як мага больш новых слоў.
З часам падпісаўся на папулярныя акаўнты ў інстаграме — «Пакрысе», «Лёгкая мова», Лізу Ветраву і іншых.
Вывучэнне беларускай было для Максіма прыемнай справай — малады чалавек наогул цікавіцца мовамі і, разам з беларускай, на розных узроўнях валодае сямю мовамі.
Пры гэтым беларуская ў гэтым сэнсе дапамагла яму лепей зразумець і родную мову.
«Я зразумеў, што, ведаючы больш за адну славянскую мову, пачынаю і расійскую лепш разумець. Я на яе паглядзеў інакш, пачаў заўважаць, што, напрыклад, засталося ў беларускай ці польскай, але страцілася ў расійскай».
Пасля ад’езду на Кіпр беларускай мовы ў паўсядзённай камунікацыі Максіма стала менш. Размаўляць на ёй пакуль няма з кім, застаецца толькі перапіска з сябрамі з Грузіі ў месенджары.
Час ад часу Максім працягвае чытаць беларускія навіны і думае пра тое, каб зноў наведаць Беларусь. Раней ён на некалькі дзён прыязджаў у Мінск і кажа, што гэтага вельмі мала, каб нешта зразумець пра горад і краіну.
«Я памятаю, бачыў тады толькі галоўныя праспекты — Незалежнасці, Пераможцаў, але гэтага недастаткова, каб атрымаць поўнае ўражанне. Тады, дарэчы, я толькі аднойчы пачуў на вуліцы беларускую — нейкая жанчына размаўляла па тэлефоне. Цяпер я, канешне, не паеду ў Беларусь, бо гэта небяспечна. А так — хацелася б павандраваць па яе вёсках і балотах».
Цалкам артыкул пра тое, як замежнікі вучаць беларускую, можна прачытаць тут.