«Лідарам можа быць і інтраверт». Глабальны лідарскі саміт сёлета стане даступным для ўсіх жадаючых
30 лістапада–1 снежня ў Мінску ў ДК Чыгуначнікаў пройдзе сёмы Глабальны лідарскі саміт.
![dsc_0804.jpg dsc_0804.jpg](/img/v1/images/dsc_0804.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Мы працуем для тых, хто адчувае голад і хоча мяняць Беларусь да лепшага», – так на прэс-канферэнцыі, прысвечанай саміту, коратка акрэсліў сваю мэту Юрый Кармановіч, бізнесмен, заснавальнік школы лідарства і кіравання «МОСТ», арганізатар Глабальнага лідарскага Саміту ў Беларусі. Адметнасць гэтага мерапрыемства заключаецца ў тым, што ўпершыню арганізатары вырашылі выйсці на шырокую аўдыторыю і зрабіць саміт даступным для ўсіх.
Лідарства – навык, які можна пракачаць?
“Калі я выступаю перад студэнтамі і запытваю, пра тое, хто такі лідар, звычайна яны кажуць пра тое, што гэта чалавек, які зрабіў балюча, – дзеліцца Юрый Кармановіч. – Лідар у нас – гэта начальнік, які маніпулюе іншымі. Але пасля таго, як я тлумачу, хто такі лідар на самой справе, уяўленні пра яго пачынаюць мяняцца. Ёсць такі міф, што лідар – гэта харызматычны чалавек, начальнік. Але лідарам можа быць і інтраверт, і флегматык. Зрэшты, лідарства – гэта сэрца, цнота. Лідарства для мяне – гэта быць чалавекам”.
“Глабальны лідарскі саміт – гэта пляцоўка, карысная для любога чалавека, – кажа арганізатарка саміту Ірына Кармановіч. – Кожны з нас мае свой уплыў – на сябе, сям’ю, супрацоўнікаў… З аднаго боку, у чалавека ёсць здольнасць запальваць. Але з іншага, шмат людзей, хто ідзе за такімі лідарамі, хутка расчароўваюцца. Людзі прыходзяць у кампанію, але сыходзяць адтуль праз кепскага лідара”.
“Я хачу, каб людзі ў маёй краіне, акрамя ведаў, мелі і ўнутранае адкрыццё. З саміту людзі выходзяць іншымі. Адкрыцці робяць чалавек іншым, – перакананы Юрый Кармановіч. – Зараз усе нас вучаць, як жыць. Усе ведаюць пра тое, што людзі павінны радавацца, планіраваць, несці адказнасць… Зараз столькі кніг па самаразвіццю, курсаў, семінараў… Але ў людзей няма сілаў нічога з гэтага рабіць.. Людзі бухаюць і глядзяць серыялы… На людзей ідзе ціск. Людзям цяжка. Яны сядзяць у інтэрнэце. Я хацеў, каб нашы саміты надавалі людзям сілаў”.
Юрый паставіў калісьці даўно сабе за мэту дапамагаць і натхняць тых людзей, якія могуць зрабіць Беларусь лепшай. “Поспех не залежыць ад геаграфіі краіны”, – перакананы Кармановіч. –Многія з тых, хто прыйшлі ў нашу школу, хацелі ўзяць крыху адказнасці на сябе за нашу краіну”.
Якія праекты і ідэі падтрымліваюць Кармановічы? Адказ просты: ідэі тых людзей, якія гараць змяніць Беларусь да лепшага. Сфера дзейнасці тут для іх не такая важная. “Наш боль палягае ў тым, што мы думаем, што па-за Беларуссю прыгожа, а ўнутры наша краіна гнілая. Але гэта няпраўда”, – кажа Юрый Кармановіч.
Лідар – гэта той чалавек, які асэнсавана ўздымае каштоўнасць людзей кожны дзень. Менавіта гэтая думка і аб’ядноўвае ўсе выступы спікераў, якія будуць на саміце: “У любога лідара ёсць спакуса маніпуляваць. Гэта прасцей, чым будаваць узаемаадносіны. Людзі гатовы ўздымаць каштоўнасць людзей, каб атрымаць вынік. Але трэба ўздымаць каштоўнасць, бо чалавек сам па сабе каштоўнасць”.
Глабальны лідарскі саміт як спроба зрабіць Беларусь лепш
Ірына Кармановіч, арганізатарка саміту кажа, што Глабальны лідарскі саміт не іх брэнд: “Мы з’яўляемся толькі прадстаўнікамі яго ў Беларусі”.
Чым кантэнт саміту адрозніваецца ад кантэнту іншых канферэнцый? Ірына кажа пра тое, што спікеры на саміце – гэта спікеры сусветнага ўзроўню: “У большасці з іх ёсць навуковыя і даследчыя цэнтры. І лідары дзеляцца не толькі прыгожымі бакамі сваёй працы, але і паразамі, і памылкамі, і рэчамі, якія не кожны лідар гатовы распавядаць публічна. На самім саміце ёсць магчымасць не толькі паслухаць, але і пазнаёміцца з людзьмі, абмеркаваць у групах”.
Саміт – гэта паглыбленне ў асаблівую атмасферу, у якой кожны можа пабачыць найлепшы шлях для далейшага асабістага росту і развіцця. Два дні генеральныя дырэктары кампаній, заснавальнікі міжнародных карпарацый, кіраўнікі буйных дабрачынных арганізацый і міжнародных місій і цэркваў, бізнес-кансультанты, прафесары і аўтары сусветных бестселераў будуць казаць пра тое, што такое сапраўдны поспех і рост, сапраўднае маральнае лідарства.
У Мінску, як і ва ўсім свеце, Глабальны лідарскі саміт праходзіць у фармаце трансляцыі відэа, запісаных летам таго ж года ў прыгарадзе Чыкага. Гэта дазваляе зрабіць выступы экспертаў сусветнага ўзроўню даступнымі шырокай аўдыторыі. Акрамя таго запрашаюцца спецыяльныя госці, якіх можна ўбачыць і пачуць “ужывую”, праводзяцца круглыя сталы і прэзентацыі.
У гэтым годзе асаблівым госцем саміта стане міжнародны эксперт па пытаннях лідарства, аўтар сістэмы Маральнага Лідарства і сузаснавальнік Інстытута маральнага лідарства ў Маскве, Шанхаі, Парыжы, Вашынгтоне, Брусэлі і іншых гарадах свету, аўтар серыі кніг пра маральнае лідарства – Аляксандр Дзіянін-Хавард.
Адным са значных мерапрыемстваў саміту стане прэзентацыя першай у СНД энцыклапедыі па лідарстве “Залаты век лідарства”. Прэзентацыя пройдзе ў фармаце панэльнай дыскусіі з аўтарам кнігі Юрыем Кармановічам.
Упершыню Глабальны лідарскі саміт прайшоў у ЗША ў 1995 годзе. Сёння ў мерапрыемстве ўдзельнічаюць больш за 400 тысяч лідараў у 135 краінах. Ён перакладаецца на 60 моў. З 2006 года ГЛС штогод праводзіцца ў Расіі і ва Украіне, з 2007 – у Казахстане, з 2009 – у Кыргызстане, а з 2013 – у Беларусі.