Ліст зняволенаму? Лёгка!

Не так даўно «Новы Час» арганізоўваў акцыю па адпраўцы паштовак палітвязням. Але, як высветлілася, мы маглі зрабіць гэта значна прасцей. І ўвогуле, зараз кожны можа, не ўстаючы з канапы, зліставацца са сваім знаёмым-зняволеным.

list_111.png


Вядома: у Беларусі людзей прысуджаюць да турэмных тэрмінаў за тое, што ў іншых краінах увогуле не лічыцца парушэннем, — узгадаць хаця б сумнавядомы «антынаркатычны» артыкул. Багата народу сядзіць па турмах з-за нашай нягеглай і залежнай судовай сістэмы. І наўрад ці ў каго не знойдзецца знаёмы, які б не «матаў тэрмін».

З’явіліся такія знаёмыя і ў камандзе віртуальнай краіны «Вейшнорыя». Але пісаць папяровыя лісты займала даволі багата часу. Потым ісці на пошту, набываць канверты, шукаць адрасы… І людзі вырашылі гэта аўтаматызаваць.

Так і з’явіўся сайт «письмо.бел».


Як гэта працуе

Любы чалавек, у якога знаёмы знаходзіцца ў месцах зняволення (дый увогуле любы чалавек) можа зарэгістравацца на гэтым сайце праз сацыяльныя сеткі. І яму застаецца толькі абраць кнопку «новы ліст», забіць туды прозвішча, імя, імя па бацьку вязня і нумар атраду. Нават калонію можна не набіраць ручкамі, а выбраць са спісу. Пасля гэтага з’яўляецца поле, дзе можна напісаць свой ліст. Поле разлічана на шэсць старонак машынапіснага тэксту, але стваральнікі кажуць, што гэтага нават забагата. Там жа, унізе, ёсць яшчэ адна форма, дзе можна дадаваць не толькі тэкст, але і нават прымацоўваць фотаздымкі.

Сайт таксама дае магчымасць адправіць вязню вясёлую матывацыйную паштоўку. У перспектыве, кажуць распрацоўшчыкі, можна будзе запампаваць і аўтарскую паштоўку, свой малюнак, але пакуль такой магчымасці няма. Дый невядома, ці патрэбная яна: бо любы малюнак можна адправіць і праз прымацоўванне фотаздымкаў.

list_11122.png


Карыстач можа выбраць два варыянта адпраўкі: з канвертам і без канверта. «З канвертам» — гэта азначае, што вязень у лісце атрымае яшчэ і канверт са зваротным адрасам таго чалавека, які яму пісаў — каб адказаць. Без канверта, адпаведна — не атрымае, але і каштуе гэта танней.

Пасля набору тэксту, прымацоўвання фотаздымкаў ды выбару паштовак і канвертаў, вы проста аплачваеце заказ і адпраўляеце яго — як у любой інтэрнэт-краме. На гэтым вашая праца скончана.


Чаму гэта платна?

«Дык гэта платна!», — давялося мне пачуць. Зразумела, платна. Стваральнікі сайту атрымліваюць вашае паведамленне і раздрукоўваюць вашыя лісты, фотаздымкі, паштоўкі — папера і фарба каштуе грошай. Яны набываюць канверты ў шапіках — не бесплатна, зразумела. Яны ўкладаюць ў гэтыя канверты вашыя лісты, ідуць (за вас) на пошту і адпраўляюць гэтыя лісты зняволеным. Адпаведна, калі замова «з канвертам» — трэба ўкласці ў ліст не проста канверт са зваротнай адрэсай, а канверт з маркай.

Лісты ў нас дастаўляе «Белпошта», і яе паслугі, зразумела, таксама трэба аплаціць. «Мы не ствараем новай паштовай фірмы, мы карыстаемся паслугамі «Белпошты». З-за гэтага ў нас узніклі нават анекдатычныя складанасці. Мы спрабавалі заключыць дамову з АРІП на аплату нашых паслугаў, хаця ўсе нашыя паслугі — гэта друк лістоў і ўкладанне іх у канверты. Перасылкай займаецца «Белпошта». Але ў АРІП ад нас запатрабавалі ліцэнзію на ажыццяўленне паштовай сувязі. На што ліцэнзія? На ўкладанне ў канверты?», — кажа адзін з ініцыятараў сэрвісу Алесь Мазур.

Давялося нават звярнуцца ў пару міністэрстваў, каб яны патлумачылі АРІПу, на што патрэбная ліцэнзія, а на што не. Адказу ад міністэрстваў пакуль чакаюць, таму сістэма аплаты праз АРІП, магчыма, з’явіцца таксама, але трэба пачакаць. Пакуль жа паслугі можна аплаціць банкаўскімі картамі, у тым ліку і БЕЛКАРТ.

Глядзіце таксама: Падпішы паштоўку палітвязню! Акцыя ад «Новага Часу»


Плюс сістэмы

У гэтым сэрвісе ёсць тры значных плюса. Па-першае, адрэсы ўсіх асобаў, каму вы напішаце хаця б адзін раз, застануцца ў базе дадзеных (пакуль вы іх не выдаліце). І вам не трэба будзе кожны раз шукаць індэкс калоніі, нумар атраду, і гэтак далей. Абралі адрасата. І наперад!

Па-другое, «письмо.бел» — сэрвіс, «сяброўскі» да мабільнікаў. То бок, пісаць у ім можна не толькі з кампутара, але і са смартфона. І гэта вельмі зручна ў пытанні далучэнняў фотаздымкаў: зрабілі сэлфі ў час свята ці карпаратыву — і адразу ж адправілі яго ў калонію сябру з подпісам: «Мы не забыліся пра цябе!» І не трэба зліваць здымкі на флэшку, ісці ў фотасалон, шукаць канверты і гэтак далей. Усё зробяць спецыяльна навучаныя людзі.

Ці шкада за гэта аддаць 4 рублі? Па-мойму, з улікам выдаткаў стваральнікаў «письма.бел» — гэта нават вельмі сціплы кошт. Асабліва калі ўлічыць, што для вязня кожны такі ліст — бясцэнны.

І па-трэцяе. Вы можаце наладзіць свой профіль на сайце так, каб вашыя сябры ў сацыяльных сетках ведалі і бачылі, што вы адправілі ліст у турму, і каму з вязняў вы гэта зрабілі. Мажліва, нехта з гэтых сяброў лясне сябе па ілбе і заенчыць: «Блін! Я яму таксама даўно не пісаў!» Так што «письмо.бел» — не проста сэрвіс для адпраўкі лістоў. Гэта яшчэ і сацыяльны праект, скіраваны на захоўванне вязнямі (дый іх сябрамі на волі, чаго грахі хаваць), сваіх сацыяльных сувязяў і сяброўскіх стасункаў.

opera_snimok_2018_12_24_111714_xn__h1aigbl0e.xn__90ais.png


Асаблівасці

Варта адзначыць, што стваральнікі сайта з’яўляюцца толькі «перадатачным ланцужком» і не нясуць адказнасці за нашую пенітэнцыярную сістэму і Дэпартамент выканання пакаранняў. То бок, яны не вінаватыя, калі ліст не прайшоў цэнзуру, альбо вязня перавялі ў іншае месца, альбо ў выніку амніставалі і выпусцілі з калоніі — і таму паштовае адпраўленне не было дастаўлена. Асабліва пры адпраўцы лістоў трэба ўлічваць наяўнасць цэнзуры: багата было выпадкаў, калі вязням (асабліва палітычным) пошту проста наўмысна не аддавалі…

Ці будзе гэты сайт карыстацца папулярнасцю? З улікам таго, што Беларусь займае адно з лідуючых месцаў па колькасці зняволеных не толькі ў Еўропе, але і ў свеце, напэўна, будзе. Больш за тое, пра сабе рэсурс пакуль шырока не абвяшчаў, аднак за першыя чатыры дні яго працы лісты адправілі блізу 50 чалавек.

Зараз галоўнае, каб у яго стваральнікаў хапіла высілкаў і моцы, справіцца з той колькасцю «заявак», якія на яго абрынуцца пасля шырокай вядомасці.

Так што: пішыце лісты зняволеным, і падтрымлівайце іх! Цяпер гэта вельмі проста!