Ліст грамадскасці па Курапатах Генпракуратура накіравала ў Мінкультуры
Прадстаўнікі грамадскасці ў лісце ад 11 лютага звярнулі ўвагу генеральнага пракурора Аляксандра Канюка на неабходнасць забяспечыць непарушнасць ахоўнай зоны Курапатаў.
У лісце ўзгадвалася, што хаця пастановай Міністэрства культуры ад 12 мая 2004 году зацверджана ахоўная зона Курапатаў, яе недатыкальнасць была парушана падчас будаўніцтва рэстаранна-забаўляльнага комплексу “Бульбаш-хол” з заходняга боку мемарыялу. Прычым, да гэтага часу не выканана аднагалоснае рашэнне нарады з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства культуры, Мінскага аблвыканкама, Генеральнай пракуратуры, заказчыка і іншых зацікаўленых структураў ад 27 снежня 2012 году аб вынасе чатырох домікаў “Бульбаш-холу”, незаконна ўзведзеных у ахоўнай зоне помніка.
Разам з тым, на полі каля ўсходняй мяжы Курапатаў рыхтуецца будаўніцтва Міжнароднага выставачнага цэнтру (МВЦ). Прычым частка гэтага поля з гістарычным шляхам (так званай “Дарогай смерці”), па якому вазілі людзей з Мінска ва ўрочышча на расстрэл, мае статус ахоўнай зоны Курапатаў. Грамадскасць лічыць недапушчальнымі любыя праектна-вышукальніцкія працы на тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў, паколькі такія працы прывядуць да знішчэння асяроддзя матэрыяльнай нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасці з яе ўсходняга боку, у тым ліку і “Дарогі смерці”.
У лісце Аляксандру Канюку прадстаўнікі грамадскасці прапанавалі:
1. Даследаваць дакументацыю на будаўніцтва МВЦ, асабліва праектныя заданні;
2. Прыняць меры па недапушчэнню планавання аб’ектаў МВЦ у ахоўнай зоне Курапатаў, межы якой зацверджаны пастановай Мінкультуры ад 12 мая 2004 году;
3. Падрыхтаваць адпаведнае прадпісанне праекціроўшчыкам і суб’ектам гаспадарання наконт неабходнасці выканання заканадаўства аб непарушнасці межаў ахоўнай зоны Курапатаў.
4. Праверыць, у якой ступені выканана аднагалоснае рашэнне нарады з удзелам прадстаўніка Генпракуратуры ад 27 снежня 2012 году аб вынасе чатырох домікаў “Бульбаш-холу”.
5. Прыняць меры па зносу гэтых домікаў.
У сваім адказе ад 25 лютага прадстаўнік Генпракуратуры паведаміў, што “калектыўны зварот грамадзян пра парушэнні заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны падчас будаўніцтва аб’екту прыдарожнага сервісу ў непасрэднай блізкасці ад межаў месцаў пахавання ахвяраў палітычных рэпрэсій “Курапаты” і па іншых пытаннях” накіраваны для разгляду ў Міністэрства культуры. Прычым аб рашэнні Мінкультуры Генпракуратура просіць праінфармаваць яе і паведаміць заяўнікам.