Лятучы універсітэт і Фонд Генрыха Бёля запрашаюць

21 лістапада, 18.30, галерэя “Ў” публічная лекцыя Уладзіміра Нікіціна «Мысліць пасродкам часу» цыклу "Urbi et Orbi".



nikitin3_512.jpg

На працягу жыцця нашага пакалення  кардынальна змяняюцца формы жыцця і арганізацыі грамадства. Змяніліся хуткасць і складанасць пераўтварэнняў. Мы са свету стабільна дынамічнага пераходзім у свет хуткі , звышдынамічны і нестабільны — і гэта іншы свет з іншым мысленнем і формамі жыцця.

У ранейшыя часы зместам  адукацыі былі розныя праявы ідэі законазгоднасці свету, і гэтым задавалася пэўнасць будучыні і месца адукаванага чалавека ў соцыуме. Адукацыя змянялася ад пакалення да пакалення, але ў рамках агульнай сістэмы назапашвання і пераўтварэння ведаў. Пошук і вытворчасць ведаў былі прэстыжнай і цікавай справай, прафесіяналамі лічыліся тыя, хто ведаў, што і як, меў карціну цэлага праз гісторыю, тэорыю і камунікацыю ў прафесійным цэху. Узровень і якасць праектаў і іх рэалізацый вызначалі прафесійныя супольнасці. Сёння ж усё змяняецца: ідзе падзенне прэстыжу і настаўнікаў, і ведаў. У большасці людзей знікаюць уменні чытаць і разумець складаныя тэксты. Соцыум становіцца іншым. Мы жылі ў грамадстве ведаў, а не пераходзім у яго. Міф ведаў замяняецца міфам інфармацыі.

У сітуацыі пералому няма тых, хто ведае, як і куды рухацца, няма настаўнікаў — ёсць досвед пражывання ў новых умовах і яго рэфлексія, абмен досведам, праектаванне іншага і спробы рэалізацыі гэтых праектаў, даследаванне новых пытанняў, і ўсім гэтым толькі і варта займацца. Але для гэтага патрэбна, каб у грамадстве былі тыя, хто мысліць, хто ўтрымлівае цэлае, хто забяспечвае змены... Гэта прымушае маляваць іншыя схемы ўладкавання грамадства — не з пункту гледжання эканомікі ці палітычнага ладу, а з пазіцый арганізацыі працэсу мыслення. Абмеркаванню такой схемы  будзе прысвечаная бліжэйшая публічная лекцыя цыклу «Urbi et Orbi». Перад беларускай аўдыторыяй выступіць метадолаг, культуролаг Уладзімір Афрыканавіч Нікіцін (Украіна).

Уладзімір Нікіцін, лекцыя «Мысліць пасродкам часу», 21 лістапада, 18.30, галерэя "Ў" (пр -т Незалежнасці , 37а). Уваход вольны.

Напярэдадні з лектарам пагутарыў адзін з заснавальнікаў Лятучага ўніверсітэта  метадолаг Уладзімір Мацкевіч

Online -трансляцыя лекцыі

Лекцыя праходзіць напярэдадні канферэнцыі "Беларусізацыя : ці можна завяршыць працэс інстытуцыянальнага будаўніцтва незалежнай дзяржавы?", На якую Уладзімір Нікіцін запрошаны ў якасці дакладчыка.

Даведка:

У 2000-я гады Уладзімір Нікіцін быў намеснікам дырэктара і дырэктарам Міжнароднага цэнтра публічнай палітыкі. Прасоўваў у краінах СНД заходнюю тэхналогію прыняцця рашэнняў, ствараў аналітычныя цэнтры. У 2008 годзе сышоў з цэнтра, усвядоміўшы бесперспектыўнасць і ўсё большае разыходжанне са сваімі ўяўленнямі. Распрацоўваў прапановы па новым горадзе і праектаваў вышэйшую школу архітэктуры. Рабіў праект краіны для Кыргызстана: ад дзіцячых садкоў для эліты да геапалітыкі. Быў мадэратарам «Курсаў падрыхтоўкі вышэйшага кіруючага рэзерву» для Расеі , стварыў з Ю.Чудноўскім праект Foundation for Future , які паспяхова развіваецца. У цяперашні час — старшыня праўлення Міжнароднага інстытута даследавання будучыні. Пачаў разгортванне адукацыйнага праекта «Персоналитет». Працуе ў групах па новым касмізме і гуманітарнай палітыцы. Заснавальнік Кіеўскага дыскусійнага клубу дылетантаў (10 гадоў існавання, больш за 200 пасяджэнняў), Прэзідэнт Украінскага педагагічнага клуба.