Лявон Вольскі: Мы папартызанім, а потым выйдзем на плошчу Каліноўскага (фота)

Лявон Вольскі і "Крамбамбуля" знялі ў Мінску прома-ролік да новага і апошняга альбома калектыву "Чырвоны штраль". 



voljski_3209.jpg

Падчас здымак музыка падзяліўся з Еўрарадыё прычынамі свайго "сыходу ў лясы" і роспуску "Крамбамбулі", распавёў пра інтэнсіўныя курсы нямецкай мовы і магчымасць эміграцыі, а таксама прызнаўся, з кім змагаецца ў новым альбоме.

"Чырвоны штраль" ― альбом партызанскіх песень, ― пачынае расповед пра новую пласцінку Лявон Вольскі. ― У ім распавядаецца пра 1920-30-ыя гады, ёсць і пра будучыню Беларусі. Гэта шэраг песень антысавецкай скіраванасці. Змаганне там ідзе менавіта не са знешнім, а з унутраным ворагам. Хаця яны ж звонку прыйшлі, а потым прараслі ў нас і дагэтуль знаходзяцца тут”.

Вольскі кажа, што, як заўжды, у аранжыроўцы песень удзельнічалі ўсе музыкі “Крамбамбулі”, прычым, Павел Аракелян, Алесь-Францішак Мышкевіч іАндрэй Якубчык зарэкамендавалі сябе яшчэ і паўнавартаснымі вакалістамі на кружэлцы. Запіс потым "пачысціў" ужо вядомы нарвежац Снорэ, які працаваў над сольным альбомам Вольскага "Грамадазнаўства" і першым дыскам Trubetskoy. Майстарынгам займаліся спецыялісты ў Лондане.

dsc3248.jpg?itok=Fv9Cd4eK

Пасля прэзентацыі "Чырвонага штраля", што адбудзецца ў Вільні 7 лістапада,Вольскі распускае "Крамбамбулю" і "сыходзіць у лясы партызаніць". Але не выключае, што аднойчы праект можа з'явіцца на плошчы... Каліноўскага.

"Безумоўна, можна асэнсаваць так, што мы рабілі народныя хіты, каб прыцягнуць народ, нават просты, звычайны народ, які глядзіць тэлевізар, праз розных "Гасцей" і "Турыстаў" да таго, што можна па-беларуску спяваць альтэрнатыўныя і пры гэтым эстрадныя хіты. З задачай справіліся, безумоўна, таму што паспелі да забаронаў усё зрабіць. А пасля забароны не мела сэнсу гэтым займацца, таму што тут няма поля для гульні. Ну, прыйдуць іншыя часы, будзе іншая размова. Мы не гаворым, што раз і ўсё, што да пабачэння, мы расстаемся назаўсёды. Мы партызанім, а потым можам выйсці на Плошчу Каліноўскага".

Лявон прызнаецца, што закрываць праект страшна, хоць робіць ён гэта не ўпершыню:

"Мрою" не зачыніць было немагчыма. Бо даводзілася гадамі валачы за сабою незразумелы груз, які не быў той "Мрояю", якую мы калісьці прыдумалі ідэалагічна... Ходзіш на рэпетыцыі, як на завод... А навошта гэта? І народу не трэба, і табе не трэба... Завядзёнка такая... Zet... У гэтым праекце я сказаў усё, што мог... А "Крамбамбуля" цяпер у такіх стасунках з дзяржавай, пры якіх працягваць нашу дзейнасць, апроч партызанскай, у рэчышчы, умоўна кажучы, поп-культуры, немагчыма. Пераносіць гэта за мяжу ― была не тая задача. Проста так зарабляць грошы за мяжой ― усё роўна будзе падмена ўяўленняў". 

dsc3241.jpg?itok=Ng0XJXzN

У жніўні і першай палове верасня Лявон Вольскі разам з жонкай жыў у Берліне, дзе яны наведвалі інтэнсіўныя курсы нямецкай мовы. Потым музыка праехаўся па Брытаніі. На пытанне, ці не надумаў ён перабрацца жыць у іншую краіну, Лявон адказвае неадназначным пытаннем.

"Хто што можа ведаць?! ― паціскае плячыма музыка. ― У нас досыць непрадказальная тэрыторыя. Сёння адно, заўтра ― іншае. А раптам анексія, хто тут будзе заставацца тады? Гэта ж невытрымаць будзе! Хаця, будзе шкада. Тады давядзецца партызаніць з іншай тэрыторыі, як Вітушка (смяецца). А тут пакінуць нейкія сутарэнні ды падземныя сховы".

dsc3234.jpg?itok=30PL44uJ

У Вільні, абяцае Вольскі, усіх чакае маштабнае шоу. У першай палове канцэрта прагучыць новы альбом, а ў другой пачнецца ўласцівая "Крамбабулі" адтапырка ― "свята, што заўжды з табой". Ці выйдуць на віленскую сцэну Аляксандр Кулінковіч і Сяргей Міхалок, пакуль не вядома. Хаця, цяпер цяжка ўявіць Міхалка, які спявае: "А яшчэ карысна нам самагонкі па сто грам" — хутчэй, лідару Brutto бліжэйшыя радкі з іншай песні "Крамбабулі": "Еслі хто-та ўдруг пра вас гаварыт плахое, мы дадзім яму адпор, нанясём пабоі".

Канцэрт адбудзецца ў чатырохтысячнай віленскай зале Compensa 7 лістапада. Беларусам, якія набудуць квіткі, арганізатары абяцаюць бясплатныя візы.

euroradio.fm